Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У адзінай у Беларусі лютэранскай кірсе пачаўся першы міжнародны фэстываль арганнай музыкі


Падчас канцэрту на фэстывалі арганнай музыкі ў гарадзенскай кірсе

Падчас канцэрту на фэстывалі арганнай музыкі ў гарадзенскай кірсе

Першы міжнародны фэстываль арганнай і камэрнай музыкі пачаўся ў толькі што адрэстаўраванай адзінай у Беларусі дзейнай лютэранскай кірсе.

Настаяцель лютэранскага храма ў Горадні, пастар Уладзімер Татарнікаў вельмі хвалюецца. Ён сам не чакаў, калі пачынаў арганізоўваць фэстываль, што да яго будзе такая вялікая ўвага, асабліва з боку слухачоў.

Пастар узгадвае, як летась першы раз у Горадню з канцэртам з Санкт-Пецярбургу прыехаў арганіст Міхаіл Мішчанка. Убачыўшы горад, кірху і адыграўшы канцэрт на аргане, ён адразу прапанаваў настаяцелю правесьці ў гарадзенскім храме чатырохдзённую сэрыю канцэртаў арганнай музыкі. У Горадні яго тады шмат што ўразіла.

— І вось за год гэтая ідэя вырасла да ідэі фэстывалю, бо яе падтрымалі арганісты зь Літвы, Польшчы, Беларусі і Расеі — усе, хто прыяжджаў з выпадковымі канцэртамі ў Горадню. Для нас, лютэранскай абшчыны, гэта было вельмі важна, бо адна з галоўных ідэяў лютэранскай царквы — музыка. І самы галоўны наш арганіст, Ёган Бах, першым прынёс гэтую ідэю ў храм. Клясычная музыка жыве вечна і пазытыўна ўзьдзейнічае на душу і цела чалавека.

Для лютэранскіх вернікаў, кажа прапаведнік Уладзімер, вельмі важна тое, што наведаць канцэрты можа кожны ахвотны, бо ўваходных білетаў не прадаюць. Хто хоча, тыя самі пакідаюць пасьля канцэртаў ахвяраваньні на патрэбы фэстывалю. А таму падчас канцэртаў у храме, паводле пастара, людзі самыя розныя: маладыя, пэнсійнага веку, сем’ямі і нават з малымі дзеткамі.

Уладзімер Татарнікаў

Уладзімер Татарнікаў

Спачатку пастар непакоіўся, што фэстываль адбываецца падчас адпачынкаў, калі многія гарадзенцы зьяжджаюць з гораду. Аднак гэта ня стала прычынай, каб храм у гэты час пуставаў.

— Вольных месцаў наагул не бывае, а геаграфія прыежджых проста ўразіла. Гэта і масквічы, і са Смаленску людзі, і зь Віцебску, і зь Менску, з Гомеля, Мікашэвічаў ды іншых месцаў. Мне здаецца, што наш фэстываль стане штогадовым.

Яшчэ адна асаблівасьць фэстывалю, паводле пастара Уладзімера, — тое, што можна пачуць ня толькі сам арган, але і дуэты аргана з габоем, са сьпевамі, альтам і нават пабачыць пантаміму пад арганнае суправаджэньне.

Удзельнік фэстывалю — Багдан Каралёк з Санкт-Пецярбургу дзеліцца ўражаньнямі. Вельмі задаволены, што трапіў у Горадню на такі фэстываль. Перакананы, што ад гэтага найперш выйграе сам горад і яго жыхары.

— Гэта вельмі значная падзея для гораду. Тым больш, у дзень адбываецца па тры канцэрты арганнай музыкі, пры поўных залях. Думаю, такая падзея і для Санкт-Пецярбургу была б даволі значная. Мне вельмі прыемна, што лютэранская грамада ў Горадні так цёпла паставілася да гэтай падзеі.

Багдан Каралёк

Багдан Каралёк

Прыхажанка лютэранскай абшчыны спадарыня Ірына кажа, што дапамагае прыбіраць храм, але не прапускае ніводнага канцэрту. Фэстываль вельмі яе ўразіў, і яна запрашае на канцэрты ўсіх знаёмых і блізкіх. Паводле яе, усе застаюцца вельмі задаволенымі.

Новы выгляд гарадзенскай кірхі

Новы выгляд гарадзенскай кірхі

— Словамі гэта ўсё не пераказаць, гэта трэба бачыць і чуць, каб зразумець і прапусьціць празь сябе. Ну вось выступаў Валеры Шматаў зь Менску, людзі ледзьве ня плакалі ад ягонай музыкі і сьпеву. Цяпер столькі турыстаў да нас прыходзіць, і ўсе цікавяцца, заглядваюць, а арган проста скарыў усіх. Думаю, што кожнаму гарадзенцу і госьцю варта паслухаць наш арган.

Пастар Уладзімер нагадвае, што сёлета спаўняецца 20 гадоў з таго часу, як улады перадалі храм у карыстаньне лютэранскай абшчыне. Паводле яго, прыхаджане плянуюць яшчэ сёлета скончыць тут унутраны рамонт.

— Хоць ужо цяпер наш храм вельмі зьмяніўся. Урэшце ён набыў выгляд такі самы, які быў у 1912 годзе, калі яго адкрылі. Упершыню за 70 гадоў на храме аднавілі шпіль і ўсе крыжы. І пафарбавалі яго ў той колер, якім ён быў першапачаткова — гэта вельмі значна. Храм таксама абнесьлі мэталёвым плотам, як і было раней — праўда, пляцу мы трохі страцілі. І ўсё ж мы вельмі задаволеныя, што помнік архітэктуры, нашае беларускае культуры ня быў страчаны, а цяпер адноўлены. І каму б ён ні належаў — гэта гісторыя нашага народа і неаддзельная спадчына нашай культуры.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG