Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арганізатара магілёўскага «Маршу недармаедаў» тры гадзіны надглядалі ў аэрапорце


Ігар Барысаў (архіўнае фота)
Ігар Барысаў (архіўнае фота)

Больш за тры гадзіны ў Менскім аэрапорце праводзілі асабісты надгляд першага намесьніка старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Ігара Барысава. У партыйца забралі кампутар і электронныя носьбіты інфармацыі на экспэртызу.

Неабходнасьць яе правядзеньня супрацоўнікі мытні, паводле Ігара Барысава, аргумэнтавалі 144-м артыкулам Мытнага кодэксу Мытнага саюзу («Затрыманьне тавараў і дакумэнтаў на іх падчас правядзеньня мытнага кантролю»). Актывіст заяўляе, што дзеяньні супрацоўнікаў мытні лічыць неапраўданымі і зьбіраецца іх абскарджваць.

Ператрус рэчаў актывіста пачалі праводзіць у 21.40. «У руках мытнікаў я знаходзіўся больш за тры гадзіны. Паводзілі яны сябе карэктна. Па сканчэньні працэдуры выбачаліся», — сказаў Свабодзе па вызваленьні Ігар Барысаў.

Як ён заўважыў, ператрус мытнікі праводзілі «вельмі старанна». «Ідэнтыфікавалі нават лекі», — адзначыў актывіст. Акрамя агляду асабістых рэчаў, яго разьдзелі дагала.

Ігар Барысаў вяртаўся з Бэрліну, дзе браў удзел у кангрэсе «Прагрэсіўны альянс», які ладзіла нямецкая Сацыял-дэмакратычная партыя.

Падчас затрыманьня партыец паведаміў Свабодзе SMS-паведамленьнем. «Затрымалі ў аэрапорце, ужо 2 гадзіны трымаюць, забралі кампутар і флэшку на экспэртызу», — напісаў ён.

Ігар Барысаў адзін з арганізатараў магілёўскага «Маршу недармаедаў», заплянаванага на 15 сакавіка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG