Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У лягеры ерэванскіх пратэстоўцаў паліцыя шукала зброю


Начальнік паліцыі Ўладзімер Гаспаран
Начальнік паліцыі Ўладзімер Гаспаран

Як паведамляюць армянскія СМІ, мінулая ноч на праспэкце Баграмяна ў Ерэване прайшла ў даволі напружанай абстаноўцы, аднак дробныя інцыдэнты ўдалося стрымаць дзякуючы самаарганізацыі ініцыятывы «Не рабунку!».

Паведамляецца, што найбольшага напружаньня сытуацыя дасягнула пасьля поўначы, калі дэманстранты перакрылі плошчу Францыі, якая злучае праспэкты Баграмяна і Маштоца, тым самым спаралізаваўшы рух аўтатранспарту ў цэнтры гораду. Паліцыя пачала сьцягваць да гэтага ўчастку вялікія сілы, чым выклікала незадаволенасьць удзельнікаў акцыі.

Начальнік паліцыі Ўладзімер Гаспаран запэўніў, што сілавікі не распачнуць ніякіх дзеяньняў, калі пратэстоўцы будуць прытрымлівацца закону, але пры гэтым запатрабаваў вызваліць праезную частку. Паліцыянту таксама не спадабалася, што вядомыя асобы ўтварылі жывы ланцуг паміж паліцэйскімі і дэманстрантамі, каб не дапусьціць сутыкненьняў. Пасьля напружаных перамоваў з паліцыяй дэманстранты ўсё ж адышлі на праспэкт Баграмяна, рух транспарту аднавіўся.

Тым ня меней, лякальныя сутычкі мелі месца і надалей. Як пішуць армянскія мэдыі, блізу гадзіны начы атрад адмысловага прызначэньня нечакана ўвайшоў у натоўп дэманстрантаў і пачаў рабіць абыход. Намесьнік начальніка паліцыі Унан Пагасян заявіў, што паступіла інфармацыя пра ўзброеных людзей у асяродку мітынгоўцаў. Адзін падазроны грамадзянін быў дастаўлены ў паліцыю, дзе яго асобу высьветлілі, а пісталет сканфіскавалі. Праверка стварыла нэрвовую абстаноўку, якую ўрэшце ўдалося разрадзіць, намаганьням актывістаў.

Пад раніцу паліцэйскія дэмантавалі намёт, усталяваны актывістамі на праспэкце Баграмяна. Патрульныя канстатавалі, што намёты на мітынгу не дазволеныя, удакладніўшы, у якім аддзяленьні намёт можна пазьней забраць.

Цяпер сытуацыя на праспэкце Баграмяна спакойная, кіроўцы, якія рухаюцца па суседніх вуліцах, пастаянна сыгналяць, выказваючы салідарнасьць з удзельнікамі дэманстрацыі.

Мітынгоўцы пратэстуюць супраць падвышэньня тарыфу на электраэнэргію, на чым настойвае кампанія «Электрасеткі Армэніі», падкантрольная расейскаму канцэрну «Интер РАО ЕЭС». Раніцай 23 чэрвеня мітынг быў разагнаны з ужываньнем спэцсродкаў, аднак у гэты ж дзень пратэсты аднавіліся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG