Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэлігійнасьць беларусаў: вера ці рытуал


Наколькі рэлігійныя беларусы?

Удзельнічаюць: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: Адзначэньне Вялікадня дае нагоду паразважаць пра ступень рэлігійнасьці беларускага грамадзтва. Так атрымалася, што ў адзін дзень супалі праваслаўнае і каталіцкае сьвята, не было звыклай канфэсійнай падзеленасьці, і Вялікдзень адзначала разам большасьць жыхароў Беларусі.

Сацыяльныя сеткі былі поўныя фатаграфіяў велікодных яек і булак-пасак. На нейкі момант у фэйсбуку гэта стала галоўнай тэмай. Мала хто нават рызыкаваў жартаваць з гэтай нагоды, людзі-атэісты ці тыя, хто ня мае моцных рэлігійных пачуцьцяў, пераважна не раздражнялі сваіх рэлігійных сяброў і не ўступалі ў дыскусіі на гэтыя тэмы.

Але што нам кажа сацыялёгія? У нас ёсьць дадзеныя даволі даўнія. Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў падаваў, што пасьля пэртурбацыяў пачатку 90-х і нулявых апошняе дзесяцігодзьдзе лічбы кардынальна не мяняліся і заставаліся прыблізна на такім узроўні. Праваслаўнымі сябе лічаць 77-78% насельніцтва, каталікамі — 12-13%, лічбы на 2010 год.

Пратэстантамі каля 1%, прадстаўнікоў іншых веравызнаньняў — ісламу і юдэйства — долі адсотка. Нявернікамі сябе называюць каля 9%. Гэта для многіх гучыць даволі парадаксальна, паколькі не такую вялікую рэлігійнасьць беларусаў мы бачым у жыцьці. Але гэта якраз пацьвярджаюць адказы на іншае пытаньне — як часта вы наведваеце царкву?

Некалькі разоў на тыдзень — 3%, адзін раз — 7%, адзін раз на месяц — 13%, некалькі разоў на год — 46%, і ўвогуле не ходзяць — 29%. Такім чынам, 46% плюс 29% разам даюць 75%, тры чвэрці насельніцтва ходзяць у царкву альбо некалькі разоў на год альбо ніколі. І тыя самыя некалькі разоў на год — гэта відавочна рэлігійныя сьвяты: Вялікдзень, Раство, магчыма яшчэ адзін-два дні.

Ёсьць агульнае назіраньне, што каталікі, і гэта пацьвярджаецца статыстыкай, больш актыўна вызнаюць сваю веру, часьцей ходзяць у царкву. А большасьць людзей, якая і называе сябе праваслаўнымі, якраз ходзяць некалькі разоў ці ніколі.

У гэтым фэномэн беларускай рэлігійнасьці, якая з аднаго боку спакойная, незацятая, зь іншага боку — фармальная рэлігійнасьць стала пэўным кансэнсусам сярод большасьці беларусаў.

Большасьць беларусаў спавядаюць ціхую, памяркоўную рэлігійнасьць.

Маецца на ўвазе, што сярод большасьці прынята прызнаваць сябе хрысьціянінам. Чалавек, які заяўляе, што ён не зьяўляецца вернікам, знаходзіцца ў відавочнай меншасьці — у тых 10%. Як мы маем у сацыяльна-эканамічных сфэрах, так і тут: большасьць беларусаў спавядаюць ціхую, памяркоўную рэлігійнасьць. Але яна часам набывае традыцыйныя формы, звычаёвыя.

У гэтым сэнсе цікавы быў допіс на фэйсбуку Аляксандра Шрамко, праваслаўнага сьвятара, які служыць у Менску. Ён іранічна апісвае як цяжка 2 гадзіны адстаяць, служачы гэтаму «яйка-булкаваму монстру». Людзі прыходзілі асьвяціць велікодныя стравы. Таксама ён заўважыў, што людзі прыходзяць з дзецьмі і просяць сьвятара, каб папырскалі і на іх. Гэта адносна новая зьява. Можна іранізаваць, наколькі гэта сапраўды адпавядае веры ці забабонам. Ну вось, рэлігійнасьць беларусаў праяўляецца і ў такой форме.

Карбалевіч: Я б даволі асьцярожна ставіўся да гэтых сацыялягічных апытаньняў, таму што сярэдняму беларусу цяжка прызнацца, што да Бога, як і да ўлады, дарэчы, ён ставіцца абыякава ці яшчэ горш. Таму на ўсякі выпадак на пытаньне сацыёлягаў ён кажа, што веру. Ну а вось сапраўды паказьнікам веры зьяўляецца тое, як часта людзі наведваюць царкву. Дарэчы, у каталікаў і пратэстантаў гэтая лічба наведваньня значна большая, чым у праваслаўных.

Як казаў філёзаф Валянцін Акудовіч, беларусы — немістычная нацыя. На мой погляд, цудоўную формулу стаўленьня беларусаў да рэлігіі вывеў калісьці Аляксандар Лукашэнка, калі пра сябе шчыра сказаў — «я праваслаўны атэіст». І гэта ёсьць адлюстраваньнем сьветапогляду большасьці беларусаў. І дарэчы незалежныя сацыялягічныя дасьледаваньні паказваюць, што праваслаўная царква шмат гадоў зьяўляецца інстытутам, якому найбольш давяраюць людзі. Нават больш, чым прэзыдэнту ў яго лепшыя часы. То бок сакральнасьць царквы большая, чым сьвецкіх інстытутаў.

Я думаю, што значны ўплыў на такое самаўсьведамленьне беларусаў аказалі расейскія мэдыі. Зараз яны вядуць змаганьне з Захадам, і галоўны сэнс расейскіх мэсыджаў палягае ў тым, што вось на Захадзе разбураюцца традыцыйныя каштоўнасьці, г. зн. рэлігійныя каштоўнасьці, а ў Расеі яны захоўваюцца і менавіта Расея — іх апірышча.

У пэўным сэнсе гэта дзейнічае на беларускае грамадзтва, яно вельмі асьцярожна ставіцца да таго, што ў Эўропе значную долю грамадзтва ўжо складаюць людзі мусульманскага паходжаньня, што там парушаюцца традыцыйныя ўяўленьні пра сям’ю, то бок рэлігійнасьць зьяўляецца нейкім маркерам каштоўнасным.

Асаблівасьць усіх канфэсіяў у Беларусі палягае ў тым, што яны максымальна дыстанцуюцца ня толькі ад палітычных, але і ад грамадзкіх праблемаў, нават маральных пытаньняў.

Асаблівасьць усіх канфэсіяў у Беларусі палягае ў тым, што яны максымальна дыстанцуюцца ня толькі ад палітычных, але і ад грамадзкіх праблемаў, нават маральных пытаньняў. Яны практычна не выходзяць за межы сваіх карпаратыўных інтарэсаў, хіба што толькі па загадзе ўладаў — вось перад прэзыдэнцкімі выбарамі была праведзеная «Малітва за Беларусь».

Таму вельмі незвычайнымі зьяўляюцца заявы арцыбіскупа Кандрусевіча, кіраўніка каталіцкай царквы на Беларусі, што трэба нейкае пагадненьне, нейкі дыялёг, асабліва пасьля таго, што адбыліся 25 сакавіка. То бок умяшаньне царквы ў грамадзкае жыцьцё — гэта абсалютна новая зьява для Беларусі.

Ну можна казаць, што царква ў Беларусі — гэта частка беларускага грамадзтва, і яна вельмі падобная на яго.

Дракахруст: Я не зусім згодны з вамі, Валер. Так, формула Лукашэнкі «праваслаўны атэіст» — даволі трапная, пры ўсёй яе нязграбнасьці, але насамрэч яна гаворыць пра тое, што значная частка беларусаў, у тым ліку і іх кіраўнік — культурна праваслаўныя. Для іх уласна рэлігійны момант можа мае меншае значэньне, але праваслаўнае хрысьціянства як культура — вялікае. Людзі не адмаўляюцца ад гэтай сваёй тоеснасьці, і ўвогуле, рытуал — гэта не пустата. Гэта не нішто, гэта тое, што вызначае нас.

У Беларусі большасьць праваслаўная. Але каталіцкая меншасьць надта вялікая, каб яе проста ігнараваць.

І яшчэ адно важнае адрозьненьне беларусаў ад расейцаў. Так, узровень рэлігійнасьці невысокі як у Беларусі, так і ў Расеі, але ўсё ж такі роля царквы істотна іншая. У Беларусі большасьць праваслаўная. Але каталіцкая меншасьць надта вялікая, каб яе проста ігнараваць. У гэтым адрозьненьне ад Расеі, дзе тытульны этнас — рускія — практычна монаканфэсійны. Там таксама ёсьць вялікія рэлігійныя меншасьці, але гэта і этнічныя меншасьці.

А вось такога падзелу тытульнага этнасу на дзьве канфэсіі там няма. І гэтым тлумачыцца тое, што праваслаўе ў Беларусі ў значнай ступені менш, чым у Расеі, успрымаецца як частка дзяржаўнага міту. У Расеі — ўвараўская формула: «праваслаўе, самадзяржаўе, народнасьць». У Беларусі праваслаўе не ўваходзіць у крэда ўлады. Тое, што ў Беларусі ёсьць каталікі і іх шмат, робіць царкву значна больш аддзеленай ад дзяржавы і ў практычным, і ў ідэалягічным сэнсе.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG