Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марзалюк і Люнтаў няроўныя перад магілёўскім правасудзьдзем


Дзьмітры Люнтаў на разглядзе скаргі
Дзьмітры Люнтаў на разглядзе скаргі

Магілёўскі абласны суд не задаволіў касацыйнай скаргі сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» на вырак суду Ленінскага раёну. 16 сакавіка актывіст быў пакараны 15 суткамі адміністрацыйнага арышту за арганізацыю акцыі пратэсту супраць дэкрэту № 3.

Дзьмітры Люнтаў сваёй віны не прызнаў і настойваў, што затрыманьнем і абвінаваўчым прысудам было парушанае ягонае канстытуцыйнае права на свабоднае выказваньне думак і ўдзел у мірных сходах. Падпісаныя Беларусьсю міжнародныя пагадненьні гарантуюць яму такія правы.

Актывіст угледзеў у дзеяньнях міліцыянтаў, якія затрымлівалі найбольш актыўных удзельнікаў акцыі, дыскрымінацыйны падыход. Суду партыец паведаміў, што на мітынгу выступаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк, супраць якога ня быў ужыты адміністрацыйны перасьлед за парушэньне закону «Аб масавых мерапрыемствах».

Суду Люнтаў перадаў зварот праваабаронцы Аляксандра Хамратава да магілёўскай міліцыі, каб там патлумачылі, чаму да адміністрацыйнай адказнасьці не прыцягнуты дэпутат. Міліцыянты адпісаліся, што ў дзеяньнях Марзалюка адсутнічае склад правапарушэньня.

Люнтава затрымалі 15 сакавіка людзі ў цывільным па завяршэньні «Маршу недармаедаў». На разглядзе касацыйнай скаргі актывіст казаў, што зьняволеньне было гвалтоўным, без тлумачэньня прычынаў. Да суду ён прабыў у ізалятары для часова затрыманых. 16 сакавіка судзьдзя Ленінскага суду Літвінава пакарала яго 15 суткамі арышту.

Люнтаў пасьля 15 сутак арышту
Люнтаў пасьля 15 сутак арышту

Актывіст запатрабаваў ад абласнога суду адмяніць пастанову судзьдзі Літвіной і спыніць супраць яго адміністрацыйны працэс. Аднак судзьдзя Картавенка ня ўбачыла падстаў для адмены выраку і пакінула яго ў сіле. Камэнтуючы рашэньне, Дзьмітры Люнтаў адзначыў, што «арганізатарам» акцыі пратэсту стаў не па сваёй волі:

«Я не падаваў заявак на правядзеньне акцыі пратэсту, — адзначыў ён у інтэрвію Свабодзе. — Можна сказаць, што я арганізатарам стаў выпадкова: двое з тых, хто браўся арганізоўваць пратэст, былі на той момант пакараныя 15-суткавым арыштам, аднаго забралі міліцыянты, яшчэ адзін быў блякаваны дома».

Сам Люнтаў не настойвае на пакараньні дэпутата Марзалюка за ягоны ўдзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту, але лічыць, што грамадзяне перад законам павінны быць роўныя.

Арганізатары «Маршу недармаедаў» не зьвярталіся ў гарвыканкам па дазвол, а толькі паінфармавалі чыноўнікаў, што яна мае адбыцца 15 сакавіка. Ліст падпісалі кіраўнік абласной арганізацыі АГП Уладзімер Шанцаў, каардынатар аргкамітэту партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Алег Аксёнаў, першы намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Ігар Барысаў ды сябра руху «За свабоду» Аляксандар Сілкоў. Усе яны былі пазбаўленыя магчымасьці зьявіцца на месцы правядзеньня пратэсту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG