Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гвалт у школах. Ці можна прадухіліць агрэсію, суіцыды падлеткаў?


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У траўні мінулага году 15-гадовы школьнік напаў на настаўніцу, нанёс ёй 17 удараў нажом. Як паведаміла Генпракуратура, матывам злачынства стала помста быццам бы за неаб’ектыўную ацэнку ягоных ведаў. У Баранавічах у 9-клясьніка ня склаліся адносіны ў новай школе з настаўнікамі і вучнямі, і юнак скончыў жыцьцё самагубствам. У Магілёве 15-гадовая дзяўчынка-выдатніца выкінулася з вакна, таму што не перамагла на алімпіядзе. У Віцебскім раёне 14-гадовая школьніца ўступіла ў інтымную сувязь з 61-гадовым настаўнікам фізкультуры, на мужчыну заведзеная крымінальная справа.

Што адбываецца зь дзецьмі, чаму яны ідуць на такія ўчынкі? Няўжо ў школах такая напружаная атмасфэра? Хто вінаваты — сям’я ці школа, і ці можна прадухіліць такія драматычныя падзеі?

«Падлетка трэба адпусьціць ад сябе і ў той жа час застацца зь ім разам»

Cямейны і дзіцячы псыхоляг Cьвятлана Дзядова лічыць: нельга сказаць, што ўсе экстрэмальныя ўчынкі падлеткаў на 100% можна прадухіліць. Жыцьцё чалавечае непрадказальнае, што ў дзяцей, што ў дарослых:

Cьвятлана Дзядова
Cьвятлана Дзядова

— Але ўсе гэтыя драматычныя выпадкі зьвязаныя з падлеткамі. Гэта той узрост, у якім наагул дарослым цяжка кантактаваць зь дзецьмі. Па-першае, у падлетка ідзе вельмі моцная гарманальная перабудова арганізма. Адсюль і перапады настрою, і абвостранае ўспрыманьне рэчаіснасьці — калі нешта дробнае падаецца складаным і вялікім.

Па-другое, гэта той пэрыяд, калі дзеці імкнуцца ўжо аддаліцца ад бацькоў. І гэта нармальна — дзеці імкнуцца хутчэй пасталець. І адносіны з бацькамі павінны не перарвацца, а выйсьці на новы ўзровень. Бацькі павінны ўжо ставіцца да дзяцей як да дарослых. З аднаго боку, трэба даць магчымасьць дзецям рабіць самастойныя крокі, самастойны выбар, прымаць рашэньні, мець свае сакрэты. У той жа час надзвычай важна захаваць блізкасьць, калі дзіця ў любы час, у любой складанай сытуацыі можа падзяліцца з бацькамі сваімі перажываньнямі і праблемамі. І вось знайсьці гэты балянс: з аднаго боку, дзіця адпусьціць ад сябе, даць яму магчымасьць пасталець, і ў той жа час застацца разам — гэта даволі цяжка.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Занадта моцны кантроль можа наагул прымусіць дзіця «закрыцца», і тады моцныя перажываньні, не знаходзячы выхаду, могуць недзе выбухнуць. Альбо занадта жорсткі кантроль падштурхне дзіця да больш рэзкіх рухаў. І ў такім спаборніцтве можна не заўважыць, што дзіцяці ўжо патрэбная дапамога, што ў яго зьявілася нейкая праблема. Тут трэба знайсьці гэты балянс, каб дзіця ведала, што ў выпадку нейкай праблемы бацькі заўсёды будуць яму дапамагаць. Гэта не азначае, што калі дзіця робіць нешта дрэннае, бацькі падтрымаюць яго і ў гэтым. Але каб дзіця разумела, што калі нават нешта дрэннае здарыцца, бацькі ня будуць яго зь яго кпіць, дзяўбсьці, а будуць разам шукаць, як вырашыць гэтую праблему. Будуць разьбірацца, ці праблема зьвязаная зь ягонымі асабістымі перажываньнямі, ці гэта ўжо асацыяльныя паводзіны.

У любым выпадку — гэта нашы дзеці, і трэба іх падтрымліваць, застацца зь імі назаўсёды ў блізкіх адносінах. Нават у судах дазваляецца ня сьведчыць супраць сваіх дзяцей. Праблемы ў дзяцей у падлеткавым ўзросьце і бацькоў узьнікаюць, на маю думку, калі не ўдаецца знайсьці гэты балянс, каб застацца разам.

«Працэсы ўзбуджэньня ў падлеткаў больш моцныя, чым працэсы тармажэньня»

— Ну, а як можна патлумачыць канкрэтны выпадак з 15-гадовым юнаком, які з нажом напаў на настаўніцу? Хлопчык з нармальнай сям’і, добра вучыўся, меў высокія адзнакі, у яго было шмат сяброў, захапленьняў. Чым такая агрэсія магла быць справакаваная?

— Няма простага адказу на гэтае складанае пытаньне. Мы ж ня ведаем дакладна гэтай гісторыі, акрамя таго, што сям’я ў хлопчыка поўная, добрая, ён амаль выдатнік, неканфліктны. Я не магу сказаць дакладна, што менавіта ў гэтым выпадку паўплывала на хлопчыка.

Але ўвогуле такі ўчынак магла справакаваць нейкая ўнутраная назапашаная агрэсія. Агрэсія супраць канкрэтнага чалавека назапашваецца, а потым яна можа выбухнуць. Нас выхоўваюць, што нельга паводзіць сябе агрэсіўна. Гэтаму падлетку ўвесь час унушалі, што нельга быць дрэнным хлопчыкам. Можа, дадаліся яшчэ нейкія праблемы. У сувязі з гарманальнай перабудовай арганізму адбываюцца эмацыйныя выбухі. І падлеткі ва ўсім сьвеце больш агрэсіўныя, працэсы ўзбуджэньня ў іх больш моцныя, чым працэсы тармажэньня. Маглі розныя рэчы скласьціся і ў нейкі момант выбухнуць.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Што стала апошняй кропляй, якая падштурхнула гэтага хлопца напасьці на настаўніцу — невядома. Зь ім займаліся псыхолягі, экспэрты. І нават больш сур’ёзныя праблемы, канфлікты ня кожнага могуць штурхнуць на такі ўчынак.

Усім дарослым — і бацькам, і настаўнікам — трэба быць больш далікатнымі, тонкімі, спагадлівымі ў адносінах да падлеткаў, ведаючы, што яны лягчэй могуць узгарэцца, больш агрэсіўныя, і ў той жа час вастрэй успрымаюць, дзе справядлівасьць, а дзе несправядлівасьць. Не заўсёды гэта, можа, і адпавядае рэчаіснасьці, але ўспрыманьне ў іх абвостранае. Таму і бацькам, і настаўнікам трэба быць больш акуратнымі і ўзважанымі ў сваіх выказваньнях, меркаваньнях, ацэнках. Зразумела, ніхто яго так не вучыў і ня раіў дзейнічаць...

«Суіцыд — гэта таксама праява агрэсіі, але накіраваная на сябе»

— Яшчэ адна трагедыя здарылася перад Новым годам у Баранавічах. 15-гадовы юнак учыніў самагубства, у яго былі праблемы ў школе. Да 7 кляса хлопчык жыў і вучыўся ў Менску, але бацькі разьвяліся, і маці зь ім пераехала да бабулі ў Баранавічы. У школе ў хлопца ня склаліся адносіны і з настаўнікамі, і з вучнямі, і ён прасіў перавесьці яго ў іншую школу. Маці пагаджалася, але настаяла, каб хлопец скончыў 9 клясу — маўляў, засталося паўгода. На вашу думку, магло б усё скласьціся іначай, каб юнака перавялі ў іншую школу?

— Тут цяпер ужо цяжка сказаць — палепшыў бы сытуацыю гэты перавод у іншую школу ці пагоршыў. Магчыма, гэта быў бы выхад. Але я хачу зьвярнуць увагу на больш агульнае. Бацькі павінны спрабаваць зразумець, што адбываецца зь дзіцем. У гэтым узросьце падлеткі могуць быць і замкнёныя, да іх лішні раз і не падыходзь. Але ў той жа час трэба ўмець, з аднаго боку, і даць пабыць дзіцяці ў самоце, а зь іншага боку — быць заўсёды з адчыненымі дзьвярыма і зьвяртаць увагу на настрой дзіцяці, знайсьці момант, каб пагутарыць на тэму, якая цікавая падлетку. Не абмяжоўвацца дзяжурнымі пытаньнямі: «Як справы ў школе, якія адзнакі атрымаў, чаму заўвага ў дзёньніку?» А запытацца, што за цікавую музыку ён слухае... Тут трэба шукаць тэмы, на якія цікава пагаварыць дзіцяці, пачуць яго і адчуць.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Але тут таксама, мне здаецца, адбыўся зьбег розных сытуацый і праблем. Праблемы ў сям’і, развод бацькоў, падлетку давялося зьмяніць ня толькі школу, але і горад. Мяркуючы па інфармацыі, якую мы маем, нешта ў яго ня складвалася зь дзецьмі, ня складвалася з настаўнікамі. Усё гэта наслаілася.

Калі мы кажам пра суіцыд — гэта таксама праява агрэсіі, але ўжо накіраваная на сябе. У першым выпадку, калі падлетак напаў з нажом на настаўніцу, яна накіраваная ў зьнешні бок. У другім выпадку, калі юнак учыніў самагубства — агрэсія накіраваная на сябе.

«Любіце дзяцей не за іх посьпехі і дасягненьні, а за тое, што яны проста вашы дзеці»

— А як патлумачыць учынак быццам бы пасьпяховай дзяўчынкі-выдатніцы, якая ўчыніла самагубства, бо не перамагла на алімпіядзе? Ці трэба ставіць перад дзецьмі максымальныя задачы, выхоўваць пэрфэкцыяністаў?

— Часьцяком перад дзецьмі ставяцца вельмі высокія плянкі, амаль невыканальныя задачы. Некаторыя здольныя нечага дасягнуць, некаторым трэба прыкласьці вялікія намаганьні, а некаторыя — проста ня ў стане. Часьцяком дарослыя хочуць, каб дзеці былі лепшыя за іх, дасягнулі таго, што не ўдалося самім бацькам.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Дзецям убіваецца ў галаву, што трэба перамагчы, стаць першым. А яны могуць успрыняць гэта літаральна: маўляў, калі я гэтага не дасягну, то я ніхто. І вось гэты разрыў паміж пастаўленай мэтай і вынікам, што не атрымалася яго дасягнуць — і можа стаць штуршком да такога страшнага ўчынку. Я не магу сьцьвярджаць, што менавіта гэта стала прычынай суіцыду дзяўчынкі. Але вось гэтыя высокія плянкі, чаканьне бліскучых вынікаў і толькі посьпехаў ад дзетак — гэта рэчы небясьпечныя.

Нават мы, дарослыя, чакаем, што нашы бацькі будуць нас любіць проста так. Проста так, ні за што — не за нашы дасягненьні, посьпехі, высакародныя ўчынкі, а за тое, што мы ёсьць. І ніхто ў сьвеце нас так любіць ня будзе, як адзіныя блізкія людзі — нашы бацькі. Яны любяць нас проста за тое, што мы іхнія дзеці. Калі гэтае адчуваньне будзе ў дзіцяці — дзіця будзе больш шчасьлівае. І, можа, гэта яго ўратуе ад такіх адчайных крокаў.

«14-гадовае дзяўчо, можа, і закахалася. Але ж 61-гадовы настаўнік парушае закон»

— А як можна патлумачыць тое, што здарылася ў Віцебскім раёне — 61-гадовы фізрук абвінавачваецца ў сувязі з 14-гадовай школьніцай? Прычым, як кажа маці дзяўчынкі, дачка закахалася, у яе рамантычныя адносіны. Але ж настаўнік — сталы чалавек. Хто тут павінен несьці адказнасьць — бацькі дзіцяці, настаўнік? Ці маюць тут значэньне такія акалічнасьці, як развод бацькоў, тое, што ў дзяўчынкі ня склаліся адносіны з айчымам? Ці магла маці дзяўчынкі нешта заўважыць, прадухіліць такую няроўную сувязь?

— Такія рэчы не заўсёды можна і заўважыць. А калі заўважым, што мы зробім? Дапусьцім, што 14-гадовае дзяўчо сапраўды закахалася ў настаўніка. Гэта можна параўнаць з тым, як закахацца ў тату. Гэта часта бывае, калі ў сям’і быў недахоп моцнай мужчынскай фігуры — бацькі. А ў гэтым канкрэтным выпадку маці з бацькам разьвялася, і з другім мужам маці ў дзяўчынкі адносіны ня склаліся, маці вымушана была застацца жыць з дачкой, айчым жыў асобна.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Бываюць і іншыя сытуацыі, калі ў сям’і тата з дачкой у вельмі блізкіх адносінах, а маці як бы на пэрыфэрыі. І тады дзяўчынка, калі падрастае, таксама шукае замену бацьку — больш дарослага мужчыну. Пытаньне вельмі тут далікатнае.

У дадзеным выпадку, калі лічыць, што дзяўчына сапраўды закахалася — гэта адна гісторыя. Але ёсьць закон, і закон парушаны. Парушае закон настаўнік — дарослы мужчына, які добра ўсьведамляе, што робіць, і павінен адказваць за свае дзеяньні вельмі дакладна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG