Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што адбываецца ў Беларусі — паказуха ці барацьба з карупцыянэрамі?


Абмяркоўваюць Алег Грузьдзіловіч, Уладзімер Глод, Валер Карбалевіч.


Грузьдзіловіч: На ўчорашні арышт Генадзя Гаспадарыка красамоўна адгукнуўся Інтэрнэт. Допісы ў сацыяльных сетках самыя супярэчлівыя і надзвычай рэзкія. Ад традыцыйнага асуджэньня чарговага карупцыянэра (хаця, заўважу, яшчэ ня толькі не было суду, але не было і зьвестак, што афіцыйнае абвінавачаньне ў хабары выставілі) да кампэтэнтных намёкаў аб правакацыі.

«Каля 15 год таму працавала пад ягоным кіраўніцтвам, — піша на форуме talks.by карыстальнік prygazhunya. — Лічу яго адным з самых адэкватных кіраўнікоў у параўнаньні зь іншымі намесьнікамі старшыні „Беларусбанку“. Хто працаваў ў цэнтральным апараце, той ведае, які там тэрарыюм аднадумцаў. І здрадзяць і падставяць».

А вось і допіс чалавека, які ад прыватнага пераходзіць на агульнае. «А што, у Драздах на вілу і яшчэ пару катэджаў у іншых месцах астатнія напрацавалі сумленна?»

Пяройдзем і мы да агульнага, тым больш, што справа Генадзя Гаспадарыка пакуль выглядае вельмі цьмянай, і зусім незразумела, чым закончыцца. Бывала і ў нас, што значнага кіраўніка затрымлівалі, але ўжо празь некалькі дзён ці тыдняў вызвалялі і нават вярталі на іншую пасаду. Калі хто забыў такія выпадкі, дык нагадаю, як ў пачатку 2000-х арыштавалі дырэктарку цырку Тацяну Бандарчук і абвясьцілі пэўныя сумы грошай, якія яна нібыта брала ў якасьці хабару з прыяжджаючых артыстаў, але справа скончылася вызваленьнем і трыюмфам Бандарчук.

Генадзь Гаспадарык, магчыма, асоба не такая публічная, але вось зараз і выявіцца, наколькі ўплывовая. Прычым, я не выключаю і варыянт правакацыі, пра які пішуць ў інтэрнэце. Бо ўсё ж неяк дзіўна, каб кіраўнік такога рангу, банкір з высокай пасадай, браў грошы ў сваім кабінэце. Мы ведаем, што чыноўнікі нават сярэдняга ўзроўню баяцца размаўляць адкрыта ў кабінэтах, бо ведаюць, што ўсюды ўсталявана «праслушка». А тут — браў грошы, 14 тысяч даляраў. Не, канешне, у нас усё магчыма. Нельга выключаць і банальнага «адкату» за выданьне выгаднага крэдыту. Вось цяпер ідзе суд над былымі судзьдзямі Менскага эканамічнага суду. Дык адзін зь іх цалкам прызнае віну, пацьвярджае, што паставіў справу на паток, браў працэнт ад сумы пазову, калі вырашаў справу на карысьць хабарніка. То бок, што практыка «адкатаў» існуе — на гэта нельга закрываць вочы і валіць усе на ўладу, што яна не змагаецца, а толькі робіць выгляд. Бывае па-рознаму.

Калі 22 гады таму Лукашэнка прыходзіў да ўлады, барацьбу з карупцыяй ён зрабіў адной з падставаў утворанай ім палітычнай сыстэмы.. Але адбылося яўнае выпусташэньне гэтага прынцыпу: людзі ў яго ўжо ня вераць.

Але чаму я параўнаў лёс Генадзя Гаспадарыка з Ганнай Шарэйкай, якая літаральна два тыдні таму выйшла на волю пасьля двух гадоў сьледчага ізалятару і суду ды ўжо вярнулася на былую пасаду дырэктара Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі? Бо пра арышт Шарэйкі гэтак жа заявілі на ўсю краіну, сам старшыня КДБ Валер Вакульчык пераконваў «сэнатараў», што трэба пагадзіцца на крымінальны перасьлед, бо доказы «жалезныя». А што ў выніку? У выніку, як кажуць, «пшык» і страта іміджу дзяржаўнай праваахоўнай сыстэмы, якая яўна скіраваная на пошук гучных ахвяраў, ня важна, наколькі яны вінаватыя. Канешне, атрыманьне хабару ў кабінэце даказваць лягчэй, чым страты праз закупку камбікорму замежнай вытворчасьці, але таго, што ня ўсё супадзе ў справе Гаспадарыка на судзе, можна не выключаць. Згадваю працэс над былым «мэрам» Менску Васільевым, на якога было спачатку заяўлена, што ён атрымаў хабар ажно ў 500 тысяч даляраў. Таксама ў кабінэце. А ў судзе выявілася, што і сума была ўдвая меншай, і грошы прынёс чалавек, якога падаслала само ж КДБ.

І цяпер мая галоўная выснова з працэсаў над карупцыянэрамі, якія адбываюцца апошнім часам. Калі 22 гады таму Лукашэнка прыходзіў да ўлады, барацьбу з карупцыяй ён зрабіў адной з падставаў утворанай ім палітычнай сыстэмы. І неяк, зь пераменным посьпехам, спрабаваў прытрымлівацца гэтага правіла праз усё сваё праўленьне. Але апошнім часам адбылося яўнае выпусташэньне гэтага прынцыпу: людзі ў яго ўжо ня вераць. Бо карупцыянэраў нібыта кідаюць у турму, але хутка выпускаюць: яны, аказвацца, такія патрэбныя дзяржаве, што безь іх нікуды. Былога намесьніка генпракурора, які браў хабар, можна прызначыць кіраўніком саўгасу, былых хабарнікаў-чыноўнікаў — дырэктарамі заводаў. З гэтага людзі бачаць, што мараль, закон для ўладаў нічога ня вартыя, і ім таксама можна не карыстацца такімі арыенцірамі. Але гэткі шлях — разбурэньне сыстэмы, фундамэнту, на які абапіраецца любая дзяржава, у тым ліку беларуская. Разбурэньне таго, на чым трымаецца імідж Лукашэнкі. І як з гэтай калізіі будзе далей выбірацца цяперашняе беларускае кіраўніцтва?

Глод: Пачну з таго, што карупцыя — гэта ня толькі беларуская зьява. На хабар летась патрацілі каля 2% сусьветнага валовага ўнутранага прадукту. А гэта прыблізна ад 1,5 да 2 трыльёнаў даляраў. Менавіта такія лічбы назвала ў сваім новым эсэ «Адкрыта аб карупцыі» дырэктар-распарадчык Міжнароднага Валютнага Фонду Крысьцін Лагард. Яна падкрэсьліла, што на шчырую размову яе падштурхнула актуальнасьць гэтай тэмы:

«У рамках нядаўняга глябальнага апытаньня карупцыя разглядалася як тэма, якая часьцей за ўсё абмяркоўваецца грамадзкасьцю, нават часьцей за беднасьць і беспрацоўе».

Калі казаць пра Беларусь, то карупцыя ў ёй разьядае ўсё, як іржа жалеза. І гэта нягледзячы на пастаянныя заклікі Аляксандра Лукашэнкі да змаганьня з гэтай самай карупцыяй. І ня толькі заклікі — летась прыняты фактычна новы закон аб барацьбе з карупцыяй, заводзяцца новыя гучныя справы супраць карумпаваных чыноўнікаў. А Аляксандар Лукашэнка нават сказаў, што карупцыя — гэта галоўны чыньнік, які стварае пагрозу «майданаў» у постсавецкіх краінах.

Беларусь нечым нагадвае Грузію. Пра былога прэзыдэнта Грузіі Міхаіла Саакашвілі кажуць, што ён здолеў перамагчы ці значна зьменшыць побытавую карупцыю, але пры ім яна квітнела ў вышэйшым эшалёне ўлады.

Аднак, нягледзячы на ўсё гэта, колькасьць гучных гісторыяў аб карупцыі ў Беларусі не памяншаецца. І гэта пры тым, што ў нашага народу па-ранейшаму застаецца сацыялістычны калектывісцкі мэнталітэт з абвостраным пачуцьцём справядлівасьці. Але якраз з-за гэтага я не магу, шчыра прызнаюся, зразумець, чаму людзі не запытаюць Лукашэнку: да чаго ж прывяла яго 20-гадовая барацьба з карупцыяй? Бо, як лічаць экспэрты, сёньня значна больш карупцыі, чым было два дзесяцігодзьдзі таму.

На пытаньне Алега Грузьдзіловіча, што адбываецца ў Беларусі — паказуха ці барацьба з карупцыянэрамі, я адкажу так: і адно, і другое. Сапраўды, ёсьць справы, дзе віна карумпаваных чыноўнікаў даказаная, і яны атрымалі заслужанае пакараньне. Але ж, з другога боку, ёсьць і іншыя гучныя справы: старшыні канцэрну «Белнафтахім» Ігара Жыліна, якога арыштавалі за тое, што ён па службовым тэлефоне вёў прыватныя размовы. Альбо згадаем мэблевы гарнітур у былога міністра сельскай гаспадаркі Васіля Лявонава.

І ўрэшце дойдзем да скрыні цьвікоў у Станіслава Шушкевіча.

Магчыма, Беларусь нечым нагадвае Грузію. Пра былога прэзыдэнта Грузіі Міхаіла Саакашвілі кажуць, што ён здолеў перамагчы ці значна зьменшыць побытавую карупцыю (напрыклад, у той жа паліцыі), але пры ім яна квітнела ў вышэйшым эшалёне ўлады. Так, відаць, і ў Беларусі. Як інакш патлумачыць палацы чыноўнікаў у Драздах і Вясьнянцы? Нават на іх заробак збудаваць такія катэджы немагчыма. І для Лукашэнкі гэта ж таксама не сакрэт.

Карбалевіч: Крымінальная справа адносна Гаспадарыка ўсё ж непадобная да справы Ганны Шарэйкі. У той справе дырэктаркі Віцебскай птушкафабрыкі гаворка ішла пра матэрыяльныя страты, гаспадарчыя парушэньні. І трактаваць гэта можна было па-рознаму.

Апошнім часам буйных чыноўнікаў садзяць за хабар зь вельмі сумнеўнымі доказамі.

А тут пытаньне больш простае — хабар. Пра гэтую справу, пакуль, мала што вядома. Можа яго ўзялі ў момант атрыманьня хабару, і гэта зафіксавана, даказана.

Але хацеў бы зьвярнуць увагу, што апошнім часам буйных чыноўнікаў садзяць за хабар зь вельмі сумнеўнымі доказамі. Цяпер нават ня трэба рабіць апэрацыю з памечанымі купюрамі, доказамі з дапамогай відэа ці аўдыё. Цяпер дастаткова знайсьці чалавека, які сьведчыць, што даваў хабар чыноўніку, і ўсё — чыноўніка пасадзяць. Прычым, чалавека, які знаходзіцца пад сьледзтвам і таму лёгка паддаецца ціску сьледчага. Так, напрыклад, пасадзілі старшыню Белкаапсаюза Сяргея Сідзько. Былі і іншыя такія прыклады.

У адсутнасьці незалежнага суду (бо беларускі суд фактычна не выносіць апраўдальных прысудаў), вялізных функцый праваахоўных органаў, цяжка казаць, хто зьяўляецца сапраўдным злачынцам, а хто — не. То бок, сыстэма правасудзьдзя разбурана.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG