Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Як муж сышоў, брат заставаўся адзіным кармільцам», — сястра забітага Міхаіла Пішчэўскага


Працэс у справе МІхаіла Пішчэўскага
Працэс у справе МІхаіла Пішчэўскага

Да пацярпелых у справе аб забойстве гея Міхаіла Пішчэўскага суд дадаў ягоных брата і сястру

Віталь Барташэвіч і Тацяна Арэшка, зводны брат і родная сястра Міхаіла Пішчэўскага, які памёр ад траўмы, прызнаныя пацярпелымі ў справе, якую разглядаюць у Цэнтральным судзе Менску.

15 ліпеня працэс па справе аднавіўся. Новыя пацярпелыя атрымалі магчымасьць заявіць свае пазовы да Дзьмітрыя Лукашэвіча, якога пракуратура абвінавачвае ў прычыненьні сьмерці па неасьцярожнасьці і забойстве. Віталь Барташэвіч і Тацяна Арэшка выставілі падсуднаму грашовыя прэтэнзіі па 50 тысяч рублёў кожны (дэнамінаванымі грашыма). Пацярпелыя такім чынам абгрунтавалі свае пазовы і пракамэнтавалі іх на пытаньне абаронцы Дзьмітрыя Лукашэвіча:

«Калі б падсудны вярнуў мне брата, я б заплаціў яму ўдвая больш. Разумею, што грашыма жыцьцё вымераць немагчыма, сьмерць брата для мяне — вялікая страта і ўдар. Брат дапамагаў мне тым, што даваў працу, бо ён, як і я, займаўся будаўніцтвам. Але і гэта не галоўнае. Пасьля ягонай сьмерці не магу вярнуць душэўны спакой. Перад ноччу каляшу па горадзе на аўтамабілі, інакш не магу супакоіцца. Таксама варта ўлічыць, што ў выніку гэтых падзей я сам страціў сямʼю, бо калі жыў месяцамі ў Менску, даглядаючы брата, давялося назаўсёды расстацца з жонкай», — паведаміў суду Віталь Барташэвіч.

У сястры памерлага Тацяны Арэшкі свая драма, якая таксама стала вастрэйшай пасьля сьмерці Міхаіла Пішчэўскага.

«Я адна выхоўваю двух дзяцей, адзін зь іх інвалід. Калі муж даведаўся, што дзіця будзе інвалідам, сышоў. Міша рэальна дапамагаў мне грашыма гадаваць маіх дзяцей, і зь ягонай стратай мы фактычна страцілі кармільца. Гэта ня кажучы пра боль ад страты любімага брата, які таксама невымерны», — сказала Тацяна Арэшка.

Выстаўленыя пазовы Дзьмітрый Лукашэвіч не прызнаў, заявіўшы, што ў яго няма сродкаў, каб іх сплаціць. «Яшчэ з даўгамі за той пазоў не разьлічыўся, няма такіх грошай», — заявіў суду Дзьмітрый Лукашэвіч.

На першым судовым паседжаньні 7 ліпеня падсудны Лукашэвіч гэтак жа адрэагаваў на пазоў у 100 тысяч рублёў, які выставіла яму пацярпелая Валянціна Барташэвіч, маці нябожчыка Міхаіла Пішчэўскага.

Паводле леташняга суду, вырак якога сёлета быў адменены, Лукашэвіча абавязалі сплаціць у якасьці кампэнсацыі за маральную і матэрыяльную шкоду 213 мільёнаў рублёў старымі грашыма, што ён зрабіў і выйшаў з калёніі па амністыі. Усяго з 2 гадоў і 8 месяцаў зьняволеньня, якія суд летась прызначыў Дзьмітрыю Лукашэвічу ў якасьці пакараньня за хуліганскае траўмаваньне Пішчэўскага, пад вартай ён адбыў каля году.

Шмат хто ў Беларусі і за межамі краіны мяркуе, што яго гібель Міхаіла Пішчэўскага была зьвязаная зь ягонай нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыяй. Але ў 2015 годзе суд ня выявіў у дзеяньнях Дзьмітрыя Лукашэвіча матываў гамафобіі, а прызнаў яго вінаватым у нанясеньні цяжкіх цялесных пашкоджаньняў па неасьцярожнасьці ў выніку злоснага хуліганства.

Цяпер Дзьмітрыю Лукашэвічу прадʼяўлена абвінавачваньне паводле часткі 1 артыкула 144 (прычыненьне сьмерці па неасьцярожнасьці) і частцы 1 артыкула 339 (забойства) Крымінальнага кодэксу. Абвінавачаны знаходзіцца пад падпіскай аб нявыезьдзе.

Крымінальная справа адноўленая ў сувязі з новаадкрытымі абставінамі.

25 траўня 2014 году каля менскай кавярні Underworld, у якой праходзіла гей-вечарынка, Міхаіл Пішчэўскі быў моцна зьбіты. Наведнікаў, якія выходзілі з кавярні, пачалі абражаць маладыя людзі, якія знаходзіліся побач. Здарыўся канфлікт, Лукашэвіч моцна ўдарыў Пішчэўскага, той упаў і ўдарыўся галавой аб бэтон.

Міхаіл Пішчэўскі праляжаў у коме каля месяца ў 5-й клінічнай бальніцы, потым дома. З комы так і ня выйшаў і памёр у кастрычніку 2015 году.

15 ліпеня ў судзе па справе Міхаіла Пішчэўскага скончылася судовае сьледзтва. Спрэчкі бакоў прызначаны на 20 ліпеня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG