Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урбаністка распавяла, як выратаваць старое Берасьце, страчаны беларускі горад на месцы чужой крэпасьці


Беларусь перажыла дзьве хвалі разбурэньня сваёй культурнай і архітэктурнай спадчыны — пасьля расейскай акупацыі ў 19 стагодзьдзі і падчас савецкага рэжыму 20 стагодзьдзя.

Пасьля атрыманьня Беларусьсю незалежнасьці разбуранае паступова аднаўляецца. Але сотні помнікаў далей руйнуюцца, бо афіцыйны Менск пасьлядоўна ігнаруе дасавецкую гісторыю краіны.

Пра посьпехі і цяжкасьці ратаваньня закінутай спадчыны карэспандэнт Свабоды пагутарыў з доктарам мастацтвазнаўства ў галіне ўрбаністыкі і архітэктуры Ірынай Лаўроўскай зь Берасьця.

Мара ўсяго жыцьця

Ірына Лаўроўская
Ірына Лаўроўская

У Ірыны Лаўроўскай, архітэктара і грамадзкага актывіста зь Берасьця, ёсьць вялікая мара, як кажуць, на ўсё жыцьцё. Яна імкнецца аднавіць гістарычны цэнтар свайго роднага горада, страчаны пасьля акупацыі Расейскай імпэрыяй, калі будавалі Брэсцкую крэпасьць. Калі раней мясцовыя ўлады лічылі нават размовы на гэтую тэму ідэалягічнай правакацыяй, то цяпер Ірыне ёсьць куды запрасіць усіх, каб паказаць, якім было сярэднявечнае Берасьце — на карцінах, чарцяжах і ў макетах:

«У нас адкрылі мастацкую галерэю, у якой выстаўлены макет старога горада, яна на тэрыторыі крэпасьці, і там можна адразу ўбачыць, як выглядаў наш стары горад у эпоху 17–18 стагодзьдзяў».

Берасьце да расейскай акупацыі ў канцы 18-га стагодзьдзя сапраўды было адным з найлепшых гарадоў былога Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, ня горшым за Львоў. Але ў 19-м стагодзьдзі на загад расейскага цара Мікалая I горад амаль цалкам разбурылі. Жыхароў выселілі ў чыстае поле, а шматлікія цэрквы, касьцёлы, палацы, кляштары перабудавалі пад казармы і вежы крэпасьці. Ніякага стратэгічнага значэньня гэтая крэпасьць ня мела ні ў Першую, ні ў Другую сусьветную вайну, нямецкія калёны проста яе абміналі.

Савецкі мэмарыял стаіць на руінах старога Берасьця
Савецкі мэмарыял стаіць на руінах старога Берасьця

У 20-м стагодзьдзі пры будоўлі комплексу «Брэсцкая крэпасьць-герой» нішчылі і падмуркі старых будынкаў, дзе якія яшчэ заставаліся.

Савецкая ўлада рабіла ўсё, каб берасьцейцы забыліся, які прыгожы быў калісьці іхні горад. Ад яго засталося толькі некалькі аб’ектаў забудовы і пляніроўкі.

Кавярня «Цытадэль» у Брэсцкай крэпасьці
Кавярня «Цытадэль» у Брэсцкай крэпасьці

Ад рэпрэсіяў да супрацоўніцтва з уладай

Доктар Ірына Лаўроўская доўгі час узначальвае грамадзкае аб’яднаньне «Стары горад», якое спрабуе прыцягнуць увагу ўлады і грамадзтва да праблемаў захаваньня і аднаўленьня старадаўняй спадчыны горада.

Спадарыня Лаўроўская ў дэталях вывучала старадаўнія пляны і апісаньні горада і будынкаў, працавала ў архівах, аднаўляла аблічча страчанага Берасьця хоць бы на паперы. Доўгі час яна была як бы дысыдэнтам, яе звальнялі з працы, а звароты ігнаравалі. Але цяпер сытуацыя паступова зьмяняецца — гарадзкія ўлады пачалі запрашаць яе да супрацоўніцтва, пагадзіліся на распрацоўку канцэпцыі і праекту рэгенэрацыі старога горада, адаптацыі абноўленых дамоў для сучасных патрэбаў, вяртаньня гарадзкога жыцьця на тэрыторыі, не занятыя мэмарыялам Брэсцкай крэпасьці.

«У 90-я гады мы нават ня марылі. Цяпер абмяркоўваецца, што кожная з эпох, якія перажыў наш горад на працягу 1000 год гісторыі, павінна быць адлюстраваная і павінна прыцягваць людзей. Гэта, вядома, вялікі прагрэс», — кажа Лаўроўская.

Велічны стары горад Берасьця хутка адбудаваць, як пасьляваенную Варшаву, ня ўдасца, але можна аднавіць некаторыя аб’екты спадчыны, а таксама вярнуць у горад ранейшыя элемэнты плянаваньня, вуліцы, пабудаваўшы на іх новыя патрэбныя гараджанам дамы.

Рэшткі берасьцейскага касьцёла і кляштара бэрнардынак. Фота Ірыны Лаўроўскай
Рэшткі берасьцейскага касьцёла і кляштара бэрнардынак. Фота Ірыны Лаўроўскай

Рэканструкцыя касьцёла і кляштара бэрнардынак. Архітэктары Ірына Лаўроўская, Андрэй Лары, Антон Вантух
Рэканструкцыя касьцёла і кляштара бэрнардынак. Архітэктары Ірына Лаўроўская, Андрэй Лары, Антон Вантух

Гэта і ёсьць рэгенэрацыя, пра якую кажа спадарыня Лаўроўская. Так робяць ня толькі ў Берасьці, але і ў іншых старадаўніх беларускіх гарадах:

«Памяняліся падыходы, цяпер такое пэрспэктыўнае бачаньне, зьяўляецца ўжо асаблівае стаўленьне ня толькі да пэўнага помніка, а да ўсёй тэрыторыі, уводзіцца такое паняцьце, як ахова тэрыторыяў. На жаль, выконваецца гэта цяжка, але разуменьне гэтага ёсьць, і ў нашым выпадку гэта рух наперад».

Царква на тэрыторыі Брэсцкай крэпасьці
Царква на тэрыторыі Брэсцкай крэпасьці

Славутасьці аднаўляюць, але вельмі павольна

У Беларусі ёсьць некалькі нядрэнных прыкладаў аднаўленьня старадаўніх замкаў. У прыватнасьці, замкавыя комплексы ў Міры і Нясьвіжы, унесеныя ў сьпіс сусьветнай спадчыны ЮНЭСКА. Цяпер аднаўляюцца кляштар у Бярозе, палацы ў Косаве і Ружанах. Хоць у Ірыны Лаўроўскай, як і ў многіх іншых спэцыялістаў, ёсьць шмат пытаньняў наконт якасьці рэстаўрацыі і аднаўленьня аб’ектаў архітэктурнай спадчыны, але гэта рух у правільным кірунку, кажа яна.

Адноўлены Мірскі замак, Гарадзенская вобласьць
Адноўлены Мірскі замак, Гарадзенская вобласьць

«Мы ўжо зразумелі, што маем вялікую патрэбу ў аднаўленьні нашых гістарычных помнікаў, спадчыны, выхоўваецца павага да іх. А другое пытаньне, як зрабіць так, каб задзейнічаць нашу эканоміку, каб гэта было ня толькі эстэтычнай патрэбай, але каб гэта было і эканамічна абгрунтавана. Мы павінны думаць пра рэальныя рэчы».

Галоўнае ж, што аднаўляюцца ня толькі славутасьці, але і сьвядомасьць людзей, іх стаўленьне да спадчыны. А адноўленыя аб’екты ўжо працуюць на эканоміку, прыцягваюць турыстаў, кажа Ірына Лаўроўская.

Эўрапейскі вопыт на ўзбраеньні

Спадарыня Лаўроўская заклікае беларусаў рыхтавацца да часоў, калі Беларусь больш інтэгруецца ў Эўропу, калі будзе больш спрыяльны візавы рэжым і трэба будзе клапаціцца, каб было што паказаць замежным турыстам.

Але трэба разумець, што Беларусь, небагатая краіна зь вельмі вялікай колькасьцю закінутых помнікаў, усё і адразу аднавіць ня можа.

Да пазытыву спадарыня Лаўроўская адносіць тое, што беларускія спэцыялісты бяруць на ўзбраеньне сучасны эўрапейскі досьвед рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры, асабліва польскі, літоўскі і ўкраінскі, паколькі Беларусь, Украіна і Польшча доўгі час былі ў адной дзяржаве і жылі ня толькі па адных законах, а і ў аднолькавых архітэктурных стылях.

У Беларусі і Ўкраіне цяпер вырашаюць вельмі блізкія праблемы ў справе захаваньня помнікаў гісторыі і культуры, кажа доктар Лаўроўская:

«Адна з праблемаў, якую мы добра адсочваем, гэта разбурэньне гістарычных помнікаў, праблема іх выкарыстаньня. Супрацоўніцтва паміж навуковымі коламі Беларусі і Ўкраіны актыўнае і плённае. Нам таксама неабходна супрацоўніцтва ў падрыхтоўцы спэцыялістаў. І гэта ўжо ёсьць. І нам, і ва Ўкраіне не ўдаецца пераламаць падыходы ў кіраваньні тэрыторыямі. Яно залежыць ад капіталу і інвэстыцыяў, якія вырашаюць усё. Гістарычная спадчына ў такіх умовах моцна цярпіць».

У Маскве раўнуюць

Тое, што ў Беларусі аднаўляюць замкі і палацы часоў ВКЛ і Рэчы Паспалітай, выклікае абурэньне шавіністычных колаў у Расеі. Сайт russkie.org нават назваў абноўленыя беларускія замкі «насеньнем варожасьці», а саму праграму «Замкі Беларусі» — антырасейскай. А сайт «Всемирная Россия» напісаў:

«У Беларусі прынятая ўрадавая дзяржпраграма „Замкі Беларусі“, за кошт бюджэту якой актыўна аднаўляюцца маёнткі польска-літоўскай шляхты, якая пазыцыянуецца дзяржагітпропам постсавецкай рэспублікі як „беларуская шляхта“. Таксама паўсюдна ўсталёўваюцца помнікі прадстаўнікам літоўскай і польскай шляхты».

Адрэстаўраваны замак Радзівілаў у Нясьвіжы, Менская вобласьць
Адрэстаўраваны замак Радзівілаў у Нясьвіжы, Менская вобласьць

Ірына Лаўроўская на гэта кажа, што некаторыя расейцы хацелі б, каб у Беларусі шанавалі толькі помнікі пэрыяду Расейскай імпэрыі і СССР:

«Але дамінанты нашай гістарычнай спадчыны былі пабудаваныя ў часы прыналежнасьці Беларусі да эўрапейскай прасторы. Гэта немагчыма зьмяніць. І тыя, хто выступае за „русский мир“ там, у Расеі, ня ведаюць гэтай гісторыі, і яна іх палохае: як гэта так, „бела-русы“, а раптам там касьцёлы, ратушы і г.д.».

Будучыня Беларусі — у вяртаньні ў эўрапейскую культурную прастору, перакананая Ірына Лаўроўская. І аднаўленьне гістарычнай спадчыны, археалягічных помнікаў гэтаму вельмі спрыяе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG