Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марэк Дамброўскі: «Беларусь разам з Туркмэністанам і Ўзбэкістанам — у аўтсайдэрах нават сярод краін СНД»


Марэк Дамброўскі
Марэк Дамброўскі

Адзін з аўтараў польскай «шокавай тэрапіі» 1989–1990 гадоў прафэсар Марэк Дамброўскі у інтэрвію Свабодзе разважае аб неабходнасьці эканамічных рэформаў у Беларусі.

У свой час Дамброўскі быў першым намесьнікам міністра фінансаў Польшчы Лешка Бальцаровіча, кансультантам шэрагу постсацыялістычных урадаў, а цяпер старшы навуковы супрацоўнік Цэнтру сацыяльна-эканамічных дасьледаваньняў CASE.

Марэк Дамброўскі добра ведае эканамічную сытуацыю Беларусі, рэгулярна тут бывае, пачынаючы з 1994 году. Кожны год ён бярэ ўдзел і ў Кастрычніцкіх эканамічных форумах, дзе дзеліцца сваімі думкамі пра тое, як выйсьці са складанага эканамічнага становішча, у якім апынулася Беларусь.

Рынкавыя рэформы ў Беларусі захрасьлі на шмат гадоў

На традыцыйнае пытаньне Свабоды: «Што рабіць?» Марэк Дамброўскі адказаў так:

Асабліва цяпер, калі зьнешнеэканамічная абстаноўка радыкальна памянялася — тым больш Беларусі трэба думаць пра рэформы.

«Трэба давесьці да канца працэс рынкавых рэформаў, які захрас у Беларусі на шмат гадоў.

Калі параўнаць Беларусь — я не кажу ўжо пра краіны Цэнтральнай Эўропы, але нават у параўнаньні з краінамі СНД — відавочна, што Беларусь далёка ня лідэр па шмат якіх рэйтынгах. Калі паглядзець на паказьнікі структурных і інстытуцыйных рэформаў Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця, ёсьць тры краіны-аўтсайдэры: Туркмэністан, Узбэкістан і Беларусь (па розных паказьніках парадак розны). Гэтыя тры краіны адрозьніваюцца ад астатніх тым, што ў вельмі важных кірунках рэформы буксуюць.

Я думаю, што асабліва цяпер, калі зьнешнеэканамічная абстаноўка радыкальна памянялася (я маю на ўвазе падзеньне цэн на рэсурсы, падзеньне цэн на нафту, немагчымасьць атрымліваць рэнту з гандлю з Расеяй) — тым больш Беларусі трэба думаць пра рэформы».

Марэк Дамброўскі прагназуе: пэрспэктыва на бліжэйшыя 2–3 гады — больш марудны рост усясьветнай эканомікі. На думку эканаміста, наўрад ці яна пачне расьці хутчэй бліжэйшым часам: нават калі асобныя краіны крыху паскораць рост, іншыя запаволяцца. Так што, у прынцыпе, сытуацыя не настолькі спрыяльная, як была, прыкладам, да крызісу 2008 году, і пэўны час нам яшчэ давядзецца жыць у такой абстаноўцы:

Адзіны шанец тут — павысіць прадукцыйнасьць працы. І па-другое — трэба прыцягнуць больш добрых інвэстыцыяў з-за мяжы.

«Зразумела, што нават калі Расея і суседняя Ўкраіна крыху стабілізаваліся, затрымалі падзеньне ВУП (Украіна нават пачала крыху расьці) — яны таксама наўрад ці вернуцца на шлях высокага росту (асабліва Расея). Цэны на рэсурсы, хутчэй за ўсё, у сярэднім застануцца на ўзроўні, набліжаным да цяперашніх. Дэмаграфічная абстаноўка і ў вашай краіне, і ва ўсёй Эўропе адмоўная, колькасьць насельніцтва працаздольнага ўзросту падае.

Так што адзіны шанец тут — павысіць прадукцыйнасьць працы. І па-другое — трэба прыцягнуць больш добрых інвэстыцыяў з-за мяжы. А гэта немагчыма без дастаткова радыкальных і комплексных рынкавых рэформаў».

Галоўная перашкода рэформаў у Беларусі

Дамінаваньне дзяржаўнага сэктару, перакананы Марэк Дамброўскі, — асноўная перашкода на шляху рынкавых рэформаў:

«Вельмі важная прыватызацыя дзяржаўнага сэктару, тым больш што ў Беларусі адна з самых высокіх доляў дзяржаўнага сэктару ў эканоміцы. Адмена рэглямэнтаваных абмежаваньняў для прыватнага бізнэсу (і для буйнога, і малога, і сярэдняга). Адмена рознага кшталту абмежаваньняў для замежных інвэстыцыяў. Рэформа праваахоўнай і судовай сыстэмы, рэформа дзяржкіраваньня, зямельная рэформа, безь якой ня будзе павышэньня эфэктыўнасьці сельскай гаспадаркі. Банкаўская рэформа, адмена таго, што называецца мяккімі бюджэтнымі абмежаваньнямі для дзяржпрадпрыемстваў — прыпыніць прамое або ўскоснае субсыдыяваньне адстаючых прадпрыемстваў...

Гэта тыя ж самыя прапановы, пра якія казалі і год таму, і некалькі гадоў таму», —заўважыў Марэк Дамброўскі.

Паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэту Беларусі, інфляцыя за студзень — кастрычнік склала 9,2%. Прыбыткі беларусаў імкліва падаюць: са студзеня па жнівень — на 7,1%. ВУП сёлета, насуперак афіцыйнаму прагнозу, зьнізіцца ня менш чым на 3%. У 2017 годзе, паводле прагнозу Міжнароднага валютнага фонду, стагнацыя працягнецца.

Шокавая тэрапія для Беларусі

На пытаньне, ці ня варта Беларусі пайсьці па шляху Польшчы 1989–1990 гадоў, калі тая перажыла шокавую тэрапію, правёўшы радыкальныя рэформы, Марэк Дамброўскі адказаў:

Я ніколі не карыстаўся тэрмінам „шокавая тэрапія“, гэта прыдумана праціўнікамі трансфармацыі для таго, каб у карыкатурным выглядзе прадставіць сутнасьць трансфармацыі, напалохаць людзей.

«Я ніколі не карыстаўся тэрмінам „шокавая тэрапія“, гэта прыдумана праціўнікамі трансфармацыі для таго, каб у карыкатурным выглядзе прадставіць сутнасьць трансфармацыі, напалохаць людзей. Мы можам казаць пра радыкальныя рэформы і комплексныя рэформы. Калі вы ўзгадалі Польшчу, скажу, што ніхто тады ня ведаў, як хутка зьявяцца вынікі, якімі будуць гэтыя вынікі. Так што казаць пра тое, што ўсе ведалі, што спачатку трэба ахвяраваць, цярпець, а потым будзе выйгрыш, не выпадае. Гэта далёка ня так.

Я думаю, тут іншы фактар адыграў сваю ролю: тагачаснае палітычнае кіраўніцтва, прэм’ер-міністры, віцэ-прэм’еры, што адказвалі за эканамічныя рэформы, былі гатовыя ўзяць на сябе палітычную рызыку правядзеньня гэтых рэформаў. У прынцыпе, яны заплацілі асабістую цану — я маю на ўвазе палітычную папулярнасьць. Але ўсё ж такі вынікі засталіся.

Але я б не параўноўваў цяперашнюю сытуацыю Беларусі з сытуацыяй любой іншай посткамуністычнай краіны ў 1989–1990 гадах. Я думаю, што тады глыбіня крызісу была нашмат большая — і макраэканамічнага, і структурнага крызісу.

Нягледзячы на тое, што Беларусь — ня лідэр рэформаў, усё ж такі частковыя зьмены адбыліся, рэформы прайшлі. А шок атрымаўся перш за ўсё з прычыны макраэканамічных крызісаў.

Нягледзячы на тое, што Беларусь — ня лідэр рэформаў, усё ж такі частковыя зьмены адбыліся, рэформы прайшлі. А шок атрымаўся перш за ўсё з прычыны макраэканамічных крызісаў — такія крызісы здараліся ў Беларусі некалькі разоў (апошні быў пры канцы 2014 — на пачатку 2015 году).

Цяпер пытаньне стаіць інакш: што зрабіць, каб пазьбегнуць чарговага крызісу праз пэўны час. У выніку прыватызацыі і рэструктурызацыі будуць і тыя, хто прайграе, і тыя, хто выйграе. Але я б не драматызаваў, тут усё ж такі іншая дылема: або вы праведзяце хуткія рэформы, пакуль сытуацыя яшчэ не зусім дрэнная, або вы зноў адкладаеце рэформы, і прыйдзе наступны крызіс, магчыма, нашмат глыбейшы, чым у 2008-м, 2011-м і ў канцы 2014 году. І тады ўжо ня будзе куды падзецца, і выдаткі будуць значна больш сур’ёзныя.

Гэта, перш за ўсё, пытаньне рашучасьці, перакананьняў, палітычнай волі кіраўніцтва».

***

Марэк Дамброўскі — доктар эканамічных навук, прафэсар. Адзін з заснавальнікаў Цэнтру сацыяльна-эканамічных дасьледаваньняў у Варшаве (CASE), ад 2011-га — старшыня Назіральнай рады цэнтру «CASE Украіна» ў Кіеве. Сябра Вучонай рады Інстытуту эканамічнай палітыкі імя Ягора Гайдара ў Маскве. Ад пачатку 1990-х удзельнічаў у дасьледчых і кансультацыйных праграмах CASE у Азэрбайджане, Баўгарыі, Беларусі, Босьніі і Герцагавіне, Грузіі, Эгіпце, Іраку, Емэне, Казахстане, Кіргізстане, Малдове, Манголіі, Польшчы, Расеі, Румыніі, Македоніі, Сэрбіі, Сырыі, Туркмэністане, Узбэкістане, Украіне. Займаў пасаду першага намесьніка міністра фінансаў Польшчы, быў дэпутатам польскага Сэйму, сябрам Рады грашовай палітыкі Нацыянальнага банку Польшчы. Марэк Дамброўскі — кансультант Усясьветнага банку і Праграмы разьвіцьця ААН. Сфэра навуковых інтарэсаў уключае праблемы макраэканамічнай палітыкі, глябалізацыі, фінансавых крызісаў, эканомікі палітычнай трансфармацыі, эўрапейскай інтэграцыі, ролі міжнародных фінансавых арганізацыяў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG