Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разгул дэмакратыі на АНТ: 20 выступоўцаў і абвінавачваньні апазыцыі ў «палітычным ананізьме»


У ток-шоў «Справа прынцыпу» на АНТ зь вядоўцам Вадзімам Гігіным 12 верасьня было амаль два дзясяткі ўдзельнікаў.

Ток-шоў доўжыцца адну гадзіну эфірнага часу. Калі адкінуць час на вокс-популі і рэкляму — на кожнага з амаль 20 выступоўцаў застаецца па 2 — 3 хвіліны. Дыскусія выйшла за межы абмеркаваньня парлямэнцкіх выбараў. Гучалі і непарлямэнцкія выразы: «палітычная прастытуцыя» і «палітычны ананізм».

Адметнасьцю праграмы «Справа прынцыпу» на АНТ стала тое, што ў эфір былі запрошаныя многія прадстаўнікі апазыцыі: Аляксей Янукевіч (Партыя БНФ), Тацяна Караткевіч («Гавары праўду»), Сяргей Калякін (Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет»), Анастасія Дарафеева (Партыя «Зялёныя»), Ірына Вештард (БСДП Грамада).

Запрасілі абранага дэпутата, лідэра Патрыятычнай партыі Мікалая Ўлаховіча, а таксама яго суперніка, які зьняўся з выбараў — Васіля Задняпранага, неабранага дэпутатам намесьніка старшыні Лібэральна-дэмакратычнай партыі Алега Гайдукевіча.

У праграме ўзяла ўдзел і абраная дэпутатка па Стаўпецкай акрузе, намесьніца старшыні Таварыства беларускай мовы Алена Анісім. А вось дэпутатка ад АГП Ганна Канапацкая на ток-шоў не прыйшла — замест яе ўдзельнічаў намесьнік старшыні АГП Леў Марголін.

Сярод іншых гасьцей — старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, прафэсар Рэдфардзкага ўнівэрсытэту ЗША Рыгор Ёфэ, галоўны рэдактар газэты «Звязда» Алесь Карлюкевіч, прафэсар-сацыёляг Давід Ротман, палітоляг Вадзім Баравік, дэпутатка цяперашняга парлямэнту, выкладчыца паліталёгіі БДТУ Валянціна Лявоненка, таксама дэпутат, рэктар Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце Марат Жылінскі, намесьнік старшыні грамадзкага аб’яднаньня «Белая Русь» Сяргей Пігараў, прафэсар Санкт-Пецярбурскага ўнівэрсытэту Мікалай Мяжэвіч.

Старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч адзначыў, што гэта кампанія не адрозьнівалася ад папярэдніх:

Можна павіншаваць 110 чалавек, якія аказаліся ў парлямэнце, але нельга павіншаваць беларускі народ. Выбары не адлюстроўваюць волю народа.

«На жаль, мы ня можам сказаць, што выбары адбываліся свабодна, справядліва і сумленна. Можна павіншаваць 110 чалавек, якія аказаліся ў парлямэнце, але нельга павіншаваць беларускі народ. Выбары не адлюстроўваюць волю народа. Цікаўнасьць да выбараў вельмі нізкая, людзям усё роўна, хто пераможа».

Палітоляг Вадзім Баравік аспрэчыў: «Калі ты на галаву вышэй — ты пераможаш».

Ірына Вештард казала пры непразрыстасьць падліку галасоў. Распавяла, як яна спрабавала назіраць за падлікам, але ня ўбачыла нічога. Крытыкаваў працэдуру падліку галасоў і Сяргей Калякін, заўважыўшы, што ні сябры камісіяў, ні нават сама старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына ня ведаюць, як лічацца галасы.

Алег Гайдукевіч, які прайграў выбары, назваў іх «больш цікавымі і яскравымі, чым раней».

Тацяна Караткевіч адзначыла, што цікавасьць да выбараў у народа ня вельмі высокая. Тацяна за ўвесь час выбарчай кампаніі сустрэла толькі аднаго чалавека, які ведае прозьвішча свайго дэпутата ў парлямэнце.

Калі Тацяна сказала, што толькі два прадстаўнікі апазыцыі прайшлі ў парлямэнт, Алег Гайдукевіч удакладніў: тры (маючы на ўвазе адзінага прадстаўніка сваёй партыі). Караткевіч рэзка абрубіла: два!

Цяпер мы займаемся сымуляцыяй абмеркаваньня сымуляцыі выбараў, гэты постмадэрнізм проста выносіць мозг.

Лідэра Партыі «зялёных» Анастасію Дарафееву, якая казала, што выбараў не было, што «цяпер мы займаемся сымуляцыяй абмеркаваньня сымуляцыі выбараў, гэты постмадэрнізм проста выносіць мозг», Вадзім Гігін даволі груба перабіў: маўляў, «мы жывем у эпоху постмадэрнізму».

Выступоўцы гаварылі пра ўсё: пра інтарэс да палітычных партыяў, пра мадэлі эканамічнага разьвіцьця і дзьве Карэі, пра аднаўляемыя крыніцы энэргіі і АЭС, пра замежныя інвэстыцыі і рэстытуцыю, 1939 год...

У другой частцы ток-шоў слова далі экспэртам: старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай, сацыёлягу Давіду Ротману, амэрыканскаму прафэсару Рыгору Ёфэ.

Для Ярмошынай гэта выбарчая кампанія падалася «простай і лёгкай». Быў свабодны лібэральны фон, не было напружанасьці. «Гэтыя выбары харошыя», — падсумавала старшыня ЦВК. Што да абвінавачваньняў у непразрыстасьці, шматлікіх парушэньнях, спадарыня Ярмошына кажа:

«Мы знаходзімся па розныя бакі барыкадаў. Я б параўнала выбары з судом. Ёсьць пацярпелыя, ёсьць пераможцы, а ёсьць заўсёды вінаваты судзьдзя — гэта выбарчая камісія».

Нарэшце, дайшла чарга і да Алены Анісім. Вядоўца Вадзім Гігін павіншаваў намесьніцу старшыні ТБМ з абраньнем дэпутатам і прамовіў: «Звычайна і вас залічваюць да апазыцыянэраў, якія прайшлі ў парлямэнт і кажуць, што гэта знакавая падзея...»

Алена Анісім адказала:

Калі апазыцыя — гэта альтэрнатыўная думка, сваё бачаньне таго, як павінна разьвівацца краіна, якое можа часам не супадаць з афіцыйным курсам, тады так: я — апазыцыя.

«Дзякуй, што мяне аднесьлі да такога дастаткова аўтарытэтнага і прызнанага ў грамадзтве слоя — апазыцыі. Іншая справа — каго і як лічыць за апазыцыю. Калі апазыцыя — гэта альтэрнатыўная думка, сваё бачаньне таго, як павінна разьвівацца краіна, якое можа часам не супадаць з афіцыйным курсам, тады так: я — апазыцыя. Але калі лічыць, што я прэтэндую на думку, якая адзіна правільная, то, прабачце, не. Я маю свой погляд, я яго заўсёды адстойвала, ва ўсе часы, і мяне за гэта заўсёды паважалі».

Далі слова і намесьніку старшыні АГП Льву Марголіну, запытаўшыся, як ён лічыць, вылучэнку партыі Ганну Канапацкую ўсё ж такі абралі альбо прызначылі:

«Мне было б значна прыемней, калі б ніхто не сумняваўся. Але сацыяльныя сеткі бурляць. Я Ганну паважаю: цудоўная, пасьпяховая жанчына. Але сучасная выбарчая сыстэма не дае адказу на пытаньне: яе абралі ці ўсё ж такі прызначылі».

Вядоўца Вадзім Гігін перабіў і Марголіна — магчыма, з-за недахопу часу.

Наша апазыцыя з гэтай роляй не спраўлялася. Гэта палітычныя ананісты.

Гучалі і рэзкія абвінавачваньні на адрас апазыцыі. Палітоляг Вадзім Баравік узгадаў Леніна і яго тэрмін «палітычная прастытутка». «Наша апазыцыя з гэтай роляй не спраўлялася. Гэта палітычныя ананісты». Праўда, спадар Гігін дыскусію абарваў: маўляў, гэта Лідзія Міхайлаўна такім тэрмінам абураная.

Пры канцы праграмы зноў далі слова Алене Анісім. Не пасьпела яна сказаць дзьве фразы, як Гігін яе перабіў, задаўшы «чыста бытавое пытаньне»: «Вы гатовыя для сьвецкага жыцьця?» Што меў на ўвазе, не патлумачыў, але адказаць фактычна ня даў — зноў не хапіла часу. Паставіў пытаньне рубам: «У прэзыдэнты пойдзеце?» — «Час пакажа», — адказала Алена Анісім.

А вось Лідзія Ярмошына сказала, што ня можа дачакацца, калі адпачне: «Каб у студыю хадзіла ня я, а абраныя дэпутаты».

Дарэчы, на ток-шоў «Форум» на канале «Беларусь 1» на гадзіну раней за «Справу прынцыпу» вядоўца Дзьмітры Бачкоў наўпрост запытаўся ў Ярмошынай: «Вы застаяцеся ці сыходзіце?»

«Не скажу», — адказала Ярмошына.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG