Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Арыентацыя Малдовы на Эўропу — гэта ня драма, — Лукашэнка


Сьцягі Малдовы і ЭЗ

Сьцягі Малдовы і ЭЗ

Пра гэта кіраўнік дзяржавы заявіў у Менску на сустрэчы з прэзыдэнтам Малдовы Нікалае Цімофці.

«Мы не драматызуем сытуацыю з арыентацыяй Малдовы на Эўразьвяз, з тым дакумэнтам, які вы падпісалі з Эўрапейскім Зьвязам аб асацыяцыі, — цытуе Лукашэнку БЕЛТА. — Мы гэта ўспрымаем як дадзенасьць».

На яго думку, заўсёды варта шукаць варыянты, каб выкарыстоўваць гэтую сытуацыю дзеля карысьці дзьвюх краін.

«Мы вам удзячныя, нягледзячы на тое што, можа, дзесьці ў якасьці падтрымкі сваіх саюзьнікаў, у якасьці нейкіх абяцаньняў вы і павінны былі падтрымліваць Эўразьвяз, ЗША, пры гэтым ніколі такога не было, каб гэта было супраць Беларусі. Мы гэта вельмі цэнім», — сказаў Лукашэнка.

У палітыцы, дыпляматыі ў Беларусі і Малдовы няма ніякіх праблемаў, падкрэсьліў ён.

Лукашэнка заявіў, што беларускі бок не палітызуе факт падпісаньня Малдовай пагадненьня аб асацыяцыі з Эўрапейскім Зьвязам:

«Мы паважаем абраны вамі курс разьвіцьця і ўспрымаем яго як дадзенасьць. Мы прытрымліваемся прагматычнай пазыцыі ў гэтым пытаньні. Разам з тым лічу, што нам неабходна дакладна ўяўляць, якім будзе наша супрацоўніцтва ў новых рэаліях, бо і ў Малдовы, і ў Беларусі ёсьць абавязаньні перад партнэрамі па інтэграцыйных аб’яднаньнях».

Ён адзначыў, што пры вывераным і ўзважаным падыходзе можна ня толькі мінімізаваць рызыкі для двухбаковага гандлю, але і выкарыстоўваць перавагі ад рознаскіраванай інтэграцыі, стаць своеасаблівым мостам паміж дзьвюма інтэграцыйнымі структурамі.

Лукашэнка падкрэсьліў, што ў Беларусі з Малдовай няма нявырашаных пытаньняў і закрытых для абмеркаваньня тэмаў.

«Я абсалютна перакананы, што, падыходзячы прагматычна, па меры нарастаньня нейкіх пытаньняў, мы можам спакойна дамаўляцца па іх і здымаць любыя праблемы».

Паводле Лукашэнкі, актыўны палітычны дыялёг, пабудаваны на прынцыпах раўнапраўя, спрыяе далейшаму паглыбленьню беларуска-малдаўскага супрацоўніцтва. Кіраўнік Беларусі адзначыў, што краіны канструктыўна ўзаемадзейнічаюць на міжнароднай арэне.

«Беларусь заўсёды ставілася з разуменьнем да адчувальных для Малдовы пытаньняў. Разьлічваем, што малдаўскі бок будзе працягваць прытрымлівацца аналягічных партнэрскіх падыходаў, як гэта было да гэтага часу», — сказаў беларускі лідэр.

Прэзыдэнт Малдовы Нікалае Цімофці сказаў, што апошнім часам двухбаковы дыялёг і прамыя кантакты на вышэйшым узроўні «становяцца больш інтэнсіўнымі і зьмястоўнымі».

«Карані ўзаемапавагі, якія закладзены паміж нашымі краінамі, імкненьне быць сумленнымі ў адносінах дадуць добрыя вынікі. Тое, што мы будзем рабіць у далейшым, будзе на карысьць нашых народаў. Мы ня робім адзін супраць аднаго нешта, наадварот, мы спрыяем паляпшэньню нашых адносін. Мы павінны заўсёды бачыць толькі добрае і за гэта змагацца», — цытуе БЕЛТА Цімофці.

Цімофці таксама адзначыў, што Беларусь і Малдова выступаюць за ўрэгуляваньне праблемаў бясьпекі на аснове нормаў міжнароднага права:

«Мы пацьвердзілі прыхільнасьць прынцыпам захаваньня сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці нашых дзяржаў. Мы выступаем за ўрэгуляваньне праблемаў бясьпекі на аснове агульнапрызнаных прынцыпаў і нормаў міжнароднага права».

XS
SM
MD
LG