Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іскандаран: Пратэсты ў Армэніі — хутчэй Балотная, чым Майдан


Пратэст у Ерэване
Пратэст у Ерэване

Як паводзяць сябе ў армянскім палітычным крызісе палітычныя партыі краіны? Чаму маніфэстанты адмовіліся ад перамоваў з прэзыдэнтам? Наколькі моцныя пратэстоўцы і наколькі шырокая падтрымка ўлады ў Армэніі? На гэтыя пытаньні Радыё Свабода адказаў дырэктар інстытуту Каўказу Аляксандар Іскандаран.

РС: Як паводзяць сябе ў цяперашніх пратэстах палітычныя партыі краіны? Ці падтрымліваюць некаторыя зь іх пратэсты, ці ўдзельнічаюць у іх, ці ўзначальваюць іх?

Іскандаран: Палітычныя партыі не падтрымліваюць пратэст і не становяцца на бок пратэстоўцаў. Самі пратэстоўцы настойваюць на тым, што іх пратэст выключна грамадзянскі.
Сёньня раніцай на праспэкт Баграмяна, дзе стаяць дэманстранты, прыйшлі людзі, вядомыя ў краіне — акторы, прадстаўнікі шоў-бізнэсу, сярод іх і дэпутаты парлямэнту ад апазыцыі. Яны стварылі «жывы шчыт» паміж паліцыяй і дэманстрантамі, але яны артыкулявалі, што яны не становяцца на нечы бок, а хочуць адно спыніць гвалт. А акрамя гэтага не было выпадкаў, каб палітычныя сілы ўдзельнічалі ў гэтым пратэсьце.

РС: Чаму пратэстоўцы не пагадзіліся на прапанаваныя перамовы з прэзыдэнтам? Яны лічаць сябе настолькі моцнымі, што могуць прад’яўляць ультыматумы?

Іскандаран: Яны ўжо двойчы адмовіліся. Мінулай ноччу ім было прапанавана, каб яны абралі дэлегацыю з 5 чалавек і прэзыдэнт быў гатовы зь імі пагаварыць. Сёньня былі прапанаваныя перамовы з дэлегацыяй у складзе 14 чалавек. Абодва разы была адмова. Па двух прычынах.

Першая — гэта пратэст дэцэнтралізаваны, сеткавы. У яго няма адзінай волі, ён фармаваўся праз Фэйсбук. Яны не аб’яднаныя ў нейкую структуру.

Другая — тое, што настроі там даволі рашучыя, патрабаваньні там даволі жорсткія. Яны бачаць сваёй задачай ставіць умовы.

Бо пры сустрэчы з прэзыдэнтам адбывалася б зацягваньне, спроба вываду іх з праспэкту Баграмяна, спроба кампрамісу, размоваў пра тое, як фармуецца цана на электрычнасьць, якія ёсьць рызыкі, адкуль браць фонды. Да ўсяго гэтага дэманстранты абсалютна не гатовыя.

У Армэніі такія акцыі раней мелі посьпех.

Яны даволі радыкальна настроеныя, асабліва пасьля разгону. Іх мова — гэта ўльтыматум: зрабіце тое, чаго мы патрабуем, тады мы разыдземся.

У Армэніі такія акцыі раней мелі посьпех. Плянавалася падвышэньне тарыфаў на транспарце — пратэстамі атрымалася іх спыніць. Плянавалася пэнсійная рэформа і яе атрымалася пратэстамі спыніць.

Яны спадзяюцца, што атрымаецца і зараз. Перамовы і кампрамісы ў пляны пратэстоўцаў не ўваходзяць.

РС: Ці могуць пратэсты перарасьці ў палітычныя, з патрабаваньнем адстаўкі прэзыдэнта і ўраду?

Іскандаран: Пратэстоўцы — гэта не арганізацыя. Там гучаць розныя галасы. Што да палітычнага вымярэньня пратэсту, то яны ж стаяць не каля офісу «Электрычных сетак Армэніі», а на праспэкце, які вядзе да прэзыдэнцкага палацу, іх патрабаваньні скіраваныя не да спадара Бібіна — кіраўніка гэтай кампаніі, а да прэзыдэнта Саргсяна.

У гэтым, зразумела, ёсьць палітычны элемэнт. Гаварыцца там можа многае, але не выглядае, што гэта можа прывесьці да шырокамаштабных дзеяньняў супраць уладаў.

РС: Ужо гучаць параўнаньні пратэстаў у Армэніі з украінскім Майданам. Але можна прыгадаць і расейскую Балотную, і турэцкую плошчу Таксім, і колішнія пратэсты ў Бразыліі. Ва ўсіх гэтых выпадках улада на асаблівыя саступкі не пайшла і пры гэтым ўтрымалася. А як будзе ў Армэніі?

Іскандаран: Адрозьненьне Майдана ад таго, што адбываецца ў Ерэване, і таго, што было на Балотнай — гэта наяўнасьць шматмільённага рэзэрвуару пратэставай масы, гатовай стаяць, дэманстраваць і нават паміраць і забіваць.

Людзі, які стаяць праспэкце Баграмяна — гэта моладзь, студэнты, маладыя жыхары сацыяльнага цэнтру Ерэвану.

Прывязі людзей зь вёсак з Заходняй Украіны ў Кіеў — і ты атрымліваеш крытычную масу. У Армэніі няма такога рэгіёну. Тут падзел сацыяльны, а не этнаканфэсійны ці культурны.

Людзі, які стаяць праспэкце Баграмяна — гэта моладзь, студэнты, маладыя жыхары сацыяльнага цэнтру Ерэвану. Гэтай групы проста недастаткова для падзеяў такога размаху, якія былі на Майдане. Таму я б хутчэй параўноўваў гэтыя пратэсты з плошчай Таксім ці з Балотнай.

РС: Наколькі шырокая база падтрымкі прэзыдэнта Саргсяна?

Іскандаран: База падтрымкі прэзыдэнта Саргсяна нешырокая, рэйтынг ўладаў надзвычай нізкі, легітымнасьць улады нізкая. На апошніх прэзыдэнцкіх выбарах 37% набраў кандыдат, які зьбіраў чысты пратэставы электарат. У Ерэване ён набраў нават 43%.

База падтрымкі прэзыдэнта Саргсяна нешырокая, рэйтынг ўладаў надзвычай нізкі, легітымнасьць улады нізкая.

Іншая рэч, што разам з нізкай легітымнасьцю кіроўнай Рэспубліканскай партыі мы маем і нізкую легітымнасьць апазыцыі. Апазыцыя таксама малапапулярная, яе рэйтынг таксама нізкі. У гэтым прычына таго, што ва ўладзе застаюцца рэспубліканцы: яны маюць свайго прэзыдэнта, большасьць у парлямэнце, на ўзроўні мясцовай ўлады таксама амаль паўсюль, у тым ліку і ў Ерэване, таксама рэспубліканцы.
І гэта не таму, што яны моцныя, а таму што апазыцыя яшчэ слабейшая.

Адчужэньне ад улады можа праяўляцца розным чынам. Стандартны варыянт — гэта апатыя. Ёсьць варыянт — чума на абодва вашыя дамы, што на ўладу, што на апазыцыю. І ёсьць варыянт цынізму: вазьму хабар і прагаласую, як скажуць. Людзей, якія гатовыя пратэставаць, актыўна праяўляць сваю пазыцыю — іх столькі, колькі і выйшла на пратэсты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG