Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто быў Гаўлам у найноўшай гісторыі Беларусі: Быкаў, Пазьняк, Бяляцкі..?


Дзьмітры Гурневіч: У сераду, у інтэрвію Радыё Свабода, на пытаньне: хто мог бы прэтэндаваць на ролю беларускага Гаўла, Сьвятлана Алексіевіч адказала — Алесь Адамовіч.

«Іншага роўнага яму чалавека няма ў гэтым пляне. Менавіта гэты эўрапейскі размах думкі, гэтае выхаваньне сябе на Льву Талстым, на сумневах, на пакаяньні, на разважаньні — гэта быў ідэальны чалавек для гэтага» — сказала беларуская пісьменьніца ў інтэрвію Аляксандру Лукашуку, якое, дарэчы, можна будзе пабачыць у суботу.

Бясспрэчна, Алесь Адамовіч знакавая фігура ў беларускай гісторыі. Аднак я ўсё ж мяркую, што калектыўным Гаўлам у Беларусі былі Зянон Пазьняк і Беларускі Народны Фронт. Пазьняк і БНФ не здабылі ўладу ў краіне, але іх уплыў на адраджэньне беларускай дзяржаўнасьці, вяртаньне гістарычнай праўды, нацыянальных сымбаляў і адданасьці каштоўнасьцям — бясспрэчны і блізкі да эфэкту, які мела дзейнасьць Гавэла.

Пазьняк, як і Гавэл, нарадзіўся ў сям’і змагароў з таталітарызмам. Яго дзед Ян Пазьняк у міжваенны час быў адным зь лідэраў беларускіх хрысьціянскіх дэмакратаў, за што быў забіты савецкімі ўладамі. Бацька Пазьняка загінуў на фронце. І гэта толькі першае падабенства ў біяграфіі. Другое — гэта тэатар. Гавэл — вядомы драматург, тэатар быў часткай яго жыцьця. Пазьняк — тэатразнаўца, кандыдацкую дысэртацыю ён абараняў па тэме тэатру. Але гэта дэталі. Як і Гавэл, Пазьняк ужо з 1960-х гадоў заангажаваны ў дысыдэнцкі беларускі рух. Яшчэ ў студэнцкія гады яго выклікалі на допыты ў КДБ, запалохвалі і пагражалі. Пазьняк разам зь Лявонам Баразном абаранялі ад зьнішчэньня Верхні горад. Адкрыцьцё Пазьняком Курапатаў стала моцным ударам па ўсёй камуністычнай сыстэме. Дзяды ў Менску сталі першай масавай антыкамуністычнай дэманстрацыяй у СССР.

Ім удалося значна больш, чым заслугоўваў наш народ.

Напрыканцы 80-ых Пазьняк з паплечнікамі стварыў Беларускі Народны Фронт, які прывёў Беларусь да незалежнасьці. Ён і ягонае атачэньне на шмат крокаў апераджалі беларускае грамадзтва ў той час. Ім удалося значна больш, чым заслугоўваў наш народ. Яны былі праяўленьнем яго найлепшых рысаў: сумленнасьці, адвагі, прынцыповасьці. Ім даводзілася дзейнічаць у горшых умовах, чым Гаўлу ў Чэхіі. Сёньня гэтых людзей, шмат хто крытыкуе, маўляў, не зрабілі ўсяго, што маглі. У мяне добрая навіна для ўсіх крытыкаў — справу Пазьняка і БНФ можна працягваць і дамагацца большага. Вакансія на новага Гаўла вольная ва ўсе часы.

Ня ўсе могуць лічыць Пазьняка беларускім Гаўлам. І гэта нармальна. Нармальна таму, што і ў Чэхіі маса людзей ня лічыць Гаўла кімсьці выключным, і вельмі многія скептычна ставіцца да ягонай асобы. І гэта таксама нармальна, бо гаворка не пра пэрсоны, а тое, што зрабілі. Галоўнае, што ёсьць дзяржава Беларусь і што ёсьць свабодная Чэхія.

Валер Каліноўскі: Думаю, шмат людзей маглі б стаць беларускімі Гаўламі, калі б была запатрабаванасьць на такую асобу 25 гадоў таму і сярод беларускіх элітаў, і сярод беларускага народу. Гэтага не было. Сытуацыі ў Беларусі, якая была Вандэяй ў часы перабудовы, паводле Алеся Адамовіча, адрозьнівалася і ад Чэхіі, і ад Літвы з Украінай.

Можа было б больш дарэчным паставіць пытаньне, хто б мог быць беларускім Бразаўскасам, арыентаваным на нацыянальныя інтарэсы партыйным сакратаром. Але і Бразаўскаса свайго мы ня мелі.

Тым не меней, калі ўсё ж так пастаўленае пытаньне пра беларускага Гаўла, то я знайду фігуру якую варта было б параўнаць зь ім у Беларусі. Наконт Пазьняка я спрачацца не буду, тут няма чаго гаварыць.

Прапаную, напрыклад, праваабаронцу, літаратара і палітыка Алеся Бяляцкага. Як аўтар кнігі пра Алеся, ягоны біёграф, мяркую, што маю на гэта права. Алесь Бяляцкі — чалавек ініцыятыўны і пасьпяховы, ён шмат чаго дамогся, аб’яднаў вакол сябе людзей, згуртаваў праваабарончы рух, быў адным зь лідэраў БНФ, дэпутатам Менскага гарсавету, ствараў музэі, рухі, рэлігійныя суполкі. Дарэчы Алесь сустракаўся з Гаўлам і лічыў яго адным з найвялікшых сваіх аўтарытэтаў. Алесь Бяляцкі, знаходзячыся ў турме, атрымаў апошні ліст Гаўла ў падтрымку беларускіх палітвязьняў.

Бяляцкі яшчэ можа згуляць ролю, якая выпала Вацлаву Гаўлу.

Бяляцкі, дарэчы, яшчэ можа згуляць ролю, якая выпала Вацлаву Гаўлу, калі Беларусь адновіць рух у бок дэмакратыі, ягоны досьвед прыдасца, Бяляцкі як чалавек зь вялікім аўтарытэтам і досьведам, які разам з тым адышоў ад апазыцыйных разборак, можа стаць аб’яднаўчай фігурай. Але гэта залежыць ня толькі ад яго самога, а найперш ад гістарычнага моманту, ад грамадзкіх запатрабаваньняў, настрояў.

Тое, што шанец такі будзе, думаю, няма сумненьняў. Беларусь будзе эўрапейскай дэмакратычнай дзяржавай, і для гэтага ёй спатрэбяцца людзі кшталту Гаўла, і гісторыя іх вылучыць.

Уладзімер Глод: Я думаю, што ў Беларусі сваім Вацлавам Гаўлам маглі б стаць яшчэ некалькі людзей, якіх не назвалі мае калегі. Гэта — Васіль Быкаў і Станіслаў Шушкевіч. Але найперш Быкаў.

Чаму — ён? Пачну з аўдыторыі нашага радыё. Жаданьне бачыць Быкава пры ягоным жыцьці прэзыдэнтам Беларусі неаднаразова выказвалася ў тых лістах, якія атрымлівала «Свабода». Нехта можа запярэчыць: маўляў, слухачы «Свабоды» — гэта спэцыфічныя людзі. Няхай, у нейкай ступені так. Але ж Васіль Уладзімеравіч быў маральным аўтарытэтам для ўсяго народу Беларусі. Як высьвятляецца, нават такія фігуры, як Іван Антановіч і Мікалай Чаргінец прызнаюцца, што на іх духоўны ўплыў Быкава быў вельмі вялікім.

Васіль Быкаў як ніхто разумеў, што Беларусь выпала з нармальнага, натуральнага гістарычнага эўрапейскага працэсу.

Васіль Быкаў як ніхто разумеў, што Беларусь выпала з нармальнага, натуральнага гістарычнага эўрапейскага працэсу. Беларусь — гэта анамалія. І таму звычайныя меркі, якія сталі стандартамі для эўрапейскай дэмакратыі, эўрапейскай гісторыі, ня дзейнічаюць для Беларусі. Быкаў пісаў, што ён шмат думаў, як вярнуць Радзіму на натуральны шлях. І прыйшоў да высновы: толькі ў сям’і эўрапейскіх народаў — будучыня Беларусі. Калі сёньня многія дэмакратычныя арганізацыі Беларусі заяўляюць пра свой эўрапейскі выбар, то яны робяць гэта не без уплыву Васіля Ўладзімеравіча.

Васіль Быкаў цудоўна разумеў ролю роднай мовы беларусаў. Ён казаў, што гэтая праблема можа быць вырашаная толькі ва ўмовах сувэрэнітэту дзяржавы. Калі будзе ў нас дзяржава — ня трэба будзе ніякай прымусовасьці. Уся культура сама сабой пяройдзе на беларускую мову. Тое самае і моладзь. Гэта ўсё ляжа ў абсалютна натуральнае рэчышча гістарычнага разьвіцьця. Мова ў сувэрэннай дзяржаве будзе запатрабаваная. Яе ня трэба будзе навязваць, яна будзе патрэбная ўсім. Патрэбная нацыі.

Быкаў, што б хто не казаў, быў аптымістам. Вось што ён казаў: «Нават калі мы будзем мець пэрыяд стагнацыі і застою, дык гэта ня значыць, што беларуская гісторыя спынілася».

Мне шкада аднаго, што Васіль Быкаў у свой час ня стаў, як Вацлаў Гавэл, афіцыйным лідэрам нацыі. Калі б так адбылося, мы б мелі б зараз іншую нацыю ды іншы час на дварэ. У постаці Васіля Быкава, як увасабленьня сумленьня нацыі, для мяне застаецца галоўная загадка — чаму ён не адважыўся як Гавэл стаць публічным палітыкам? Калі б Васіль Уладзімеравіч па-сапраўднаму пайшоў у палітыку, я думаю, наўрад ці хто, уключаючы Лукашэнку, выстаяў бы супраць таго маральнага аўтарытэту, які меў Васіль Быкаў.

Але ж Быкаў ня стаў афіцыйным палітыкам. Так, ён аддаў дэмакратычнай палітыцы Беларусі сваё імя. Але палітыкам у поўным разуменьні гэтага слова ён ня стаў. Магчыма, што ён гэтага не хацеў сам. На жаль, ніхто ня здолеў пераканаць славутага чалавека, што ў 1994 годзе ён сам павінны быў балятавацца на прэзыдэнта.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG