Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі будзе загад, беларускую мову на этыкеткі вернуць хутка, — дырэктар Глыбоцкага малочна-кансэрвавага камбінату


Экспэрт Асацыяцыі Халал Індустрыя Казахстану Карым Каліеў уручае пасьведчаньне генэральнаму дырэктару ААТ «Глыбоцкі малочнакансэрвавы камбінат» Валерыю Дулінскаму. 1 сакавіка 2013 году
Экспэрт Асацыяцыі Халал Індустрыя Казахстану Карым Каліеў уручае пасьведчаньне генэральнаму дырэктару ААТ «Глыбоцкі малочнакансэрвавы камбінат» Валерыю Дулінскаму. 1 сакавіка 2013 году

Вытворцы, прыязныя да беларускай мовы, абвяргаюць аргумэнты Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю, а таксама кампаніі «Савушкин продукт» ды некаторых іншых прадпрыемстваў пра тое, што з прычыны разьмяшчэньня дадатковай інфармацыі па-беларуску кошт іхняй прадукцыі нібыта істотна ўзрасьце. А дызайнэры не пагаджаюцца, што на некаторых таварах мала месца для інфармацыі па-беларуску.

Пераклад этыкетак не пацягне за сабой шмат выдаткаў

Беларускія вытворцы і кампаніі ў сувязі з актыўным абмеркаваньнем праекту Закону аб правах спажыўцоў, дзе няма пункту наконт абавязковага разьмяшчэньня інфармацыі пра тавары па-беларуску, умоўна падзяліліся на дзьве часткі. Адны — да прыкладу, «Гарызонт», «Слодыч», «Эўраопт», «Белрыба», МТС, «Велком», Глыбоцкі малочна-кансэрвавы камбінат ды іншыя — прыязна ставяцца да беларускай мовы. Другія, у тым ліку і «Савушкин продукт», не падтрымліваюць ідэю ўводзіць беларускую мову. Яны прыводзяць довады, што будуць дадатковыя выдаткі на перакладчыка і новы дызайн этыкетак, і гэта прывядзе да павелічэньня кошту прадукцыі на 20%.

Дырэктар Глыбоцкага малочна-кансэрвавага камбінату Валер Дулінскі з гэтым ня згодны:

«Я ня думаю, што этыкетка так істотна — да 20% — павядзе да падаражэньня прадукцыі.

Гэта справа кожнага вытворцы, як прадпрыемства сябе пазыцыянуе, як прасоўвае сваю прадукцыю. Мы ня супраць беларускай мовы, і пераклад этыкетак не пацягне за сабой шмат выдаткаў. На казахскую мову мы ж пераклалі, бо ў нас даволі шмат прадукцыі — больш за 25% — экспартуецца ў Казахстан. Прыкладна 75% усяго экспарту ідзе ў Расею. Калі мы хочам прадаваць на экспарт, мы павінны прасоўваць прадукцыю на мове той краіны, куды прадаём. Тут ня трэба спрачацца. Але што тычыцца сваёй краіны, мы маем права пісаць па-беларуску. І тут праблемы я ня бачу.

Вось мы ствараем новы прадукт і будзем прасоўваць яго па-беларуску. Гэта „Браслаўскі пачастунак“, мяккія сыркі. Цяпер думаем, як лепш зрабіць дызайн, бо тавар даволі дробны».

Што да часу, які можа спатрэбіцца на тое, каб зрабіць новыя этыкеткі, усё зацьвердзіць, надрукаваць, узгадніць, дырэктар Глыбоцкага малочна-кансэрвавага камбінату Валер Дулінскі сказаў:

«Калі будзе каманда, загад ці нават добрая воля вытворцы — зробяць хутка».

«Камусьці шлях у Эўропу, камусьці шлях у Азію»

На думку арганізатара курсаў «Мова нанова», журналіста Глеба Лабадзенкі, найлепшая форма прыцягненьня ўвагі да беларускай мовы — ня тыцкаць носам канкрэтныя кампаніі, што «вы, маўляў, ня робіце», а паказваць прыклады, што нехта робіць:

Глеб Лабадзенка
Глеб Лабадзенка

«Мы ў межах „хуткамоўнай дапамогі“ „Мовы нанова“ дапамагаем людзям у перакладах і выкладваем гэтыя прыклады ў інтэрнэт. Ня так даўно мы для „Макдональдса“ перакладалі рэкляму і білборды, што разьвешаныя па горадзе. І гэта вельмі файна, калі такія перадавыя, флягманскія кампаніі, як „Эўраопт“, які да нас зьвяртаўся па пераклады, „Макдональдс“, сайт menu.by ды іншыя зрабілі гэты крок і ня тое што не шкадуюць, а радуюцца таму, што гэты крок прывёў да іх новых кліентаў і больш надзейна прывабіў старых. Мне здаецца, што проста трэба ставіць у прыклад: „Паглядзіце, кампаніі, якія, мякка кажучы, круцейшыя за вас, ідуць да беларускай мовы і зусім не шкадуюць пра гэта. Гэта прыносіць дадатковую рэкляму, новых кліентаў і дадатковыя грошы“. Ну, а вы, калі арыентуецеся толькі на тое, што знаходзіцца за Воршай — відаць, гэта ваш шлях: камусьці шлях у Эўропу, камусьці шлях у Азію».

Крэатыўны дырэктар брэндынгавай кампаніі «Фабула» Вольга Кашкан кажа, што калі яны распрацоўваюць брэнды і прапануюць рабіць па-беларуску, самая вялікая асьцярога ў вытворцаў — што на расейскі рынак гэта ня пойдзе, у Расеі беларускую мову не зразумеюць. Але Глеб Лабадзенка перакананы, што трэба не пра расейскі рынак думаць, а пра свайго спажыўца. І прывёў прыклад ужываньня беларускай мовы расейскім вытворцам:

«Днямі адзін слухач курсаў „Мова нанова“ выклаў у фэйсбуку фота пакунку соды, на якой напісана „сода харчовая“. А сода гэтая зроблена ў Расеі! Вось вам і „Таёжный союз“! Дык вось у Расеі разумеюць, што ў Беларусі ёсьць свае вытворцы соды, і на паліцы ў краме стаіць некалькі гатункаў соды. Расейцы даўмеліся да таго, што будзе адметна, калі на пакунку напісаць па-беларуску! А беларускія вытворцы пішуць па-кіргіску, казаску, але толькі не па-беларуску!»

«Савушкин продукт» — выціраньне ног аб айчыннага спажыўца, — Лабадзенка

Глеб Лабадзенка прывёў у прыклад новы прадукт Слуцкага цукровага камбінату «Сёлета»:

«Напісана на слоіку „Беларускае сочыва“ — нават не „варэньне“, якое ёсьць у слоўніку, а сочыва, больш сакавітае, больш аб’ёмнае, больш беларускае слова. Тут беларуская мова спрацавала на адрозьненьне. Ягады аднолькавыя ў розных слоіках, але кожны чалавек хоча адметнасьці, і рука пацягнецца да сочыва, а не да варэньня.

А ў краме я бачу ёгурт „Савушкин продукт“, на адваротным баку — расейскі сьцяжок, дзе напісана па-расейску, і ўкраінскі сьцяжок, дзе напісана па-ўкраінску. Аказваецца, што для расейскага спажыўца напісалі, для ўкраінскага напісалі, а беларусу дзе пачытаць? Я расеец ці я ўкраінец?

Я лічу, што тое, чым займаецца „Савушкин продукт“, — гэта выціраньне ног аб айчыннага спажыўца.

Альбо я купляю дзіцяці лідзкія „кукурузныя палачкі“. І там напісана ажно на васьмі мовах! Я ім, дарэчы, пісаў ліст. Мне адказалі, што, маўляў, „кожная краіна, куды мы пастаўляем прадукцыю, вымагае ад нас, каб на яе мове напісалі. А ў нас можна па-расейску, можна па-беларуску. Дык мы пішам па-расейску“.

Пакуль бізуна ня возьмуць, каб пісалі на дзьвюх мовах, нічога ня будзе. Калі на васьмі мовах памяшчаецца на пакунку, то тыя, хто кажа, што ў іх на дзьвюх мовах не памесьціцца — проста хлусы і крывадушнікі. Калі ёсьць мэтазгоднасьць на васьмі мовах напісаць, а мэтазгоднасьці на дзьвюх мовах напісаць няма, пра што тут казаць? У нас вытворцы такія практычныя, „шкурныя“: навошта нам рабіць лішнія рухі, пісаць на дзьвюх мовах, калі можна на адной?»

Адкуль узялі адпіску пра «ліцэнзаванага перакладчыка»?

Адзін з аргумэнтаў «Савушкина продукта», які паўтарае намесьнік міністра гандлю Эдуард Матуліс у сваім пісьмовым адказе пра падаражэньне прадукцыі пры нанясеньні інфармацыі па-беларуску, — той, што «прадпрыемству давядзецца ўкладаць дадатковыя матэрыяльныя сродкі для прыцягненьня ліцэнзаванага перакладчыка з расейскай на беларускую мову». Гэты аргумэнт не вытрымлівае ніякай крытыкі, кажа дызайнэр Васіль Андрэеў са спасылкай на Канстытуцыю, якая замацоўвае ў Беларусі дзьве дзяржаўныя мовы:

У Беларусі патрабаваць ліцэнзаванага перакладчыка, каб перакласьці з адной дзяржаўнай мовы на другую — выглядае дурасьцю. Носьбіт мовы будзе патрабаваць для перакладу ліцэнзаванага носьбіта мовы?

«Гэта нонсэнс. Я ніколі не сутыкаўся ў практыцы, працуючы на беларускім рынку, каб патрабавалі ліцэнзаванага перакладчыка на беларускую мову. Магчыма, ліцэнзаваны перакладчык зь беларускай мовы патрэбны ў Казахстане, калі яны хочуць перакласьці на беларускую мову. І то гэтага не патрабуе міністэрства ў Казахстане, гэта проста карэктнасьць перакладу. Але ў Беларусі патрабаваць ліцэнзаванага перакладчыка, каб перакласьці з адной дзяржаўнай мовы на другую — выглядае дурасьцю. Носьбіт мовы будзе патрабаваць для перакладу ліцэнзаванага носьбіта мовы?

Хачу прывесьці прыклад Фінляндыі, дзе таксама дзьве дзяржаўныя мовы: фінская і швэдзкая. Дык вось там на ўсіх пакунках пішацца на дзьвюх мовах. Прычым у вытворцаў не пытаюцца, хоча ці ня хоча ён пісаць на дзьвюх мовах, хапае месца ці не — гэта закон. Інакш гэта будзе лічыцца ўшчамленьнем правоў пэўнай часткі насельніцтва краіны».

Што тычыцца малой плошчы ўпакоўкі, дзе не хапае месца, аргумэнты вытворцаў сыркоў ці ёгуртаў дызайнэр Васіль Андрэеў таксама лічыць нявартымі. Параіў зьвярнуць увагу на ўпакоўку жуйкі, дзе вельмі шмат надпісаў на розных мовах, а плошча паперкі меншая за сырок.

* * *

Міністэрства гандлю і антыманапольнага рэгуляваньня Беларусі распрацавала зьмены і дапаўненьні ў Закон аб правах спажыўцоў. На сайце міністэрства было абвешчана грамадзкае абмеркаваньне законапраекту, да 10 кастрычніка можна было накіроўваць заўвагі і прапановы. Дакумэнт нібыта цалкам гатовы, але да парлямэнтароў праект закону яшчэ не паступіў. Пра гэта сьведчыць і інфармацыя на афіцыйным сайце Палаты прадстаўнікоў, гэта пацьвердзіла і сябра сталай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы дэпутатка Алена Анісім.

Калі дакладна дакумэнт будзе накіраваны да заканадаўцаў, прэсавы сакратар Міністэрства гандлю Аліна Гілевіч даведацца ў начальніка ўпраўленьня, якое распрацоўвала дакумэнт, пакуль не змагла.

У дакумэнце няма патрабаваньня, каб інфармацыя пра тавары была пададзеная на дзьвюх дзяржаўных мовах — расейскай і беларускай. Расейская мова застанецца абавязковай, а беларуская можа быць дададзена толькі пры адмысловым жаданьні вытворцы.

У афіцыйным адказе на трох старонках, які Міністэрства гандлю даслала яшчэ ў кастрычніку каардынатару грамадзкай ініцыятывы «Справаводзтва па-беларуску» Ігару Случаку, паведамляецца, што гэта вельмі затратна — разьмяшчаць інфармацыю пра тавары на дзьвюх дзяржаўных мовах, гэта запатрабуе шмат дадатковых фінансавых і матэрыяльна-тэхнічных выдаткаў, што, натуральна, прывядзе да павелічэньня цаны тавару. То бок міністэрства намякае, што за беларускамоўную інфармацыю для спажыўца на тавары заплоціць сам спажывец.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG