Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве пачаўся суд за апаганьваньне памятнага знаку ахвярам Галакосту


Так быў апаганены памятны знак
Так быў апаганены памятны знак

Ленінскі суд Магілёва пачаў разглядаць крымінальную справу па факце апаганьваньня 19 лістапада памятнага знаку «Габрэям — ахвярам нацызму». У злачынстве вінавацяць трох маладых прыхільнікаў «нацыянал-сацыялізму». Яны аблілі памятны знак чорнай фарбай і нанесьлі яму шкоду, якая ацэньваецца ў 1 тысячу рублёў. Усім тром інкрымінуецца злоснае хуліганства. Акрамя таго, старэйшаму ў віну пастаўлена ўцягваньне ў злачынную дзейнасьць непаўналетніх шляхам пераконваньня ці падману.

Паводле матэрыялаў справы, ініцыятарам апаганьваньня памятнага знаку «Габрэям — ахвярам нацызму» быў дзевятнаццацігадовы жыхар Магілёва Леанід Карпечанка. Ён падбіў на злачынства непаўналетніх Станіслава Панамарэнку ды Аляксея Мітрафанава.

Усіх трох да суду трымалі ў сьледчым ізалятары. Узялі іх пад варту 25 лістапада.

«Яны наўмысна, беспрычынна, з хуліганскіх матываў, груба парушаючы грамадзкі парадак і выказваючы відавочную непавагу да грамадзтва, дзейнічаючы адкрыта і нахабна, дэманструючы ўсёдазволенасьць і беспакаранасьць, пагардлівае стаўленьне да агульнапрынятых правілаў паводзінаў, зьдзейсьнілі супрацьпраўнае дзеяньне, якое суправаджалася пашкоджаньнем чужой маёмасьці і адзначалася выключным цынізмам...», — гаворыцца ў абвінавачаньні, зачытаным на судовым пасяджэньні..

Прызналі віну ў апаганьваньні памятнага знаку

Трох абвінавачаных на працэс прывялі пад канвоем і пасадзілі на лаву ў клетцы. На разгляд справы прыйшлі іх родныя і сябры. У судовай залі былі і прадстаўнікі габрэйскай грамады гораду.

«Я прызнаю сябе вінаватым у зьнявазе памятнага знаку і раскайваюся ў гэтым. Але я ня згодны, што некага ўцягваў у злачынства», — адказаў Карпечанка на пытаньне судзьдзі Ігара Шведава пра стаўленьне да абвінавачаньня.

Удзел у апаганьваньні памятнага знаку і сваю віну прызнаў Станіслаў Панамарэнка.

«Шчыра раскайваюся ў гэтым», — заявіў ён у судзе.

Аляксей Мітрафанаў таксама прызнаў сябе вінаватым у зьнявазе памятніка, але з кваліфікацыяй свайго ўчынку як хуліганства не пагадзіўся.

Карпечанка заявіў на судзе, што ён прыхільнік «нацыянал-сацыялістычных ідэяў». Гэтыя ідэі, паводле хлопца, зьядналі яго з Панамарэнкам і Мітрафанавым.

«Непрыязь да людзей іншай расы», — патлумачыў свае погляды абвінавачаны.

Перавага ў ягоным сьветапоглядзе, як вынікала з тлумачэньняў, аддавалася славянам. Пра ідэі нацыянал-сацыялізму і непрыязнае стаўленьне да людзей іншых рас ён даведаўся з інтэрнэту і адмысловай літаратуры. На пытаньне, што зрабілі яму кепскага людзі іншай расы, адказаў: «Цяпер разумею, што нічога». За час, праведзены ў сьледчым ізалятары, паводле хлопца, ягоныя погляды цалкам памяняліся.

«Мне патлумачылі ў турме, бо там сядзяць людзі розных нацыянальнасьцяў. Я паглядзеў, што гэта някепскія людзі», — казаў Карпечанка. На заўвагу — хіба на свабодзе ён не сутыкаўся зь людзьмі іншых нацыянальнасьцяў? — адказаў, што не.

У турме я прачытаў Новы Запавет. У ім напісана, што трэба жыць любоўю, а не нянавісьцю

«У турме я прачытаў Новы Запавет. У ім напісана, што трэба жыць любоўю, а не нянавісьцю. Сукамэрнікі, у тым ліку габрэйскай ды цыганскай нацыянальнасьці, на мяне дужа моцна паўплывалі», — казаў Карпечанка.

Апаганіць помнік, паводле абвінавачанага, ён і ягоныя хаўрусьнікі наважыліся, паглядзеўшы відэаролік, як невядомыя аблівалі фарбай памятны знак у 2012 годзе.

«У нас зьявілася такая ж думка», — казаў Карпечанка.

Ён пагадзіўся, што такім чынам яны выказалі сваё стаўленьне да людзей іншай расы. Абліць фарбай памятны знак задумалі ў верасьні.

Панамарэнка і Мітрафанаў таксама казалі пра прыхільнасьць да ідэяў «нацыянал-сацыялізму». Панамарэнка сказаў, што абліць памятны знак прапанаваў Карпечанка, спаслаўшыся на тое, што яго ўжо аблівалі і зламысьнікаў ня выкрылі.

«Каб нашкодзіць габрэям», — патлумачыў мэту «акцыі» Панамарэнка.

Мітрафанава двойчы прыцягвала да адміністрацыйнай адказнасьці камісія па справах непаўналетніх за прапаганду фашысцкай сымболікі. Тлумачальнай працы, паводле яго, зь ім не праводзілі. Пакаралі штрафам, які сплаціла маці. Пра свае погляды суду казаў блытана, аднак сьцьвердзіў, што ў сьледчым ізалятары яны памяняліся ў «лепшы бок». «Кола зносінаў там іх зьмяніла», — заўважыў ён.

Фарбу, якой аблілі памятны знак, знайшоў Мітрафанаў. Паводле яго, хуліганства было ўчынена а трэцяй гадзіне ночы 19 лістапада.

Выслухаўшы тлумачэньні, дзяржаўная абвінаваўца адзначыла, што ў ягоных словаў яна ня ўгледзела ані каліва раскаяньня.

Суд дапытаў сьведак і абвясьціў перапынак да 20 лютага.

Памятны знак з высечанымі на ім далонямі магілёўскія габрэі ўсталявалі на вуліцы Лазарэнкі ў 2008 годзе. На гэтым месцы ў жніўні 1941 году нацысты зьбіраліся зрабіць уваход у гета, але ў кастрычніку яны забілі зьняволеных габрэяў. Зь дзесяці тысяч ацалелі адзінкі.

Сродкі на памятны знак габрэі зьбіралі грамадой.

У 2012 годзе памятны знак, усталяваны ў памяць пра расстраляных нацыстамі нявольнікаў магілёўскага гета, ужо аблівалі фарбай. Тады зламысьнікам, паводле міліцыі, аказаўся бомж. Ён нібыта знайшоў слоік з фарбай, паставіў на памятны знак, каб агледзець зьмесьціва, і фарбу разьліў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG