Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці сапраўды сьвет стаіць на мяжы маштабнага ўзброенага канфлікту?


Наступствы ракетнага ўдару ЗША па авіябазе ў Сырыі
Наступствы ракетнага ўдару ЗША па авіябазе ў Сырыі

Да якіх ваенных і палітычных наступстваў могуць прывесьці авіяўдары ЗША па аэрадроме сырыйскіх урадавых войскаў? Ці можа актыўнае ўмяшаньне Вашынгтону ў сырыйскі канфлікт стварыць радыкальную зьмену сытуацыі? Ці сапраўды сьвет можа стаяць на парозе маштабнага ваеннага канфлікту? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць палітычныя аналітыкі Андрэй Фёдараў і Андрэй Ягораў. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: 7 красавіка ЗША ў адказ на ўжываньне хімічнай зброі рэжымам Башара Асада нанесьлі ўдар па авіябазе сырыйскіх дзяржаўных войскаў. У Крамлі ракетны ўдар ЗША назвалі агрэсіяй супраць сувэрэннай дзяржавы. Наколькі гэтыя дзеяньні ЗША мяняюць сытуацыю вакол Сырыі — бо доўгі час ЗША фактычна ня ўмешваліся ў сырыйскі канфлікт?

Ягораў: Удар па авіябазе пакуль моцна не ўплывае на далейшую хаду канфлікту. Цікава, што будуць далей рабіць ЗША — будзе вайсковая інтэрвэнцыя ці гэта адзіночны стрэл з мэтай іншымі сродкамі пачаць уплываць на канфлікт. Але відавочна, што адбылася пэўная радыкалізацыя канфлікту, бо дзьве сусьветныя дзяржавы зь ядзерным патэнцыялам вайсковымі сродкамі ўмяшаліся ў сырыйскі канфлікт, што ёсьць вельмі небясьпечным.

Андрэй Ягораў
Андрэй Ягораў

Цыганкоў: Калі гэта не мяняе радыкальна вайсковую сытуацыю — значыць, гэты авіяўдар ЗША мае найперш палітычныя мэты: паказаць, як будуць паводзіць сябе ЗША пры новым прэзыдэнце.

Ягораў: Я спадзяюся, што так. Палітычны сэнс, падмацаваньне пазыцыі ЗША — спадзяюся, што гэта ня будзе мець значнага вайсковага працягу. Вядома, гэта паказвае і новыя падыходы адміністрацыі Трампа, што Трамп будзе дзейнічаць значна больш рашуча за свайго папярэдніка Абаму, які казаў пра пераход «чырвонай лініі» Асадам (прымяненьне хімічнай зброі), але не рабіў ніякіх вайсковых захадаў.

Фёдараў: Я ня ведаю, як бы адрэагавала расейскае кіраўніцтва, калі б на разбомбленай базе знаходзіліся расейскія вайскоўцы. Здаецца, Крэмль вельмі высока ацэньвае свае ўзброеныя сілы, і магчыма, захацеў бы зрабіць нешта ў адказ — і гэта магло б пацягнуць самыя непажаданыя наступствы. ЗША заявілі, што папярэдзілі Расею, Масква гэта нібыта адмаўляе, сытуацыя пакуль не зразумелая.

Андрэй Фёдараў
Андрэй Фёдараў

Цяпер, сапраўды, галоўнае — як будзе далей паводзіць сабе Вашынгтон, ці працягне ваенныя дзеяньні, ці будзе чакаць рэакцыю Асада.

Цыганкоў: Магчыма, больш важнай зьяўляецца нават не рэакцыя Асада, а рэакцыя Масквы, якая ўжо заявіла, што прыпыняе дамову з ЗША ад прадухіленьні інцыдэнтаў і прыпыненьні палётаў у Сырыі. Гэтая дамова была накіраваная на тое, каб не было ваенных сутыкненьняў паміж амэрыканскімі і расейскімі вайскоўцамі.

Фёдараў: Так, і цяпер такія сутыкненьні (няхай нават не наўмысныя) становяцца больш імавернымі. Можна, аднак, узгадаць, што яшчэ падчас выбарчай кампаніі іншыя кандыдаты ў прэзыдэнты заяўлялі, што калі расейскія самалёты будуць удзельнічаць у бамбаваньні сырыйскай апазыцыі, то амэрыканцы павінны іх зьбіваць. Таму нічога прадказваць я б ня стаў, бо паводзіны Масквы яшчэ больш непрадказальныя, чым Вашынгтона.

Цыганкоў: Падчас вайны ў Карэі ў 1950-я там прымалі ўдзел расейскія і амэрыканскія лётчыкі, часам і зьбівалі адзін аднаго, але ўдавалася неяк адысьці ад сусьветнага крызісу. Але цяпер, відавочна, іншы сьвет, і любы інцыдэнт, нават выпадковы, можа прывесьці да больш цяжкіх наступстваў.

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Ягораў: У карэйскай вайне амэрыканскія і савецкія войскі маскіраваліся пад карэйскія бакі канфлікту. А ў Сырыі прысутнасьць Расеі і ЗША нікім не хаваецца. Я мяркую, што Расея нейкім чынам будзе адказваць на дзеяньні амэрыканцаў, і гэта можа выявіцца ва ўзмацненьні атакі на сырыйскую апазыцыю.

Цыганкоў: Але многія ў сьвеце якраз і патрабавалі ад ЗША нейкага ўмяшаньня ў гэты канфлікт. Бо ён працягваецца 6 гадоў і даўно зайшоў у пэўны тупік. Таму лічылася, што толькі ўмяшаньне ЗША можа неяк пахіснуць сытуацыю.

Ягораў: На жаль, ёсьць дзеяньні своечасовыя і несвоечасовыя. Бо за 6 гадоў сытуацыя значна зьмянілася. Калі б рашучыя дзеяньні ЗША былі на пачатку гэтага канфлікту, яшчэ да ўмяшаньня Расеі, да фармаваньня «Ісламскай дзяржавы» — тады Абама мусіў рашуча дзейнічаць.

А зараз гэтыя рашучыя дзеяньні прыводзяць зноў да патавай сытуацыі. Ці будуць расейцы зьбіваць самалёты кааліцыі? Ці будзе ЗША спрабаваць стварыць беспалётную зону, і адпаведна, зьбіваць расейскія і сырыйскія самалёты? Сухапутная апэрацыя мне таксама не падаецца магчымай.

Фёдараў: Мне здаецца, першы крок, які можа прывесьці да пачатку нейкага разьвязаньня канфлікту — гэта адыход Асада. Але нават гэта хутка не прывядзе да вырашэньня пытаньня. Аднак зараз мы стаім перад пытаньнем, ці гатовая Расея, абараняючы Асада і свае інтарэсы, паставіць сьвет на мяжу шырокамаштабнага ўзброенага канфлікту. І ў мяне няма поўнай упэўненасьці, што яны на гэта ня пойдуць.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG