Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арганізатарам беларускіх выбараў заплацяць па «эўрапейскіх стандартах» — 700 тысяч рублёў за дзень


Лідзія Ярмошына, архіўнае фота

Лідзія Ярмошына, архіўнае фота

Пра гэта заявіла сёньня на паседжаньні Цэнтральнай выбарчай камісіі яе старшыня Лідзія Ярмошына.

Уся выбарчая кампанія ў Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі сёлета абыдзецца ў 196 мільярдаў 725 мільёнаў беларускіх рублёў. У дзень выбараў сябра ўчастковай камісіі атрымае 700 тысяч рублёў. Гэтую лічбу Лідзія Ярмошына пракамэнтавала так:

«Гэта 700 тысяч „бруднымі“, бо трэба яшчэ адкінуць 13% падатку. Застаецца прыкладна 30 даляраў за дзень працы. Гэта блізка да заходніх стандартаў аплаты выбарчых паслуг».

Кожны кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў мае права стварыць свой асабісты выбарчы фонд. Але агульная сума не павінна перавышаць 210 мільёнаў беларускіх рублёў, што складае каля 10 тысяч эўра.

У тым выпадку, калі афіцыйна зарэгістраваны кандыдат у Палату прадстаўнікоў будзе падчас сваёй выбарчай кампаніі заклікаць да байкоту выбараў, то акруговая ці Цэнтральная выбарчая камісія здыме яго з выбарчай гонкі. Пра гэта заявіла сёньня Лідзія Ярмошына, адказваючы на пытаньне Радыё Свабода:

«Сёлета, у адрозьненьне ад папярэдніх парлямэнцкіх выбараў 2012 году, байкот караецца заканадаўча. Тыя грамадзяне Беларусі, якія выступяць з такімі заклікамі, будуць прыцягвацца да адміністратыўнай адказнасьці. А тыя кандыдаты ў дэпутаты, якія афіцыйна зарэгістраваліся, але таксама пачнуць заклікаць да байкоту, будуць зьнятыя з выбарчай гонкі. Хай апазыцыянэры не разьлічваюць на тое, што, як гэта было раней, яны горда здымаліся самі. Цяпер мы будзем іх апярэджваць».

На ўдакладняльнае пытаньне Свабоды, ці азначаюць выбары ў адзін тур (другога туру сёлета ня будзе ні практычна, ні тэарэтычна), што ўсе 110 дэпутатаў будуць абраныя 11 верасьня, Лідзія Ярмошына адказала:

«Не, так можа і не атрымацца. Ёсьць па меншай меры дзьве прававыя падставы, калі выбары ня будуць прызнаныя сапраўднымі. Першая — калі на выбарчы ўчастак прыйдзе менш за 50% выбарцаў, другая — калі нават іх прыйдзе дастатковая колькасьць, але больш за палову прагаласуе супраць аднаго ці ўсіх кандыдатаў. У такім выпадку будуць праведзеныя новыя выбары, якія сумесьцяць з выбарамі мясцовымі».

XS
SM
MD
LG