Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура абяцае разгледзець скаргі маці зьніклага міністра Захаранкі ў «нефармальным парадку»


Аляксей Стук
Аляксей Стук

Намесьнік генэральнага пракурора Беларусі Аляксей Стук адказаў на пытаньні журналістаў у Нацыянальным прэсавым цэнтры.

Чаму пракуроры, як і сьледчыя «футболяць» скаргі маці Захаранкі?

Маці зьніклага 17 гадоў таму экс-міністра ўнураных спраў Юрыя Захаранкі Ўльяна Захаранка шмат гадоў спрабуе дамагчыся ад супрацоўніка Сьледчага камітэту Вараўкі, каб той паведаміў ёй пра тое, што зроблена падчас сьледзтва ў справе яе сына. Аднак Вараўка нічога не паведамляе, хаця маці на гэта мае права як пацярпелая. Шмат разоў Ульяна Захаранка спрабавала абскардзіць дзеяньні Вараўкі ў пракуратуры, але і гэта выніку не дае. Ёй адказваюць, што закон «Аб зваротах грамадзянаў» Вараўка не парушыў. Між тым Ульяна Захаранка мяркуе, што адносна Вараўкі мусяць прыняць меры пракурорскага рэагаваньня за бязьдзеяньне. Чаму гэта не адбываецца? — запытаў карэспандэнт Свабоды ў Аляксей Стука?

Пракуратура разьбярэцца, ці варта разглядаць дзеяньні Вараўкі ў межах закону „Аб зваротах грамадзянаў“, ці ацэньваць у межах Крымінальна-працэсуальнага кодэксу.

Аляксей Стук: «Што рабіць з Вараўкай? Вараўка працуе ў Сьледчым камітэце, у ягоным разглядзе знаходзіцца гэта справа, мы ня можам даваць яму ўказаньняў, што рабіць. Пракуратура разьбярэцца, ці варта разглядаць дзеяньні Вараўкі ў межах закону „Аб зваротах грамадзянаў“, ці ацэньваць у межах Крымінальна-працэсуальнага кодэксу».

— Але атрымліваецца, што спачатку Ульяну Захаранку «футболяць» у Сьледчым камітэце, а калі яна скардзіцца ў пракуратуру, то і там — тое самае? — перапытаў карэспандэнт:

На гэта Аляксей Стук паабяцаў: «Добра, у нефармальным парадку мы яшчэ раз вернемся да гэтага пытаньня».

Калі зловяць рабаўніка БСБ-банку?

Яшчэ ў красавіку 2015 году ў Менску быў абрабаваны адзін зь філіялаў Беларуска-швайцарскаага банку ( БСБ-банк). Злодзей, які працаваў у банку, вынес зь яго больш за 650 тысяч даляраў, 64 тысячы эўра ды іншыя грошы. Пры гэтым зламысьнік трапіў на камэру відэаназіраньня, якая была ўсталявана ў банку, і таму здавалася, што ягоныя пошукі — справа некалькіх дзён. Мінуў год, а што зроблена?

Праўдападобна, той багаж, які ён з сабой захапіў, пакуль дазваляе яму пазьбегнуць вышуку. Магчыма, па меры заканчэньня грошай гэта закончыцца.

Аляксей Стук: «Канчатковага выніку яшчэ няма. Пракуратура выявіла пэўныя парушэньні ў банку ў арганізацыі службы бясьпекі, якія дазволілі гэтаму чалавеку безь перашкод зьдзейсьніць гэтае злачынства. Месца ягонага знаходжаньня не ўстанавілі, справай займаецца Сьледчы камітэт, які павінен арганізоўваць вышук і сьледзтва. Праўдападобна, той багаж, які ён з сабой захапіў, пакуль дазваляе яму пазьбегнуць вышуку. Магчыма, па меры заканчэньня грошай гэта закончыцца».

Калі спыніцца канвэер сьмяротных пакараньняў?

У сакавіку ў Менску праходзіла прадстаўнічая міжнародная канфэрэнцыя з удзелам прадстаўнікоў Эўразьвязу і АБСЭ, якія чарговым разам заклікалі беларускія ўлады адмовіцца, ці ўвесьці мараторый на выкананьне сьмяротнага пакараньня. Але з таго часу быў выкананы адзін сьмяротны прысуд і яшчэ адзін вынесены беларускім судом. Чаму Беларусь не адрэагавала на заклікі эўрапейскіх структураў спыніць практыку сьмяротных пакараньняў?

Нас падштурхоўваюць да адмены сьмяротнага пакараньня, але ў нас ня ўнесеныя зьмены ў закон, які абапіраецца на рэфэрэндум.

Аляксей Стук: «Так, нас падштурхоўваюць да адмены сьмяротнага пакараньня, але ў нас ня ўнесеныя зьмены ў закон, які абапіраецца на рэфэрэндум. Пры гэтым сьмяротнае пакараньне ўжываецца вельмі асьцярожна, толькі па 2-3 разы на год, ды і ня кожны год», — сказаў намесьнік генпракурора і прывёў наступныя лічбы сьмяротных пакараньняў па гадах з 2008 году:

2008 год — 2, 2009 — 2, 2010 — 2, 2011 — 3, 2012 — 0, 2013 — 4, 2014 — 0, 2015 — 2.

За палову 2016 году ўжо вынесена 3 сьмяротныя прысуды.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG