Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра што сьведчыць арышт чарговага «алігарха» Віталя Арбузава?


Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Віталь Цыганкоў, Валер Карбалевіч

Цыганкоў: 13 красавіка Камітэт дзяржаўнага кантролю заявіў, што выявіў і спыніў маштабную супрацьпраўную дзейнасьць старшыні рады дырэктараў кампаніі Fenox Global Group Віталя Арбузава. Ён і шэраг іншых прадпрымальнікаў абвінавачаныя ў нявыплаце падаткаў у асабліва буйным памеры. Падазраванымі ў крымінальнай справе прызнаныя 18 чалавек. 12 зь іх ужо затрыманыя. «З мэтай кампэнсацыі шкоды, прычыненай дзяржаве, на маёмасьць падазраваных, уключаючы дарагія аб’екты нерухомасьці, катэджы, кватэры і аўтамабілі, накладзены арышт», — так гаворыцца ў паведамленьні прэсавай службы ведамства.

Гэта далёка ня першы выпадак арышту вядомых бізнэсоўцаў. Тут беларускае кіраўніцтва і сілавыя ведамствы даводзяць, што недатыкальных для іх няма. Дастаткова ўзгадаць Чыжа — які быў, як сам Аляксандар Лукашэнка заяўляў, побач з прэзыдэнтам і таксама пэўны час таму быў затрыманы, а потым вызвалены, але яго справа ня скончаная — а таксама іншыя прозьвішчы з розных сфэр, каб пераканацца, што сапраўды гэта так. Для іх няма абмежаваньня ні ў гучнасьці імя, ні ў памеры капіталу, ні ў сфэры дзейнасьці. Гэта сьведчыць пра тое, што сілавым структурам афіцыйная ўлада цяпер дала пэўную адмашку, што можна рабіць час ад часу такія справы. Бо на тле пагаршэньня эканамічнага крызісу, калі «алігархаў» бяруць у закладнікі, каб яны аддалі грошы, не заўсёды справа даходзіць да прысуду і турмы. Натуральна, што, на думку кіраўніцтва дзяржавы, усё гэта павінна падабацца простым людзям. Але выглядае, што ўсё-ткі вялікага захапленьня ў шырокіх слаёў насельніцтва гэта не выклікае. Людзі разумеюць, што іх узровень жыцьця ад гэтага не павялічваецца, таму гэтыя гучныя пасадкі ня маюць такога ідэалягічнага эфэкту, як раней, яшчэ ў 1990–2000-я гады.

Разам з тым такімі пасадкамі сілавыя ведамствы чарговы раз даказваюць сваю неабходнасьць і ўплывовасьць. Нельга іх скарачаць, нельга зьмяншаць ім фінансаваньне, бо вось нібыта яны працуюць, прыносяць карысьць дзяржаве. Мала таго, што ловяць злачынцаў, дык тыя яшчэ і час ад часу папаўняюць бюджэт.

Яшчэ адна важная рэч — гэта беларускае заканадаўства. Любы прадпрымальнік скажа, што ў Беларусі такое заканадаўства, што пазьбягаць парушэньняў яго амаль немагчыма. Законы і правілы часта супярэчаць адно аднаму, асабліва ў эканамічнай сфэры. Ёсьць дадзеныя, што ня менш за траціну ўсіх беларускіх зьняволеных зьвязаныя з эканамічнымі злачынствамі. Гэта нашмат больш, чым у любой іншай краіне.

Глод: Я працягну тое, пра што ўжо казаў Віталь Цыганкоў. Арышт «алігарха» Арбузава ня ёсьць нешта незвычайнае. Пасадкі прыкметных бізнэсоўцаў і кіраўнікоў высокага рангу ў Беларусі адбываюцца пэрыядычна.

Калі казаць пра дзяржаўныя структуры, то сыстэма кіраваньня імі ўскладненая рознымі загадамі. Нават не заўсёды законамі, а распараджэньнямі, якія выдаюць шматлікія кантрольныя органы. На прадпрыемствах не пасьпявае скончыцца адна праверка, як пачынаецца наступная.

І дырэктар прадпрыемства ў пастцы: налева пойдзеш — галаву страціш, направа — свабоду, нічога ня будзеш рабіць — абвесьцяць сабатажнікам, напішаш заяву аб звальненьні — абвінавацяць у тым, што дэманстратыўна выступаеш супраць рэжыму. Нездарма ж сам Лукашэнка нядаўна прызнаваўся — кандыдата на дырэктара знайсьці стала цяжка. Ня хочуць людзі ісьці на такія пасады.

На гэтым тыдні справа Арбузава стала ўжо другой па ліку. На пачатку тыдня затрымалі каля дзясятка чалавек са сталічнага гарвыканкаму, якія нібыта бралі хабар.

Але вернемся да бізнэсоўцаў. Які сэнс маюць гучныя арышты ў іхным асяродзьдзі? Бізнэсоўцы ўсё ж дбаюць аб працоўных месцах і інвэстыцыйнай прывабнасьці краіны. А гэта ў крызісныя часы асабліва неабходна. Думаю, што арыштам Арбузава і ягоных людзей улады паказваюць, што бізнэс павінен бясспрэчна ім падпарадкоўвацца. Падпарадкоўвацца ў любы час.

Дзяржава зноў паказала, «хто тут гаспадар», і ня важна, колькі ў цябе фінансавых сродкаў. Зь іншага боку, у непразрыстай сыстэме беларускага бізнэсу вельмі цяжка сказаць, што было сапраўднай прычынай арыштаў. Магчыма, гэта быў падзел сфэраў уплыву, ці гэта была помста, ці нежаданьне арыштаваных прадпрымальнікаў «дзяліцца» зь дзяржавай, ці звычайнае эканамічнае злачынства. Кожная з гэтых вэрсіяў можа быць праўдзівай.

І яшчэ адзін аспэкт гучных пасадак. Дэкрэт № 3 безумоўна папсаваў электаральны рэйтынг Лукашэнкі. І кіраўніку дзяржавы трэба яго хуценька выпраўляць. Вось хоць бы з дапамогай падобных арыштаў.

Карбалевіч: Цяжка ацэньваць юрыдычны бок справы. Бо мы чулі толькі афіцыйную вэрсію Камітэту дзяржкантролю (КДК). «Алігарха» абвінавачваюць ва ўхіленьні ад падаткаў. Але любая фірма імкнецца аптымізаваць падатковую базу. І пры вялікім жаданьні гэта можна трактаваць як злачынства. Варта зьвярнуць увагу, што раней буйных бізнэсоўцаў распрацоўваў КДБ. А вось цяпер гэтую справу вядзе КДК.

Але я хацеў бы зьвярнуць увагу на праблему з больш шырокага гледзішча. Вось нядаўна Лукашэнка, выступаючы ў Рэчыцы, заявіў, што рыхтуецца дэкрэт, які прадугледжвае рэвалюцыйныя зьмены ў дзяржаўнай палітыцы адносна бізнэсу. Паводле інфармацыі людзей зь бізнэс-структур, якія ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы гэтага дакумэнту, там сапраўды закладаюцца значныя зьмены, якія павінны аблегчыць дзейнасьць бізнэсу ў Беларусі.

Аднак вось такія рэзанансныя крымінальныя справы адносна буйных бізнэсоўцаў — Чыжа, Пракапені, Мураўёва і вось Арбузава — зводзяць на нішто такія заканадаўчыя палёгкі для бізнэсу. Бо калі ў краіне не гарантаваная недатыкальнасьць уласнасьці, ня дзейнічае закон, правасудзьдзе, адсутнічае незалежны суд, праваахоўныя органы могуць рабіць зь бізнэсоўцам што хочуць, — то ніякі дэкрэт сытуацыю ня выправіць.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG