Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трэба прымусіць жыхароў усталёўваць лічыльнікі цяпла за свой кошт, — чыноўнік


Міхаіл Малашэнка
Міхаіл Малашэнка

Індывідуальныя прыборы ўліку цяпла і лічбавыя лічыльнікі электраэнэргіі для падзелу на дзённыя і начныя тарыфы насельніцтва будзе ўсталёўваць за свой кошт. Але калі вы жывяце ў доме, пабудаваным раней за 2012 год з так званай «вэртыкальнай» разводкай, лічыльнік на батарэю вы не паставіце. Электронны ж электралічыльнік для падзелу тарыфаў на «дзень» і «ноч» будзе каштаваць ня менш за 100 даляраў.

Пра гэта апавёў журналістам дырэктар Дэпартамэнту па энэргаэфэктыўнасьці Дзяржкамітэту па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь Міхаіл Малашэнка, прадстаўляючы новую дзяржаўную праграму «Энэргазьберажэньне» на 2016–2020 гады.

Праграма прадугледжвае будоўлю 138 новых энэргакрыніцаў на мясцовых відах паліва (дровы і торф) сумарнай цеплавой магутнасьцю 690 мэгават. Будуць уводзіцца ў дзеяньне ветрапрылады сумарнай магутнасьцю 200 мэгават, устаноўкі з выкарыстаньнем энэргіі сонца — на 250 мэгават.

На пытаньне, што будуць рабіць з прафіцытам электраэнэргіі, калі запрацуе Беларуская АЭС, Міхаіл Малашэнка адказаў так:

«Сьцьверджаньне, што ў нас будзе прафіцыт, не зусім карэктнае. Пасьля ўводу двух блёкаў БелАЭС у 2020 годзе будзем эканоміць да 5 мільярдаў кубамэтраў прыроднага газу. Цяпер Беларусь імпартуе і спажывае 19,64 мільярда кубамэтраў газу. То бок чвэрць газу, які мы спажываем, адназначна замесьціць АЭС. Прадугледжваецца, што БелАЭС будзе выпрацоўваць 17,7 мільярда кіляват-гадзін электраэнэргіі. Цяпер спажываньне электраэнэргіі знаходзіцца на ўзроўні 37 мільярдаў кіляват-гадзін.

Што тычыцца прафіцыту электрычнай энэргіі — кожны аб’ект будуецца пад існуючыя і пэрспэктыўныя нагрузкі. І гэтае пытаньне заўсёды разглядаецца комплексна. Прынята пастанова Савету Міністраў, якая прадугледжвае пад Астравецкую АЭС увод у эксплюатацыю энэргаёмістых эфэктыўных вытворчасьцяў, будуць укараняцца электрычныя катлы на аб’ектах вялікай і малой энэргетыкі», — тлумачыць спадар Малашэнка.

Натуральна, абывацеля больш цікавіць уласная кішэня — як зэканоміць на аплаце цеплавой і электрычнай энэргіі. На думку спадара Малашэнкі, «павінна ўкараняцца глыбокая дыфэрэнцыяцыя тарыфаў „дзень — ноч“, асобныя тарыфы для электранагрэву. Плянуецца ўкараненьне індывідуальных прыбораў уліку цеплавой энэргіі і разьлік па іх. І гэта будзе стымуляваць насельніцтва не адчыняць форткі, а прыкрываць кран, які знаходзіцца або на прыборы ўліку, альбо на батарэі».

Сыстэма разьлікаў па індывідуальных прыборах уліку цеплавой энэргіі паступова ўкараняецца, але толькі ў невялікай частцы жылога фонду — пакуль гэта магчыма толькі ў дамах з гарызантальнай разводкай (якія пабудаваныя пасьля 2012 году). Але такіх дамоў у Беларусі менш за 3%.

На пытаньне, калі ўсё ж такі масава будуць усталёўваць лічыльнікі цяпла, Міхаіл Малашэнка адказаў:

«У гэтай пяцігодцы.

Прыборы трэба ўнесьці ў рэестар і прымусіць жыхароў іх усталёўваць за свой кошт, як было зь лічыльнікамі на гарачую і халодную ваду.

Але калі ў вас вэртыкальная разводка, у сваёй асобна ўзятай кватэры пакуль усталяваць лічыльнікі на батарэі немагчыма».

Пытаньне, за чый кошт будзе праводзіцца замена звычайных электралічыльнікаў на лічбавыя, пакуль ня вырашана:

«Але вам як уласьніку жытла ніхто не забараняе падлічыць, ці варта, ці выгадна пераходзіць на дзённы і начны тарыфы карыстаньня электрычнасьцю. Калі палічыце, што выгадна — калі ласка, за свой кошт усталёўвайце электронны лічыльнік. Ён будзе каштаваць ня менш за 100 даляраў», — сказаў чыноўнік.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG