Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удакладненьнем дэкрэту № 3 займаецца ўрад. Усе падрабязнасьці — у панядзелак, 13-га


Ілюстрацыйнае фота. «Марш недармаедаў» у Берасьці
Ілюстрацыйнае фота. «Марш недармаедаў» у Берасьці

9 сакавіка на нарадзе аб актуальных пытаньнях разьвіцьця Беларусі Аляксандар Лукашэнка жорстка раскрытыкаваў выканаўцаў дэкрэту № 3, адзначыўшы дрэннае выкананьне з боку чыноўнікаў рознага ўзроўню, ужыўшы нават слова «сабатаж». Ён канстатаваў, што «арганізацыю выкананьня дэкрэту проста пераклалі на падатковую службу».

Дакумэнт адмяняць ня будуць, аднак падкарэктуюць, а таксама больш прынцыпова і дакладна падыдуць да фармаваньня сьпісу платнікаў збору, заявіў Аляксандар Лукашэнка.

Прэсавы сакратар Міністэрства падаткаў і збораў Сяргей Шкут на пытаньне Свабоды, якія прапановы ўнясе ведамства, пра ўдакладненьне дэкрэту адказаў:

«Карэктаваньнем заканадаўства будзе займацца Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Па ўсіх пытаньнях, што тычыцца дэкрэту № 3 „Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства“, зьвяртайцеся ў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Мэтадалёгія за імі»

На пытаньне Свабоды, якім чынам будуць удакладняцца і вывярацца сьпісы грамадзянаў, што павінны будуць уносіць плацяжы на падставе дэкрэту № 3, хто іх будзе складаць (мясцовыя органы ўлады ці падаткавікі), Сяргей Шкут адказаў той жа самай фразай: «Паправак яшчэ няма. Вы чулі, што сказаў прэзыдэнт? Карэктаваньнем займаецца Міністэрства працы і сацыяльнай абароны».

З прэсавай службай Мінпрацы Свабодзе пакуль зьвязацца не ўдалося.

Тым часам прэсавы сакратар прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Уладзіслаў Сычэвіч паведаміў Свабодзе:

«Удакладненьнем дэкрэту № 3 будзе займацца ўрад і адпаведныя міністэрствы. Цяпер выпрацоўваецца мэханізм узаемадзеяньня міністэрстваў і ведамстваў, мясцовых органаў улады, вызначаюцца тэрміны. Больш падрабязна мы будзем гатовыя адказаць на ўсе пытаньні ў панядзелак, 13 сакавіка».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG