Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вязень магілёўскай турмы Андрэй Бандарэнка папярэдзіў пра галадоўку


Андрэй Бандарэнка. Архіўнае фота з суду, 29 ліпеня 2014 году
Андрэй Бандарэнка. Архіўнае фота з суду, 29 ліпеня 2014 году

Праваабаронца Андрэй Бандарэнка, якога трымаюць у магілёўскай турме паводле прысуду за злоснае хуліганства, папярэдзіў адміністрацыю ўстановы, што гатовы распачаць галадоўку з патрабаваньнем тэрміновай сустрэчы з прадстаўніком АБСЭ. Прычынай пратэсту Бандарэнка назваў пагрозы дадаць яму яшчэ два гады зьняволеньня да тэрміну, які ён ужо адбыў. Пра верагоднасьць галадоўкі Андрэя Бандарэнкі паведаміў ягоны бацька Валер Бандарэнка.

Валер Бандарэнка
Валер Бандарэнка

«Ад Андрэя прыйшоў ліст, што сытуацыя пагаршаецца і ён папярэдзіў турэмнае начальства, што распачне галадоўку, калі ўсё будзе гэтак жа працягвацца. Пачалося з пакараньня карцэрам. А як адбыў у штрафным ізалятары сваё пакараньне, да яго прыйшлі браць тлумачэньне. Нібыта запісалі ягоныя словы, але калі прынесьлі тое тлумачэньне на подпіс, там аказалася ўсё зыначана. Вось чаму Андрэй падпісваць ня стаў, а пажадаў зрабіць свае заўвагі. Але на гэта яму сталі пагражаць, што завядуць новую справу, і тады дадатак яшчэ ў 2 гады яму забясьпечаны. Андрэй папярэдзіў, што ў такім выпадку пачне галадоўку. Пачаў ці не, мне невядома, бо ліст ад яго ішоў тыдзень, а да таго двойчы яму вяртаўся. Што цяпер з Андрэем, ня ведаю. Ведаю толькі, што іншыя лісты ад яго сябрам не дайшлі, вярнуліся яму. Адміністрацыя працягвае трымаць яго ў ізаляцыі», — распавёў Валер Бандарэнка.

Апошняе пакараньне пяцьцю днямі карцэра Андрэй Бандарэнка атрымаў у пачатку чэрвеня за тое, што падчас выхаду на праходку адказаў на пытаньне «Зь якой камэры?», якое пачуў на свой адрас. Аказалася, што вязьня запытаў нехта з тых, каго трымаюць у сьледчым ізалятары. Раней Бандарэнка атрымаў загад вартаўніка не размаўляць ні з кім зь ліку арыштантаў.

«Яго трымаюць у ізаляцыі, зь ім забаронена размаўляць іншым вязьням, яму — зь імі. Я неаднаразова скардзіўся на такія ўмовы, але нічога не дапамагае», — паведаміў бацька вязьня.

Былы кіраўнік арганізацыі абароны правоў вязьняў «Плятформа» Андрэй Бандарэнка ў 2014 годзе быў асуджаны на 3 гады зьняволеньня за злоснае хуліганства. На судзе Бандарэнка прызнаў віну часткова і заявіў, што супроць яго спэцслужбы зладзілі правакацыю. Меркаваньні беларускіх праваабаронцаў наконт справы Андрэя Бандарэнкі разышліся. Адны мяркуюць, што пакараньне, якое атрымаў калега, адпавядае судовай практыцы, іншыя патрабуюць прызнаньня, што справа Бандарэнкі палітычна матываваная і яе трэба перагледзіць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG