Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусь пасьля вайны — папялішча» — 94-гадовы вэтэран вяртаецца з Амэрыкі ў Беларусь у дні перамогі


Вэтэран Васіль Гаўрлавіч Сьмелякоў разам з унучкай Палінай Масьлянковай
Вэтэран Васіль Гаўрлавіч Сьмелякоў разам з унучкай Палінай Масьлянковай

Гэтая гісторыя пра майго стрыечнага дзеда, Васіля Гаўрылавіча Сьмелякова, вэтэрана вайны, які цяпер жыве за акіянам і штогод менавіта на Дзень Перамогі наведвае Беларусь.

Вось і сёлета дзядуля Васіль, якому ўжо 94 гады, зьдзівіў сваякоў сваімі плянамі: пабачыць родных у Менску, завітаць на Віцебшчыну, прыбраць могілкі жонкі, ускласьці кветкі да Кургана Славы, схадзіць у Музэй гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і адправіцца далей на Кубань, да маёй бабулі Веры.

Мае бацькі Гаўрыла і Фядора мелі шасьцёра дзяцей: тры дачкі і тры сыны. Але бедна жылі, голыя хадзілі. Не было ў мяне нават якога пальцечка. Босыя бегалі ў школку. Бегаць я вельмі любіў — ніхто мяне ў вёсцы дагнаць ня мог. Дык вось было гэта вясной, пабег я ў школу, а назад — сьнег выпаў. Вядома, я не спужаўся, рушыў бегма дахаты. Прабег недзе паўдарогі, а насустрач да мяне маці ідзе, бацінкі нясе. Вось якая клапатлівая была! Як яна працавала! Трэба ж было накарміць і апрануць шасьцёра дзяцей, ды яшчэ лепш за іншых. Яна прала і ткала дзень і ноч, працавітая была! Цяпер такіх няма!

Мы ледзь-ледзь і не трапілі ў кулакі. Хоць і не былі заможныя, але ўсё ж мелі пяць кароў ды трое коней — гэта многа. Было ў нас на вёску тры ладныя гаспадаркі, але не знайшлося такога чалавека, які б падпісаў нас на раскулачваньне.

Скончыў я школу з адзнакай і абраў настаўніцкі шлях, бо настаўнік на вёсцы ў той час быў ці не адзіным адукаваным чалавекам, а я цягнуўся да навукі. У 1937 годзе паступіў я ў Лепельскае пэдагагічнае вучылішча. Быў конкурс 7 чалавек на месца! А пасьля мяне ды яшчэ 40 выдатнікаў накіравалі на курсы настаўнікаў 5-7 клясаў. Разьмеркавалі ў Чашніцкі раён, у тую самую школу, дзе ўжо працавала мая старэйшая сястра Ганна. Прыехаў я, а там настаўнікаў не стае, і мне, апрача гісторыі, далі выкладаць хімію, геаграфію, канстытуцыю, фізкультуру і сьпевы.

Васіль Гаўрылавіч Сьмелякоў
Васіль Гаўрылавіч Сьмелякоў

Выкладаў па-беларуску, вядома. Усё чыста па-беларуску. І зараз бы гаварыў, толькі пару месяцаў бы папрактыкавацца. А рускай я авалодаў у войску. З тае пары па-руску і размаўляю.

Я толькі два месяцы папрацаваў у школе, як прыйшла позва ў войска. У казакі. Кавалерыйскі полк. Хлопцы з адукацыяй павінны былі служыць усяго год — і атрымліваць афіцэрскае званьне. Але на Захадзе ўжо грымела вайна. Мне прапанавалі на выбар 25 вучылішчаў — і паехаў я ў Харкаўскае артылерыйскае. Там і напаткала нас вайна.

Увесь першы бой памятаю да дробязяў, а страху не памятаю. Каля нас не рваліся кулі, а мы багата танкаў падбілі, 21 снарад выпусьцілі — а гэта нямала.

З вайны памятаю, як акружылі нас пад Белгарадам, пачынаўся люты голад, са стагоў да апошняга коласа ўсё павыцягвалі, паўсюль толькі косьці ляжалі. Але прыйшла падмога і вызваліла нас з аблогі. Разграмілі тады тры дывізіі аўстрыйскія і нібыта дзьве італьянскія нават. Аўстрыйцы ды італьянцы слаба ваявалі, вось немцы — тыя ўстойлівыя былі.

Ніякай сувязі з сям’ёй не было, вось і даводзілася спадзявацца на лепшае. Аднойчы ў 1943-м я пазнаёміўся зь дзяўчынай са Смаленску і папрасіў яе напісаць ліст дадому, што я жывы. А сам я падчас вайны ня ведаў, што малодшая сястра са сваяком былі ў партызанах, маці цягнула ўсю гаспадарку на сабе, бо бацьку пагналі ў Нямеччыну, на капальні. А калі іх вызвалілі саюзьнікі, бацьку прапанавалі паехаць у Амэрыку, але ён адмовіўся, бо на радзіме яго чакала вялікая сям’я.

Быў у нас маёр Чарнанос, зямлянку яму будавалі заўжды ў тры накаты, выпіць ды паесьці любіў, а яшчэ трымаў гарэм з трох радыстак. Можа, трэба было язык трымаць за зубамі, а я выказаў усё, што пра яго думаю. І вось выклікаў ён мяне, загадаў дастаць мапу мясцовасьці (а былі мы пад Віцебскам), вызначыць пэўны квадрат і ўначы гарматы пераставіць на ўзьлесак. А ці будзе пяхота перад намі, не сказаў. Перасунулі мы гарматы, акапаліся і выставілі дазор. А пад вечар на полі зьявілася шмат салдат. Ну, думаем, нашы ці немцы, здалёк не відаць. Мне кажуць: «Страляць трэба, нашых так шмат быць ня можа». Я кажу: «А калі па нашых страляць пачнём, усіх адразу пад ваенны трыбунал». Так чакалі мы, пакуль не пачулі, што яны нямецкія песьні сьпяваюць. Тады пачалі біцца і за сябе, і за пяхоту. Стрэлілі беглым агнём, а яны ўсё ідуць. Стрэлілі другі раз — шыхты парадзелі, але ўсё яшчэ ідуць. Стрэлілі трэці — пабеглі немцы.

Васіль Гаўрылавіч Сьмелякоў у музэі ВАВ
Васіль Гаўрылавіч Сьмелякоў у музэі ВАВ

Сьцямнела, а салдаты просяць мяне: «Таварыш старшы лейтэнант, дазвольце пашарыць па кішэнях». Спачатку адмовіў, бо там жа маглі быць параненыя, якія могуць адбівацца. Але ўсё ж упрасілі і пайшлі. Прыцягнулі розных ножыкаў ды гадзіньнікаў і мне прапаноўвалі, але я ня ўзяў. Аказваецца, гэта быў штрафбат, кінулі іх пад снарады, штрафнікоў нідзе не шкадавалі: ні ў нас, ні ў немцаў.

На раніцу на тым самым узьлеску пачалася бамбёжка, мы пахаваліся ў акопах, і тут раптам як бахне каля нас — мне абедзьве нагі аскепкам параніла: на адной назе паўвалёнка як не было, а ў другой аскепак тырчыць. Я яго рукой выцягнуў ды выкінуў, а лепш бы пакінуў на памяць.

Мяне адправілі ў ваенна-палявы шпіталь, там нажывую зашылі, а тэмпэратура была пад 39. Тады капітан, што ляжаў побач, параіў: «Як толькі прынясуць тэрмомэтар, ты патрымай яго да 37 і выкідвай, іначай загнесься тут». Так я і зрабіў, і мяне хутка адправілі на эвакуацыю, у Смаленск. Там хірург зірнуў і адразу паклаў на апэрацыйны стол: рана загнаілася, пачалася гангрэна. Каб яшчэ крыху прамарудзілі, аднялі б нагу. Праз два дні наклалі гіпс і адправілі ў Калугу. А потым пад Кіраўск: там яшчэ было каля чатырох апэрацый.

Калі ўжо стала зразумела, што Бэрлін акружаны, нас звольнілі як афіцэраў запасу, і я паехаў у Маскву. Там спыніўся ў родзічаў і сустрэў дзень Перамогі. Салют глядзеў і ня мог у гэта паверыць. Тады яшчэ мне казалі заставацца ў Маскве, бо ў Беларусі разруха, голад. Але я не паслухаўся, вярнуўся ў сваю вёску і там прыдаўся.

Васіль Гаўрылавіч Сьмеялкоў у музэі ВАВ
Васіль Гаўрылавіч Сьмеялкоў у музэі ВАВ

Ніколі я ня быў згодны з «палітыкай партыі», але выкладаў, як было напісана ў падручніках, пра вайну распавядаў шмат з уласнага досьведу. Мне як інваліду вайны можна было не працаваць, а я ўсё адно працаваў дырэктарам школы, бо не было каму. Цяжка даводзілася: у кожнай вёсцы трэба было ўзводзіць будынак школы, бо ўся Беларусь пасьля вайны — гэта суцэльнае папялішча. Як трохі ўздыму якую школку, мяне перанакіроўвалі ў іншую — зноў пачынаць з нуля. І так было, пакуль мы не аселі ў Сяньне.

Алег, наш сын, скончыў мараходнае вучылішча, а вось Тацяна, дачка, хадзіла ў музычную школу ў Сяньне, потым скончыла музычнае вучылішча ў Віцебску. Там пазнаёмілася зь Яўгенам Магаліфам. Быў ён адзін хлопец на 12 дзяўчат, ды ажаніўся з нашай Таняй. Яны скончылі кансэрваторыю: Жэня вучыўся на кампазытара, а Таня абрала тэорыю музыкі.

Васіль Гаўрылавіч Сьмелякоў разам з сямьёй
Васіль Гаўрылавіч Сьмелякоў разам з сямьёй

Перад развалам Савецкага Саюзу. Яўген працаваў на радыё, там пазнаёміўся з Данчыкам, калі той прыяжджаў у Беларусь. Дык ён і запрасіў Жэню з сям’ёй наведаць Амэрыку. Так яны там і засталіся. Здалі іспыты ангельскай мовы, Таня стала выкладаць музыку ў школе. Але гэта цяжка: 7 урокаў штодзень і 5 хвілін на перапынак, а яшчэ хор ды канцэрты ў касьцёле. Калі я там гасьцяваў, зрабілі прафэсійны запіс з маімі сьпевамі.

Калі стала самотна, я думаў быў пераехаць да сястры Веры на Кубань. Пабываў і ў сына ў Пецярбургу, але там цеснавата было ў аднапакаёўцы. Тады дачка паклікала да сябе ў Амэрыку. Пакуль жыў зь імі, не было з кім словам перакінуцца, бо мовы я ня ведаю, а Таня і Жэня ўвесь час на працы. Тады перасяліўся ў дом для пэнсіянэраў, у якім жывуць і кітайцы, і індусы, і габрэі. Некаторы час нават працаваў у гэтым доме швэйцарам.

Ня ведаючы ангельскай мовы жыць там магчыма, але вельмі цяжка. Раней яшчэ ведаў словаў 200 ды амэрыканскі гімн сьпяваў, але цяпер ужо пазабываў. Рускую мову ведаюць толькі габрэі, дык з імі мы і сябруем. Канцэрты ладзім. У мяне нават акампаніятар зьявіўся.

Прачынаюся я а шостай раніцы, дзьве гадзіны раблю зарадку. Далей гатую сабе на сьняданак кашу з салатай, а потым іду на прагулку ў парк альбо на старыя могілкі, там жывуць суркі ды вавёркі, я люблю іх падкормліваць. Пасьля абеду ежджу на масаж і на закупы. Мяса я рэдка ем, больш садавіну ды гародніну: цыбулю, часнок, авакада, шпінат, сельдэрэй, памідоры, гуркі, капусту — гэта для салаты. Яшчэ арэхі набываю. А кансэрвамі і крупамі дапамагае царква. Дабрачыннасьць там разьвіта больш, чым у нас. На вольным часе арганізуем канцэрты ці можам нават у казіно згуляць, ёсьць там адзін аўтамат з абмежаваньнем у 10 даляраў — дык я яшчэ ні разу не прайграў.

Амэрыканскія пэнсіянэры жывуць добра. Хто адпрацаваў да 67 гадоў — як мужчыны, так і жанчыны, — мае пэнсію ў памеры 90% свайго заробку. Дык яны і вандруюць, і адпачываюць, калі здароўе дазваляе. А хто не напрацаваў сабе на пэнсію, атрымлівае дапамогу, як бедны або бяздомны. Канешне, ёсьць і сталовыя для бедных, я нават аднойчы завітаў: дык там такія порцыі, што я ледзьве палову адолеў.

У Амэрыцы ўсё добра: і ежа, і дастатак. Жыцьцё як пры камунізьме. Аднак не стае роднага духу, беларускага, сваіх людзей, жывой камунікацыі. Хоць і ёсьць там рускамоўныя, а ўсё ня тое. Таму і цягне наведаць родныя мясьціны, могілкі, пабачыць сваякоў. А яшчэ прырода тут прыгожая, люблю беларускую прыроду...

Прыяжджаю ў траўні. Як жа не прыехаць, калі такое сьвята. Летась было 70 гадоў з Дня Перамогі, але і сёлета ня меншае сьвята. Будуць сілы, дык і налета прыеду.

Паліна Масьлянкова

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG