Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму няма жорсткай рэакцыі ўладаў на правакацыю нацболаў у Менску?


Абмяркоўваюць Уладзімер Глод, Валер Каліноўскі і Валер Карбалевіч.

Каліноўскі: Мне давялося ўчора быць сьведкам інцыдэнту ў менскім «Прэзыдэнт-гатэлі», дзе расейскія радыкалы ўчынілі сапраўдны скандал.

Якраз у другую гадавіну менскага саміту «нармандзкай чацьвёркі», упершыню за два гады перамоў па Данбасе ў Менску, праз халатнасьць аховы здарылася правакацыя. На выніковы брыфінг мадэратара на перамовах ад АБСЭ амбасадара Марціна Сайдзіка прыйшлі чатыры актывісты расійскага руху «нацболаў» (нацыянал-бальшавікоў), двое мужчын і дзьве жанчыны, і пачалі выкрыкваць антыўкраінскія лёзунгі і раскідаць улёткі.

У прыватнасьці, яны патрабавалі спыніць перамовы ў Менску і ўключыць Данбас у «склад Расеі».

Гэта былі не мясцовыя людзі, пазьней яны сказалі, што прыехалі з Масквы. Ні ахова, ні міліцыя іх не затрымалі, яны спакойна пакінулі «Прэзыдэнт-гатэль» у Менску.

МЗС Беларусі назваў гэты інцыдэнт «сьвядомай правакацыяй, накіраванай на зрыў перамоўнага працэсу і дыскрэдытацыю менскай перамоўнай пляцоўкі». А пасол Марцін Сайдзік выступіў пазьней.

Калі нацболы пачалі крычаць і кідаць улёткі, іх ніхто не спыняў, яны спакойна выйшлі. Потым яшчэ ў фае далі інтэрвію журналістам і сышлі

Цікава было назіраць, як дзейнічала ахова, міліцыя і спэцслужбы. Журналісты адразу заўважылі дзіўную групу незнаёмцаў, якія сядзелі ў фае ўбаку і чакалі брыфінгу Сайдзіка, задавалі дзіўныя пытаньні. Аховы ў гатэлі было ўчора надзіва шмат, у тым ліку і амапаўцы хадзілі, але падазроных ніхто не спыніў. У супрацоўніцы прэсавай службы МЗС былі нейкія сумневы, але яны прадставіліся журналістамі, і іх пусьцілі.

Калі нацболы пачалі крычаць і кідаць улёткі, іх ніхто не спыняў, яны спакойна выйшлі. Потым яшчэ ў фае далі інтэрвію журналістам і сышлі. Ахоўнікі праводзілі іх позіркам.

Не магу не прыгадаць: калі з пратэстам супраць выступу расейскага пісьменьніка-сталініста Мікалая Старыкава ў Доме Масквы ў Менску выступілі актывісты Маладога Фронту, то ахова іх пабіла і імгненна спыніла акцыю. А тут нацболам нічога не было, гэта выглядала як запрашэньне да наступных правакацыяў. Нібыта потым менская міліцыя аднаго затрымала, але гэта яшчэ няпэўна.

А гэта ж асноўнае дасягненьне Беларусі ў зьнешняй палітыцы — перамоўная пляцоўка па Данбасе?

Данецкага журналіста Віталя Сізова, які прыяжджаў асьвятляць перамовы ў Менску, і паэта Сяргея Жадана ні за што а 2 гадзіне ночы затрымалі, завезьлі ў пастарунак і выпісалі дэпартацыю. А гэтым, як выглядае, нічога ніякага.

Што гэта — нядбальства, наступствы лібэралізацыі, паблажлівасьць да хуліганаў ці сьвядомы сабатаж з боку сілавых структур? Ці, можа, салідарнасьць зь іхнімі поглядамі? Вашы думкі, калегі?

Глод: Калі я слухаў Валера Каліноўскага, то задаў сам сабе пытаньне: ці можна ўявіць падобную сытуацыю на мерапрыемстве з удзелам Аляксандра Лукашэнкі? Канечне, не. Зразумела, што ахова першай асобы вядзецца на зусім іншым узроўні. На найвышэйшым.

Але пагадзіцеся, калегі, што перамовы ў «Прэзыдэнт-гатэлі» і брыфінг — зусім не шараговая падзея. У іх удзельнічаюць прадстаўнікі АБСЭ — адной з найбуйнейшых міжнародных арганізацыяў, палітыкі з Украіны, некаторых іншых краін. І таму ўзьнікае важнае пытаньне: ці беларускія спэцслужбы непадрыхтаваныя да беспамылковай працы на ўзроўні, ніжэйшым за прэзыдэнцкі, ці яна наўмысна далі сытуацыі скандальна разьвівацца? Я думаю, трэба казаць пра спалучэньне двух чыньнікаў.

Яшчэ добра, што ўсё скончылася ўлёткамі і выкрыкамі. Але калі кантролю няма, то чаму не прынесьці зброю, напрыклад, пісталет

Спэцслужбы цяпер адна на адну перакладаюць адказнасьць. Так, начальнік службы бясьпекі «Прэзыдэнт-гатэля» сказаў нашаму радыё, што ахова гатэля адказвае за бясьпеку толькі гасьцей і наведнікаў, толькі за выкананьне так званага гатэльнага стандарту. А калі праходзяць міжнародныя мерапрыемствы, іншыя службы атрымліваюць асобныя задачы. Арганізатары мерапрыемства павінны прадумаць і забясьпечыць захады бясьпекі. Так што з гэтым пытаньнем лепш зьвяртайцеся ў міліцыю.

А міліцыя кажа, што ня мы адны там працавалі. Трэба вывучаць, у чыё распараджэньне паступаў асабісты склад, расстаноўку, ці несьлі яны дзяжурства ўнутры, ці толькі па пэрымэтры. Ніхто на сябе віну не бярэ.

Яшчэ добра, што ўсё скончылася ўлёткамі і выкрыкамі. Але калі кантролю няма, то чаму не прынесьці зброю, напрыклад, пісталет? Ды нават і бомбу, бо цяпер жа сьвет такі, што нічога выключаць нельга.

Мне падаецца важнай заява Міністэрства замежных спраў Беларусі. Сутнасьць яе ў тым, што дзеяньні ў «Прэзыдэнт-гатэлі» скіраваныя на дыскрэдытацыю менскай пляцоўкі па Ўкраіне. Занепакоенасьць зьнешнепалітычнага ведамства можна зразумець. Перанос перамоваў па Ўкраіне зь Менску ў іншае месца ўжо даволі актыўна пачаў абмяркоўвацца. Дарэчы, на мінулым тыдні і мы дасьледавалі такую магчымасьць у «Трайным удары». І прыйшлі да высновы, што магчымы перанос быў бы вельмі дрэнным для Аляксандра Лукашэнкі. Менавіта Менск як месца перамоваў даў кіраўніку Беларусі шмат дывідэндаў. Стаўленьне да яго, асабліва на Захадзе, істотна зьмянілася. Страціць такі козыр беларускія ўлады ня могуць.

Таму і робіцца надзвычай актуальным пытаньне, пра якое я казаў на самым пачатку: ці гэта спэцслужбы проста недагледзелі, ці паказалі сваёй бязьдзейнасьцю сымпатыі да сэпаратыстаў?

Карбалевіч: Тут некалькі чыньнікаў. Найперш, узьнікае пытаньне, як іх увогуле пусьцілі ў «Прэзыдэнт-гатэль» падчас важнага палітычнага мерапрыемства. У такіх выпадках ахова і праверка павінна была быць строгай. Гэта сьведчыць пра тое, які беспарадак існуе ў сілавых структурах. Гэта засьведчыла і гісторыя з украінскім пісьменьнікам Жаданам. Спачатку пусьцілі ў краіну, потым заявілі аб высылцы, потым адмянілі гэтае рашэньне.

большасьць насельніцтва Беларусі падтрымлівае Расею ў яе канфлікце з Украінай. Гэта вынік працы расейскіх тэлеканалаў. І гэта ўплывае і на сілавікоў

Другі момант. Для ўсіх гэтая акцыя аказалася нечаканай, ахова ня ведала, як сябе паводзіць. Не было загаду зьверху, усе разгубіліся. У сытуацыі з Старыкавым ці Ўладзімерам Салаўёвым сілавікі рыхтаваліся. Бо пра акцыю Маладога Фронту было абвешчана загадзя.

І тут таксама дзейнічала ідэалягічная ўстаноўка сярод сілавікоў. Сацыёлягі даводзяць, што большасьць насельніцтва Беларусі падтрымлівае Расею ў яе канфлікце з Украінай. Гэта вынік працы расейскіх тэлеканалаў. І гэта ўплывае і на сілавікоў. Думаю, у іх асяродзьдзі сымпатыі распаўсюджаныя ў такой жа прапорцыі. Думаю, каб такую акцыю ўчынілі, напрыклад, прадстаўнікі «Правага сэктару» з Украіны, якія дэманізаваныя ў расейскіх і беларускіх дзяржаўных мэдыях і якія выступалі з антырасейскімі лёзунгамі, то рэакцыя аховы была б іншая. А тут — лёзунгі на карысьць Расеі, загаду зьверху няма. Усе і застылі ў чаканьні. Цікава, калі прарасейскія сілы пачнуць захопліваць адміністрацыйныя будынкі, як у Данбасе ў 2014 годзе, сілавыя структуры таксама, як і ўкраінскія тады, будуць моўчкі глядзець?

Сапраўды, гэта ўдар па прэстыжы Беларусі як перамоўнай пляцоўкі. Беларускія ўлады вельмі ганарацца гэтым статусам, спрабуюць будаваць на гэтым цэлую замежнапалітычную канцэпцыю, фармуюць вобраз Беларусі як донара міру. А тут такая акцыя. Невыпадкова адрэагавала на гэтую падзею найперш МЗС, назваўшы яе правакацыяй, а ня МУС.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG