Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці трэба на кангрэсе беларускай культуры гаварыць па-беларуску


5–6 траўня ў Менску праходзіць Міжнародны навуковы кангрэс беларускай культуры, на які сабраліся больш за 300 навукоўцаў — спэцыялістаў па культуралёгіі, гісторыі, этнаграфіі, літаратуразнаўстве і мовазнаўстве з 11 краін сьвету.

Сярод ганаровых гасьцей —прадстаўнікі дыпляматычных місіяў зь Беларусі, Аўстрыі, Вялікай Брытаніі, Віетнама, Ірана, Кітая, Літвы, Польшчы, Расеі, Славаччыны, ЗША, Украіны і Японіі.

Арганізатары Кангрэсу — Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Цэнтар дасьледаваньняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Глядзіце фотарэпартаж з кангрэсу ў вялікім памеры

Высокія чыноўнікі прамянялі Кангрэс беларускай культуры на аргкамітэт Усебеларускага сходу

Але нават сустаршыні Кангрэсу — міністар культуры Барыс Сьвятлоў і старшыня прэзыдыюму Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі Ўладзімер Гусакоў — на форум не зьявіліся. Не было і заяўленых у праграме іншых выступоўцаў высокага рангу — прэмʼер-міністра Беларусі Андрэя Кабякова, міністра інфармацыі Ліліі Ананіч, міністра адукацыі Міхаіла Жураўкова. Усіх іх тэрмінова выклікалі ў адміністрацыю Лукашэнкі на паседжаньне аргкамітэту Ўсебеларускага народнага сходу, які прызначаны на 22 чэрвеня. Прывітальнае слова прэмʼер-міністра Андрэя Кабякова да ўдзельнікаў Кангрэсу акадэмік Аляксандар Сукала зачытаў на расейскай мове. Замест міністраў выступілі іх намесьнікі.

Неабходнасьць правесьці такі навуковы кангрэс беларускай культуры «насьпела ўжо даўно», сказаў у размове з журналістамі дырэктар Цэнтру дасьледаваньняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі акадэмік Аляксандар Лакотка. Паводле ягоных слоў, усе краіны сьвету і міжнародныя арганізацыі «заклапочаныя захаваньнем моўнай і культурнай разнастайнасьці... Наша маладая незалежная дзяржава зь яе талерантнасьцю, прывабнасьцю для дзелавых, эканамічных адносін выклікае інтарэс у тым ліку ў культуры, таму што, усталёўваючы кантакты ў сфэры дзелавых, вытворчых адносін, заўсёды цікава, з кім маеш справу. А пабачыць гэта ў першую чаргу можна праз культуру», — сказаў ён.

Паводле слоў Лакоткі, асноўныя пытаньні, якія будуць абмяркоўвацца на Кангрэсе, — гэта «суадносіны аўтэнтычных і прафэсійных праблем; ахова гісторыка-культурнай спадчыны, у тым ліку духоўнай; музэязнаўства; праблемы разьвіцьця і функцыянаваньня мовы ва ўмовах сёньняшняга дзьвюхмоўя; разьвіцьцё літаратурнага працэсу; абмеркаваньне праблем стварэньня ў выяўленчым мастацтве і літаратуры эпічных палотнаў, якія адлюстроўваюць гісторыю сучаснага пэрыяду, стварэньне выяўленчых, у тым ліку празаічных твораў якія адлюстроўваюць абагульняючы вобраз сёньняшняга беларуса, адметных, знакамітых асоб».

«Калі трэба, чыноўнікі будуць гаварыць па-беларуску»

На пытаньне Радыё Свабода, чаму беларускай мовы стала менш, чым, да прыкладу, у 1990-я гады, спадар Лакотка адказаў так:

— Беларускай мовы ня стала менш. У 1990-я гады былі спарадычныя зьявы. Гэта былі пэўныя носьбіты, пэўныя дзеячы культуры, мастакі, але гэта былі, паўтаруся, зьявы спарадычныя. Сёньня мы беларускую мову чуем усюды. Яе ўспрыняла моладзь — гэта вельмі добра бачна, яе ўспрыняў інтэрнэт, дзе мова беларуская шырока прадстаўлена, нават на ўсясьветных сайтах, усясьветных трэндах. Беларуская мова пранікла ў рэкляму...

— А чаму чыноўнікі не размаўляюць па-беларуску? Нават на міжнародным узроўні, на форумах, дзе яны павінны выступаць на роднай мове, яны прамаўляюць па-расейску. Няўжо чыноўнікі ўзроўню віцэ-прэмʼера і міністра не валодаюць мовай?

— Я вам шчыра скажу: калі трэба, яны будуць гаварыць па-беларуску і гавораць. Напрыклад, выдатна валодае беларускай мовай, вельмі граматна, вельмі дасьціпна і сакавіта — прэмʼер-міністар Андрэй Кабякоў, цяперашні старшыня Савету Рэспублікі Міхаіл Мясьніковіч выдатна ведае беларускую мову, наш прэзыдэнт ня мае ніякіх складанасьцяў, калі трэба на беларускай мове нешта сказаць. Калі трэба.

Заўважым, што, добра валодаючы беларускай мовай, свой даклад на пленарным паседжаньні спадар Лакотка прачытаў па-расейску.

У Японіі вельмі папулярныя Сьвятлана Алексіевіч і Васіль Быкаў

Сапраўднай зоркай Кангрэсу стала японка Сіёры Кіёсава, якая сарвала шквал воплескаў. Яна выступіла з дакладам «Беларуская мова і літаратура ў культурнай прасторы Японіі».

Сіёры Кіёсава
Сіёры Кіёсава

Паводле словаў Сіёры Кіёсавы, менавіта праз Чарнобыльскую трагедыю бальшыня японцаў даведалася пра Беларусь.

Што да беларускай літаратуры, першыя згадкі пра яе ў японскіх падручніках былі яшчэ ў 1932 годзе. А ў хрэстаматыю па савецкай літаратуры, якая выйшла ў Японіі ў 1952 годзе, уключаны пераклад верша Янкі Купалы «А хто там ідзе?». Гэта першы твор беларускай літаратуры, перакладзены на японскую мову.

«Пазьней на японскую былі перакладзены творы Алеся Адамовіча, Васіля Быкава, Аркадзя Куляшова, Івана Шамякіна, Міхася Лынькова, Петруся Броўкі, Рыгора Барадуліна, Уладзімера Караткевіча, Янкі Брыля, Сьвятланы Алексіевіч. Дарэчы, менавіта творы Сьвятланы Алексіевіч карыстаюцца вялікай папулярнасьцю ў Японіі, на японскую мову перакладзены ўсе яе кнігі. Шмат твораў Быкава таксама перакладзена на японскую, да таго ж апублікаваныя і рэцэнзіі на кнігі „Мёртвым не баліць“ і „Воўчая зграя“.

Калі раней пераклады беларускіх аўтараў на японскую рабіліся праз расейскую мову, то, да прыкладу, Барадуліна і Караткевіча былы супрацоўнік японскай амбасады ў Беларусі Кашына Гоў адразу перакладаў зь беларускай», — распавяла Сіёры Кіёсава.

У 1996 годзе ў Японіі выйшла беларуская граматыка, а зусім нядаўна — «Азнаямляльна-пачатковы курс беларускай мовы для японцаў», які называецца «Спрабуйма!». Падручнік выдадзены ў цэнтры замежных моваў Цукубскага ўнівэрсытэту.

Сіёры Кіёсава: «Мне вельмі шкада, што ў Беларусі мала хто размаўляе па-беларуску»

На пытаньне Радыё Свабода, ці цяжка японцы было вывучаць беларускую мову, Сіёры Кіёсава адказала так:

«Для нас беларускую мову, канечне, цяжка вывучыць, і ня толькі беларускую. У прынцыпе, усе славянскія мовы складаныя. Зусім іншая фанэтыка, цяжкая граматыка, але самае складанае — у нас няма практыкі, няма з кім размаўляць, трэба шукаць беларускамоўных людзей і сябраваць зь імі. Вельмі добра, што цяпер дапамагае інтэрнэт, сацыяльныя сеткі. Стала крыху лягчэй. Чатыры гады таму мой навуковы кіраўнік параіў вывучаць беларускую мову: маўляў, сытуацыя вельмі цікавая, падобная да Ірляндыі. Я спакусілася. Хацела стажыравацца ў славянскіх краінах, абрала Беларусь.

Але мне вельмі шкада, што і ў Беларусі мала хто размаўляе па-беларуску. Я ўжо нават не зьдзіўляюся, а шкадую. Бо такая прыгожая мова! Нават сёньня на Кангрэсе многія выступоўцы будуць прамаўляць па-расейску, хоць нарадзіліся тут, вывучалі мову, ведаюць яе. Вельмі шкада».

Анатоль Бутэвіч: «Зразумеўшы, што намі цікавяцца, будзем больш настойліва сябе паказваць зь лепшага боку»

Анатоль Бутэвіч
Анатоль Бутэвіч

Пісьменьнік, перакладчык Анатоль Бутэвіч кажа, што першыя ўражаньні ад першага Міжнароднага Кангрэсу беларускай культуры прыемныя:

«Бо, па-першае, вялікая група навукоўцаў зь іншых рэгіёнаў сабралася, каб абмеркаваць беларускія праблемы. І гэта дае спадзеў, што беларускай культурай будуць займацца ня толькі самі беларусы, але і іншыя людзі. І, можа, будзе варта па выніках Кангрэсу прааналізаваць усе працэсы, якія праходзяць у іншых краінах, каб бачыць агульную карціну. Калі сабраць усё тое, што распавядала сёньня японка, навукоўцы з Калінінграду, зь Піцера, іншыя — уяўляеце, які быў бы малюнак таго, што робіцца па-за межамі Беларусі пра Беларусь! Мы вельмі мала пра гэта ведаем, нават навукоўцы, за выключэньнем, можа, тых, хто дасьледуе. А калі б гэта ўвесьці ў штодзённы абыходак, мы б, можа, і сябе па-іншаму пачалі адчуваць. Бо адчулі б, што і намі цікавяцца!

Па-другое, будуць працаваць 15 сэкцыяў па самых розных кірунках і глыбока паглыбляцца ў праблемы культуралёгіі, культурнага жыцьця ва ўсіх яго аспэктах. Бо часам многім здаецца, што культура — гэта толькі сцэна і кіно. А культура — нашмат шырэйшы панятак. І гэтыя дасьледаваньні дапамогуць зразумець, у якім стане мы знаходзімся, у якім стане навукоўцы, на якім узроўні дасьледчыцкія праблемы падымаюцца. І працэс пойдзе больш інтэнсіўна. Бо любая агульная грамада дае штуршок новым працам, новым кірункам, новым дзеяньням. І дай Бог, каб гэта адбывалася інтэнсіўна і ў Беларусі, і па-за межамі Беларусі.

Цікавы яшчэ трэці аспэкт. Калі мы кажам пра замежжа, то, як правіла, маем на ўвазе нашу беларускую дыяспару. А тут, маючы на ўвазе выступоўцу зь Японіі, тое, што адбываецца ў Кітаі (адкрываюцца курсы беларускай мовы) — гэта ўжо зусім іншы аспэкт, гэта ўжо не дыяспара. Так што вось гэтыя кірункі даюць прыемнае ўражаньне, што Беларусь — ня terra incognita для замежнікаў, яна тая прыцягальная зорка — ну, калі ня Зорка Вэнэра, то зорка не апошняй велічыні, якая зацікаўлівае дасьледчыкаў.

І калі тая ж японка казала, што пачынаюцца пераклады на японскую з мовы арыгіналу, гэта вельмі важны аспэкт. Бо як бы мы сёньня ні крытыкавалі Савецкі Саюз, то пры ім беларуская перакладчыцкая школа была вельмі вядомая. Дзякуй Богу, што ёсьць пасьлядоўнікі Веры Рыч, Макміліна, якія з мовы арыгіналу перакладаюць. Бо нават калі казалі сёньня пра пасярэдніцтва рускай мовы, то, выбачайце, мы многа маем перакладаў сучаснай беларускай літаратуры на расейскую мову? Савецкі час быў зорны ў гэтым сэнсе. Калі нават браць пасярэднікам расейскую мову, то няма чаго перакладаць! Таму, калі ня ведаюць мовы арыгіналу і няма пасярэдніка — гэта значыць, што беларускую мову за межамі ня будуць ведаць.

Тут ёсьць шырокае поле для дзейнасьці — як палепшыць стасункі з замежнікамі, якія цікавяцца беларускай праблематыкай. Гэта ня толькі пераклады, але і тэатар, кіно, іншыя галіны. І, дай Бог, гэты Кангрэс падштурхне да сумесных пошукаў, сумесных прац. Адным словам, гэта тая зьява, якая дае падставы аптымістычныя — і на тое, што намі цікавяцца, і на тое, што мы, зразумеўшы, што намі цікавяцца, будзем больш настойліва сябе паказваць зь лепшага боку».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG