Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наш адказ НАТО


Грузьдзіловіч: Новая брыгада амэрыканскіх войскаў у складзе НАТО пачала разьмяшчацца ў краінах Эўразьвязу, якія мяжуюць зь Беларусьсю, Украінай і Малдовай. Гаворка пра Літву, Польшчу, Румынію, хаця дакладнае месца дысьлякацыі амэрыканскіх вайскоўцаў пакуль не агалошваецца. Між тым ужо ёсьць зьвесткі, што прыкладам, у польскім Уроцлаве пачалі службу 250 амэрыканскіх вайскоўцаў менавіта з гэтай брыгады. А ўсяго ва Ўсходняй Эўропе цягам аднаго-двух тыдняў дадаткова зьявяцца 4 тысячы амэрыканскіх вайскоўцаў, болей за 80 танкаў, больш за сотню БТР і самаходных гаўбіц. Плюс авіяцыйныя часткі з гелікоптэрамі.

Экспэрты заўважаюць, што пра пляны НАТО аб разьмяшчэньні новых сілаў было заяўлена год таму і не было прыкметаў, што натаўцы ад гэтых плянаў адмовяцца. Яшчэ экспэрты мяркуюць, што менавіта цяперашняе прыбыцьцё амэрыканскіх танкаў у Нямеччыну ёсьць «падарункам» сыходзячага прэзыдэнта ЗША Абамы абранаму прэзыдэнту Трампу, які праз колькі дзён заступіць на вахту. Маўляў — вось цяпер разьбірайся, наладжвай адносіны з Расеяй, як паабяцаў выбарцам.

У прыватнасьці, што гэта такі сюрпрыз Трампу ад Абамы, мяркуе вайсковы экспэрт Аляксандр Алесін. Ён не выключае таксама, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін ня будзе сьпяшацца з сымэтрычным адказам амэрыканцам — то бок ня стане да інагурацыі заяўляць пра дадатковае разьмяшчэньне расейскіх сілаў у Калінінградзе ці ў заходніх рэгіёнах Расеі.

Магчыма, тут сапраўды ёсьць рэзон, калі згадаць, як Пуцін адрэагаваў на дыпляматычны скандал, ініцыяваны Абамам — не стаў гэтак жа выганяць амэрыканскіх дыпляматаў з Расеі.

А што адкажа на разьмяшчэньне амэрыканскіх войскаў блізу сваіх межаў Беларусь? Будзе капіяваць Расею, узгодніць зь ёй сваю пазыцыю ці прыме нейкае самастойнае нечаканае рашэньне?

Тут варта ўлічыць, як найменей, два чыньнікі: ня толькі беларуска-расейскія дачыненьні, якія ў дадзены момант відавочна абцяжараныя праблемамі, але і беларуска-амэрыканскія дачыненьні, бо Беларусь апошні год выразна дэманстравала жаданьне гэтыя адносіны палепшыць і наўрад ці захоча сама гэтую пэрспэктыву перакрэсьліць.

Саюзьніцкі доўг нібыта патрабуе ад Беларусі цалкам ісьці ў фарватэры Расеі, але можна меркаваць, што будуць і спробы ўзяць супроць ветру. Пакуль экспэрты мяркуюць, што Беларусь абмяжуецца чарговай порцыяй гнеўнай рыторыкі адносна плянаў НАТО і ЗША, але мне падаецца, што мы можам і гэтага не пачуць ад афіцыйнага Менску. Проста прамаўчаць, быццам і няма тых новых амэрыканскіх танкаў у Літве і Польшчы.

сваім маўчаньнем Лукашэнка можа і Захаду паказаць, што яны недарэмна зьнялі зь яго санкцыі, аслабілі на яго ціск, што ён варты як найменей эканамічнай дапамогі, якой ўпарта дамагаецца

Чаму такое ўяўляецца магчымым? А каб прадэманстраваць Расеі, што яе саюзьніца ёю незадаволеная, што ў яе можа быць і свая пазыцыя адносна такой важнай справы, як бясьпека ў Эўропе. А заадно сваім маўчаньнем Лукашэнка можа і Захаду паказаць, што яны недарэмна зьнялі зь яго санкцыі, аслабілі на яго ціск, што ён варты як найменей эканамічнай дапамогі, якой ўпарта дамагаецца, бо ўсё ж зьяўляецца самастойным гульцом ва Ўсходняй Эўропе.

Аляксандр Лукашэнка ня раз пасылаў Захаду такі мэсыдж, у тым ліку і праз сваё пасярэдніцтва ва ўрэгуляваньні канфлікту ва Ўкраіне, і цяпер ў яго зьявілася новая магчымасьць прадэманстраваць, што ён паўнавартасны гаспадар на сваёй зямлі, а не марыянэтка Расеі.

А адносна таго, што такія рухі цела Менску Масква успрыме нэгатыўна, дык на такія часовыя страты Лукашэнка можа пайсьці. Па-першае, Пуцін і сам пакуль ня рвецца ў бой з новымі амэрыканскімі танкамі, чакае інагурацыі Дональда Трампа. А па-другое, Лукашэнка можа заўсёды апраўдацца: што ў яго з Расеяй агульная вайсковая групоўка, дамова пра вайсковы саюз і ад сваіх абавязкаў бараніць агульную прастору ён не адмаўляецца. Але, маўляў, бараніць і лезьці на ражон, абвастраць сытуацыю — гэта розныя рэчы.

Карбалевіч: Сытуацыя для Беларусі, безумоўна, непрыемная. Калі з двух бакоў краіны, з Захаду і Ўсходу, узмацняецца мілітарызацыя, павялічваюцца кантынгенты войскаў, то гэта заўсёды напружвае. Краіна у выпадку абвастрэньня канфлікту паміж Расеяй і Захадам можа стаць пляцдармам ваенных дзеяньняў па-за сваёй волі і жаданьня.

Але ў такой сытуацыі Беларусь мала што можа зрабіць, каб неяк паўплываць на абстаноўку, разрадзіць яе. Беларускія афіцыйныя асобы, найперш, міністар замежных спраў Уладзімер Макей мінулым годам заяўляў, што павялічэньне колькасьці войскаў НАТО ў Польшчы і краінах Балтыі для Беларусі, канечне, непрыемна, але яно не нясе непасрэднай пагрозы краіне. Гэта афіцыйная пазыцыя Беларусі.

Апошнія тры гады, пасьля Крыму Лукашэнка надае вялікую ўвагу ўмацаваньню абароны краіны. Вось зьявіўся ўласны ракетны комплекс «Паланэз»

І менавіта з гэтай лёгікі беларускае кіраўніцтва адмаўляецца разьмясьціць на тэрыторыі Беларусі расейскую вайсковую авіябазу. То бок, Менск імкнецца захаваць у пэўным сэнсе нэўтралітэт у канфлікце Расеі з Захадам, наколькі гэта магчыма.

Ну і адначасова трэба ўмацоўваць абарону. Апошнія тры гады, пасьля Крыму Лукашэнка надае вялікую ўвагу ўмацаваньню абароны краіны. Вось зьявіўся ўласны ракетны комплекс «Паланэз».

Думаю, нейкай адмысловай рэакцыі, адмысловых захадаў на разьмяшчэньне ў Польшчы амэрыканскіх вайсковых падразьдзяленьняў Менск рабіць ня будзе.

Дракахруст: Я таксама думаю так. І не выключаю, што менавіта ў гэтай сытуацыі, калі мяняецца гаспадар Белага Дому, Пуцін прынамсі прытрымае пляны разгортваньня новых сілаў на заходняй мяжы Расеі і ў Калінінградзе. Я нагадаю, што летась, амаль год таму, расейскі міністар абароны Сяргей Шайгу казаў пра разгортваньне ў рэгіёне на захадзе Расеі новай арміі.

Сёе-тое, дарэчы, ужо зроблена ў гэтым рэчышчы. Расейскія войскі, якія зьявіліся летась у Клінцах — гэта адказ на тую самую брыгаду войскаў ЗША, якая зьяўляецца толькі зараз.

З новым адказам у Маскве могуць і не сьпяшацца. Тут трэба ўлічваць і тое, што па сутнасьці размова ідзе адносна невялікі кантынгэнт — чатыры тысячы чалавек. Гэта ніяк не мяняе стратэгічны балянс у рэгіёне.

жарт аднаго расейскага генэрала, які сказаў, што паводле ранейшых разьлікаў амэрыканцаў, расейскія войскі могуць за 60 гадзін захапіць Прыбалтыку, ну а пасьля разьмяшчэньня вось гэтай брыгады змогуць захапіць за 60 гадзін і паўгадзіны

Я прачытаў дзесьці жарт аднаго расейскага генэрала, які сказаў, што паводле ранейшых разьлікаў амэрыканцаў, расейскія войскі могуць за 60 гадзін захапіць Прыбалтыку, ну а пасьля разьмяшчэньня вось гэтай брыгады змогуць захапіць за 60 гадзін і паўгадзіны. Гэта ня той выклік, на які Расеі нават з яе стратэгічных меркаваньняў ёсьць патрэба адказваць.

Хаця расейцы мысьляць дастаткова стратэгічна. Яны мысьляць на вялікую пэрспэктыву. Гэта вельмі добра паказала іх рэакцыя на разгортваньне сыстэм СПА ЗША ў Румыніі і ў Польшчы. Расейцы не казалі: ой, мы так баімся гэтых сыстэм у тым выглядзе, якія яны зараз ёсьць. Яны казалі і кажуць, што гэтая сыстэма супрацьракетнай абароны не стрымае гіпатэтычны ўдар соцень расейскіх стратэгічных ракетаў. Але яны кажуць: так, але мы баімся, што амэрыканцы могуць вось гэтыя шахты, устаноўкі, усю ваенную інфраструктуру заўтра выкарыстаць зусім інакш.

Тое самае з гэтай брыгадай. Сама па сабе брыгада іх не палохае. Нават у межах іх крыху дзікіх уяўленьняў пра тое, што паўсюль ворагі, яны разумеюць, што гэты вораг ім не пагражае. А вось што на гэтай інфраструктуры можа ўзьнікнуць пазьней? А заўтра ўжо і дывізія зьявіцца, і яшчэ адна, і гэтак далей.

У прынцыпе, гэта лёгіка і нашых, беларускіх страхаў адносна расейскай базы. Ну і зьявіцца тая база — ці такая вялікая гэта будзе бяда для Беларусі? Не, сама па сабе не такая. А далей? База для Беларусі небясьпечная прэцэдэнтам. А заўтра яшчэ адна і ўжо сухапутная база. А пасьлязаўтра яшчэ дывізія зьявіцца. Расейцы прыкладна так сымэтрычна разважаюць.

Але фактар Трампа паўплывае на тое, каб гэта ня быў імгненны адказ. Але плян разгортваньня арміі, пра які казаў спадар Шайгу, не адмяняўся. Іншая справа, ці будзе у гэтых далёкіх плянах задзейнічаная Беларусь. Можа быць і так.

Вайсковыя экспэрты кажуць пра тое, што пры магчымым разьмяшчэньні групоўкі ў Калінінградзе з вайсковага пункту гледжаньня было б вельмі выгадна акружыць краіны Балтыі, заціснуць іх з дзьвюх бакоў — з Калінінграду і з паўночнага захаду Беларусі. Будзем спадзявацца, што гэтыя стратэгічныя гульні ўсё ж ня стануць рэальнасьцю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG