Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Інтэрнэце зьбіраюць подпісы за беларускую лацінку ў пашпартах


Ігар Падалінскі
Ігар Падалінскі

На плятформе для стварэньня электронных пэтыцыяў change.org распачаўся збор подпісаў за напісаньне імёнаў і прозьвішчаў у пашпартах беларускім лацінскім алфавітам. На думку ініцыятара, такая практыка дапамагла б пазьбегнуць памылак і варыятыўнасьці ў дакумэнтах.

Гэта ініцыятыва менчука Ігара Падалінскага. За суткі пад пэтыцыяй сабралася 50 подпісаў. Хлопец разьлічвае, што калі іх будзе 50 тысяч, то чыноўнікі зрэагуюць на ініцыятыву.

«Добры прэцэдэнт — выкарыстаньне беларускай лацінкі ў мэтро. Нашы чыноўнікі нарэшце зрабілі нешта разумна, пісьменна і слушна. Шкада, што гэта не спадабалася шматлікім карыстальнікам інтэрнэту, якія пачалі выступаць за тое, каб усё пісалася па-ангельску. Але ж трэба памятаць, што ў эўрапейскіх краінах карыстаюцца сваімі лацінізаванымі алфавітамі. А ў Беларусі — не. У нас Міністэрства ўнутраных спраў карыстаецца спрошчанай сыстэмай трансьлітарацыі, якую прымалі ў 90-я гады, калі беларусы яшчэ добра ня ведалі, што ёсьць беларуская лацінка. Дык чаму б цяпер не пачаць карыстацца тым, што падыходзіць для нашай мовы? Тым больш што беларуская лацінка разьвіваецца ўжо вельмі даўно, яна выдатна распрацаваная і цалкам перадае ўсе беларускія гукі», — кажа ініцыятар збору подпісаў.

Падпісанты пэтыцыі просяць адказныя органы «разгледзець пытаньне пра напісаньне беларускіх імёнаў і прозьвішчаў беларускім лацінскім алфавітам па змоўчаньні».

«Каб не было так, што імя трансьлітаруюць зь беларускай, прозьвішча — з расейскай. І ўсё пагаршаецца яшчэ і тым, што сыстэма трансьлітарацыі, якой карыстаецца МУС, дапускае шматварыянтнасьць для складаных спалучэньняў гукаў. Пры гэтым супрацоўнікі часам робяць памылкі пры напісаньні складаных імёнаў. Гэтага ўсяго можна пазьбегнуць, калі перайсьці на беларускую лацінку», — дадае Ігар Падалінскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG