Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Шапэнгаўэр лічыў, што 95 працэнтаў людзей — ідыёты», — стваральнік інтэлектуальнага радыё з Украіны апавядае, што там слухаюць пасьля Майдана


Яраслаў Ладыгін

Яраслаў Ладыгін

Яраслаў Ладыгін прыехаў у Менск з Кіева на запрашэньне 34mag.net, каб распавесьці, як прымусіць 200 тысяч чалавек слухаць у эфіры сымфоніі Пракоф’ева і ангельскую мову безь перакладу.

«Арыстакраты» лічацца самым пасьпяховым онлайн-радыё Ўкраіны. У гадавым рэйтынгу найбуйнейшага сусьветнага падкаст-агрэгатара Mixcloud яны сталі 7-м нумарам сярод усіх радыёстанцыяў сьвету за 2015 год.

Радыё Свабода распытала ў Яраслава Ладыгіна, як у іх гэта атрымалася.

«Мы марылі, што радыё — рамантычная прафэсія, а аказалася, усё ня так»

Калі мы кажам, напрыклад, пра музычнага вядоўцу, то ягоная роля катастрафічна малая, музыку ставіць машына. Да таго ж шмат што павінна адпавядаць густам уладальніка станцыі. Часам я меў па 15 сэкундаў у гадзіну: я казаў пра тое, што будзе граць далей, якую радыёстанцыю вы слухаеце, і прагноз надвор’я са спонсарскай начыткай.

Мы страшна ганарымся тым, што наш слухач праводзіць на сайце 90 хвілін

Паказчык іншых украінскіх станцыяў, якія выходзяць у FM-фармаце, — 11 хвілін. Гэта з улікам таго, што ў нас ёсьць рэкляма, музыка розных жанраў і размоўныя праграмы. Калі чалавек уключае FM-станцыю, гэта можа быць выпадковае дзеяньне, адна кнопка. Інтэрнэт-радыё — гэта пасьлядоўнасьць дзеяньняў, некалькі сьвядомых выбараў.

Нас слухаюць абсалютна розныя людзі — ад таксіста да міністра, як мы жартуем. І гэта ў нечым праўда, бо ёсьць кіроўцы, якія навучыліся слухаць у машынах радыё-онлайн, і міністры з новага кабінэту, якія сапраўды нашы слухачы. Статыстыка кажа, што гэта людзі 25–35 год, большая частка зь якіх жыве ў Кіеве. Але ёсьць слухачы зь іншых гарадоў — Санкт-Пецярбургу, Масквы, Тбілісі... Гэтыя людзі аб’яднаныя каштоўнасьцямі, апроч таго, што ва ўсіх ёсьць інтэрнэт.

Мы пачыналі падчас Майдана, тады выйшаў закон, які забараняў любое неліцэнзаванае СМІ онлайн. Пасьля быў год эканамічнага спаду і вайны. Але нашы паказчыкі расьлі, і сёньня мы даволі стабільная структура, якая можа зарабляць грошы без прыцягваньня прыватнага капіталу.

У нас працуе 20 чалавек у асноўным офісе і 50–60 аўтараў. Мы маем свой пул рэклямадаўцаў, якія бачаць тут сваю аўдыторыю.

«М... нас не заўважаюць»

Мы не цураемся палітыкі. У нас ёсьць палітычныя госьці, якія могуць прыходзіць нават у ранішнія шоў. У нас былі інтэрвію з адыёзнымі фігурамі, але іх успрынялі вельмі нэгатыўна, іх хапае паўсюль. Але наша задача была разабрацца ў іх як у людзях.

Мы стараемся шукаць новых людзей. У нас ёсьць сатырычнае шоў «Выхад», дзе часта ў прысутнасьці палітыкаў вядзецца рэйтынг «м... тыдня». Гэтыя м... нас не заўважаюць.

Але радыё — гэта і музыка. Для офіснай аўдыторыі слухаць нас зручна, гэта проста адкрыта ў фонавай укладцы. Ніхто нават ня бачыць.

«Наша аўдыторыя — адукаваныя людзі з ангельскай мовай. Іх каля пяці мільёнаў»

Наша аўдыторыя — гэта адукаваныя людзі, якія добра валодаюць ангельскай, гатовыя чытаць, і яны гатовыя разьвівацца. Таму нашы канкурэнты — увесь сьвет. Зараз Netflix, які прыйшоў ва Ўкраіну, — нашы канкурэнты. Яны змагаюцца за тых жа самых людзей. Facebook — не, бо гартаць стужку і слухаць радыё можна, а глядзець нешта і слухаць радыё не атрымаецца.

У гэтым годзе мы плянуем больш відэа і онлайн-часопіс. Празь пяць гадоў мы хочам сфармавацца тэхналягічна і структурна. Я веру, што мы будзем рабіць вельмі якасны entertainment-прадукт для гэтых людзей ва Ўкраіне. Іх прыкладна пяць мільёнаў.

Шапэнгаўэр лічыў, што 95 працэнтаў людзей — ідыёты. Гэта адпавядае многім статыстычным і сацыялягічным дасьледаваньням пра распаўсюд інавацыяў у грамадзтве, рэйтынгам жахлівых перадач на тэлебачаньні, паказчыкам нашага радыё (слоган радыё — «Усе разумнікі краіны». — РС).

Людзі прыходзяць паслухаць новы альбом Івана Дорна, а пасьля ім распавядаюць пра ўкраінскіх астраномаў

І для іх гэта зьвязваецца ў адзін сьвет. Яны пачынаюць цікавіцца далей. Навукоўцы адчуваюць падтрымку і пачынаюць нешта актыўней рабіць. Іх чуюць, зь імі размаўляюць. У гэтым таксама наша місія.

Сulture brings business — нам бы хацелася распаўсюджваць гэтую мадэль на супольнасьці, дзе кляс разумных людзей крыху ізаляваны. Мы гатовыя супрацьстаяць традыцыйным СМІ. Зарабляць грошы і мець місію — гэта не супярэчлівыя рэчы. Нас віншаваў з Новым годам украінскі прадпрымальнік, які займаецца продажам дарагой вопраткі. Ён падзякаваў за тое, што мы робім людзей больш культурнымі, і дадаў, што ён зацікаўлены ў гэтым не з маральных перакананьняў. Такія людзі пасьля становяцца яго кліентамі.

Мы страцілі стары сьвет. Шмат хто страціў сувязі і бізнэс

На Ўсходзе вырасла сьцяна, якая стала выклікам. Мы можам на яе глядзець і загніваць, альбо глядзець на Захад і спрабаваць рабіць нешта, што будзе цікава ня толькі нам самім. Мы павінны канкурыраваць з усім сьветам.

Я лічу, што ўжо сёньня мы ствараем такія рэчы — у мінулым годзе мы зрабілі сусьветную прэм’еру сымфоніі Пракоф’ева, якая нідзе дагэтуль не гучала. BBC зрабіла гэта празь пяць месяцаў. Такія дасягненьні патрэбныя ўсяму ўкраінскаму грамадзтву, гэта крута, калі нашы музыкі выступаюць разам з Дэвідам Гілмарам (заснавальнік Pink Floyd. — РС), пра нешта піша New York Times ці проста вытворцы соку атрымліваюць новыя кантракты на Захадзе.

Мы ня ставім для сябе моўнага пытаньня. У нас ёсьць тры мовы — украінская, расейская і ангельская. Апошнюю мы не перакладаем. Калі браць украінскую і расейскую — няма розьніцы, слухаюць аднолькава. Але мы імкнёмся разьвіваць украінскамоўную прастору, бо чым больш рэчаў на гэтай мове, тым больш твайго.

Дадаткова: парады ад Яраслава тым, хто хоча падкасьціць

Падкасты — гэта вельмі зручная форма камунікацыі людзей, якая не патрабуе асаблівых выдаткаў.

— Ня трэба баяцца пераймаць форму, быць унікальным трэба толькі ў напаўненьні гэтай формы.

— Асноўная няўдача аматарскіх падкастаў у тым, што яны губляюць аўдыторыю, калі ёсьць нейкія шумы і пыканьні, мыканьні. Трэба за гэтым сачыць.

— 200 даляраў каштуе мікрафон, які праз USB далучаецца да тэлефона альбо кампутара. Гучаньне тады будзе студыйнае. Гэта тыя ўкладаньні, безь якіх вы ня зробіце добры прадукт.

— Ня варта забываць працаваць са сваім голасам, яго трэба раскрываць. Але не істотна, картавіш ты ці шыпіш, галоўнае толькі тое, што ты кажаш.

— Трэба ня проста зрабіць нармальны падкаст зь цікавымі гасьцямі, але і сыстэматычна дыстрыбутыраваць яго. Калі вы зрабілі 20 ці 30 выпускаў і іх слухалі па сто чалавек, ня кідайце, а проста зьмяніце форму, падачу, тэму ці яшчэ нешта.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG