Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Клінаў: “Партызан - мэнтальнае цела кожнага беларуса"


Госьць “Начной Свабоды” – мастак Артур Клінаў.


Караткевіч: Артур Клінаў нарадзіўся ў 1965 годзе ў Менску, скончыў Архітэктурны факультэт Беларускага палітэхнічнага інстытуту. Артур, калі вы пачалі маляваць?

Клінаў: Ведаеце, у кніжцы я таксама пра гэта пішу. Там ёсьць такая сэнтэнцыя – “у дзяцінстве я не хацеў быць касманаўтам, а хацеў стаць масаком”. Гэта праўда. Я на самой справе хацеў стаць мастаком з самага раньняга дзяцінства, адзінае што я хацеў стаць ня проста мастаком, а мастаком-авангардыстам, мне чамусьці падабалася гэтае слова – авангардыст. Ну і натуральна, маляваць я пачаў вельмі рана, але сваім першым сур'ёзным творам я лічу карціну “Сьмерць піянера”. Яна ў свой час была дастаткова вядомая ў краіне – гэта такая жанравая сцэна, як адзін піянер другога на школьным дворыку пачыкаў ножычкам.

Караткевіч: А што для вас авангардызм?

Клінаў: Тады, у дзяцінстве я яшчэ гэтага не ўсьведамляў, гэта была проста прыгожая фармулёўка, а цяпер гэта вызначаецца ва ўсім сьвеце такім паняцьцем, як contemporary art. Гэта тое мастацтва, якое вядзе экспэрымэнт, вядзе пошук, ідзе наперадзе культурніцкага пошуку ў стварэньні новага інтэлектуальнага прадукту.

Караткевіч: А які лёс карціны “Сьмерць піянера”?

Клінаў: На жаль, яна не ў мяне. Яна зь нейкай выставы проста не вярнулася – я ўжо нават ня памятаю, зь якой менавіта. Проста яна зьнікла.

Караткевіч: Кожны дзень у нашай “Начной чытанцы” гучаць урыўкі з вашага раману “Малая падарожная кніжка па Горадзе СОНца”. Патлумачце нашым слухачам: горад, сонца, сон – што вызначальнае ў назове гэтай кнігі?

Клінаў: Ведаеце, паводле статыстыкі, Менск – адзін з самых нясонечных гарадоў Эўропы. Я памятаю, што самы сонечны горад Эўропы – гэта, здаецца, Марсэль. У Менску сонечных дзён выпадае – я ўжо ня памятаю лічбу – ну, вельмі мала на год. Таму, натуральна, тут ня маецца на ўвазе фізычнае сонца. Тут хутчэй сонца інтэлігібэльнае, інтэлектуальнае. Натуральна, вызначальным у гэтым зьяўляецца ўсё ж такі сон. Бо ў прынцыпе Горад СОНца – гэта помнік утопіі. А ўтопія мае шанец мае шанец увасобіцца ў адзіным выпадку – у галовах людзей, калі яна пагрузіць іх у такі салодкі сон, у мрою, якую яны прымуць за рэальнасьць.

Караткевіч: Мы расказвалі ў “Начной Свабодзе” аб прэзэнтацыі вашай кнігі ў Менску, і вось цытата з кнігі: “Горад Шчасьця памёр, але засталася цудоўная і ні да чога не падобная эстэтычная канструкцыя – Сонечны Горад Мрояў”. Мы правялі апытаньне ў Менску і пыталіся ў яго жыхароў – што для іх Горад Мрояў...



Клінаў: Я хацеў бы пачаць з таго, што значыць для мяне Горад СОНца. У прынцыпе кожны чалавек мае свой Горад СОНца – гэта яго дзяцінства, гэта салодкія ўспаміны яго дзяцінства. Што да выказваньняў, якія прагучалі ў апытаньні – ясна, што Горад Мрояў, Горад СОНца – гэта тое, чаго не хапае: камусьці грошай, камусьці чагосьці яшчэ. А вось я асабіста мрою вярнуцца ў той час, калі ўсе людзі майго жыцьця яшчэ былі жывыя.

Караткевіч: Усе гэтыя цяперашнія перабудовы ў цэнтры Менску, перасяленьне з вуліцы Карла Маркса – нейкім чынам яны зьменяць вашае ўспрыманьне Менску?

Клінаў: Безумоўна, гэта тое, чаго я даўно чакаў і баяўся – што калі-небудзь у Горад СОНца прыйдзе дзікі капітал. Адчуваецца, што гэты час надыйшоў. Я баюся, што гадоў праз 10-15 вобраз Гораду СОНца будзе абсалютна адрозны ад сёньняшняга або таго, якім мы яго памятаем 10-20 гадоў таму. Але прынамсі мой маленькі ўнёсак у тым, што я пасьпеў яго адзьняць у той апошні момант, калі ён яшчэ меў тую атмасфэру, і ўвасобіць гэта ў візуальнай паэме-фотаальбоме “Горад СОНца” і вэрбалізаваць гэты горад у сваёй кніжцы.

Караткевіч: Творы Артура Клінава экспанаваліся ў Францыі, Галяндыі, Швайцарыі, Нямеччыне, Ангельшчыне, Літве, Вугоршчыне, Расеі, Польшчы, Злучаных Штатах Амэрыкі. У Нямеччыне выйшла ў перакладзе на нямецкую мову кніга. Што з вашай канцэпцыі было найменш зразумета ў замежных краінах, а што найбольш?

Клінаў: Зразумета было ўсё, бо ніякіх непаразуменьняў з эўрапейскай аўдыторыяй я пакуль не сустракаў. Можа быць якраз тут, у Беларусі, будзе менш паразуменьня, чым там, бо для замежнікаў гэта проста прыгожая легенда, прыгожы міт. У іх не баляць гэтыя раны савецкай мінуўшчыны. У Беларусі складаней. Горад СОНца – тая спадчына, якая нам засталася ад утопіі. Натуральна, яна ня мае нічога агульнага з сармацкай культурай ці з рыцарамі Вялікага Княства Літоўскага. І ў гэтым – балючы пункт успрыманьня канцэпцыі Горада СОНца. Але мне асабіста вельмі б хацелася, каб Горад СОНца асацыяваўся ня толькі з савецкай мінуўшчынай, але і ўспрымаўся як шыкоўны помнік людзкім мроям, спробам стварыць ідэальнае грамадзтва, якое, на жаль, ніколі і нідзе ня будзе ўвасоблена.

Караткевіч: Артур, вы яшчэ выдаяце часопіс “pARTisan”. Калі б сытуацыя ў Беларусі зьмянілася – пачала б адраджацца дэмакратыя, аднавілася нацыянальнае адраджэньне – вы б зьмянілі назоў часопіса?

Клінаў: Ні ў якім выпадку. Партызан – гэта шматгадовая традыцыя гэтай зямлі, яна ніяк не залежыць ад сёньняшняй палітычнай сытуацыі. Бо “партызан”, як я калісьці вызначыў – гэта мэнтальнае цела кожнага беларуса, бо ў кожным беларусе ён сядзіць – на 5, на 10, на 100 адсоткаў. Гэта проста традыцыя гэтай зямлі.

Караткевіч: Хто для вас важныя і вызначальныя палітыкі ў гісторыі Беларусі – у мінуўшчыне і цяпер?

Клінаў: У мінулай гісторыі для мяне важным палітыкам безумоўна зьяўляецца Кастусь Каліноўскі. Для мяне гэта – квінтэсэнцыя беларускага партызана, клясычнае яго ўвасабленьне. У сёньняшняй палітыцы ня ўсё так проста... У сёньняшняй беларускай сытуацыі мне хацелася б назваць вельмі важным палітычным праектам праект “Культура”. Бо пакуль беларусы не ўсьвядомяць сябе як нацыя, пакуль яны ня знойдуць сябе – ніводзін дэмакратычны палітычны праект ня будзе рэальны. А дапамагчы гэта зрабіць можа толькі культура – ніякая палітычная партыя гэтага зрабіць ня зможа.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG