Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Улады хочуць „пераседзець“ мясцовыя выбары»: апазыцыя нагадае пра абяцаньне палепшыць выбарчае заканадаўства


Анатоль Лябедзька, архіўнае фота
Анатоль Лябедзька, архіўнае фота

Дэмакратычныя сілы Беларусі — АГП, БХД, «Справядлівы сьвет», «Зялёныя», рух «За свабоду», Партыя свабоды і прагрэсу і жаночая партыя «Надзея» — абмеркавалі 20 сакавіка праблему зьменаў выбарчага заканадаўства і маўчаньне ўладаў наконт агучаных прапановаў.

Пасьля кампаніі выбараў, якія адбыліся ўвосень мінулага году, міжнародныя назіральнікі зрабілі крытычныя заключэньні. Беларускія ўлады адказалі абяцаньнем паляпшаць выбарчае заканадаўства, але зрухаў не назіраецца:

«Але мы бачым: нягледзячы на тое, што была перафарматаваная міжведамасная група, што разглядаліся папраўкі, што яны былі перададзеныя ў адміністрацыю Лукашэнкі, што свае прапановы перадалі дэмакратычныя сілы і дэпутатка Ганна Канапацкая, пытаньня аб зьмене выбарчага заканадаўства няма ў парадку дня сэсіі Палаты прадстаўнікоў, — кажа Свабодзе старшыня Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. — Гэта азначае толькі адно: улада ня мае палітычнай волі вяртаць людзям права выбару. Ёсьць высокая верагоднасьць, што мясцовая выбарчая кампанія зноў пройдзе па лякалах папярэдніх кампаніяў».

Сёньня правялі нараду, дзе прызначылі плян дзеяньняў: дэпутатка Ганна Канапацкая паспрабуе паставіць пытаньне ў парадак дня Палаты прадстаўнікоў, а дэмакратычныя сілы правядуць у траўні круглы стол або канфэрэнцыю, дзе маглі б узяць удзел і прадстаўнікі дзяржаўных структураў, і прыхільнікі зьменаў заканадаўства, і міжнародныя экспэрты, і прадстаўнікі БДІПЧ АБСЭ, і дэпутаты парлямэнтаў суседніх краінаў.

АГП ужо атрымала заключэньне Міжнароднага інстытуту дэмакратыі і судзеяньня выбарам па ключавых прапановах, якія Канапацкая перадавала ў міжведамасную групу і ў адміністрацыю Лукашэнкі.

«Там тры галоўныя пункты, — кажа Лябедзька. — Мы сканцэнтравалі ўвагу не на ўсіх дапаўненьнях і зьменах, бо іх каля 60, у тым ліку прапановы БДІПЧ АБСЭ. Мы сфакусаваліся на фармаваньні выбарчых камісій, рэглямэнтацыі датэрміновага галасаваньня і падліку галасоў. На гэтыя пункты мы і атрымалі заключэньне Міжнароднага інстытуту дэмакратыі і судзеяньня выбарам, іх рэцэнзію і самі зьмены мы б хацелі абмеркаваць на круглым стале.

Вельмі важна ўжо цяпер гэтае пытаньне ўздымаць, бо такое ўражаньне, што ўлады яго хочуць проста „пераседзець“: выбарчае заканадаўства можна мяняць толькі за 6 месяцаў да пачатку выбарчай кампаніі, маленькі шанец яшчэ застаецца».

Мясцовыя выбары пройдуць паводле новага заканадаўства, але якім яно будзе, ніхто пакуль ня ведае

Тым часам старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына агучвала зусім іншыя прапановы па зьменах выбарчага заканадаўства. Прапанову скараціць тэрміны датэрміновага галасаваньня ЦВК адхіліў.

Выбары дэпутатаў мясцовых саветаў пройдуць не пазьней за 20 лютага 2018 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG