Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску пасьля 10 сутак выйшаў на волю першы арыштаваны за Дзень Волі — журналіст Арцём Сізінцаў


Арцём Сізінцаў
Арцём Сізінцаў

27-гадовага журналіста-фрылансэра з Воршы, якога асудзілі за нібыта ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, сустракалі віцебскія калегі, сябры і родныя. А таксама дзяўчаты, Ганна і Аліна, якія пазнаёміліся з Арцёмам 25 сакавіка падчас сьвяткаваньня дня Волі і якіх таксама пакаралі — кожную штрафам у 20 базавых (460 рублёў).

Арцём, маці і дзяўчаты
Арцём, маці і дзяўчаты

Адразу па вызваленьні Арцём Сізінцаў апынуўся ў нязвыклай для сябе ролі: ня ён, а ў яго бралі інтэрвію карэспандэнты мясцовых незалежных выданьняў. І першыя пытаньні былі пра тое, наколькі гэта цяжка — правесьці дзесяць сутак у ізалятары часовага ўтрыманьня, ды яшчэ за тое, чаго ты не рабіў.

Арцём Сізінцаў — з дыктафонам, а суд вырашыў, што ён «крычаў лёзунгі»
Арцём Сізінцаў — з дыктафонам, а суд вырашыў, што ён «крычаў лёзунгі»

Калі ты журналіст у Беларусі — будзь гатовы да ўсяго, адразу сказаў хлопец:

«Галоўным доказам у судзе, лічыцца, былі відэазапісы. Там відавочна, што я стаю з дыктафонам, што я зьвяртаюся да людзей, што я фатаграфую. Але ў міліцэйскім пратаколе было запісана: „Крычаў лёзунгі“. Дарэчы, затрымалі мяне не падчас акцыі, а ўжо пасьля, калі людзі разыходзіліся і мы зь дзяўчатамі стаялі на прыпынку насупраць амфітэатру. І нейкі спадар, калі нас затрымлівалі на вачох у людзей, спрабаваў заступіцца, абураўся паводзінамі міліцыянтаў, крычаў: „Што вы робіце!“».

Арцём Сізінцаў выказаў падзяку і гэтаму невядомаму чалавеку, і родным, якія прыехалі падтрымаць яго ў суд, і ўсім, хто перадаваў у ІЧУ перадачы і дасылаў паштоўкі.

Зь сябрамі
Зь сябрамі

Ён кажа, што гэта было сурʼёзнай падтрымкай, бо ўмовы ўтрыманьня ў віцебскім ІЧУ далёка ня лепшыя ў параўнаньні з тым, як трымаюць арыштаваных у ягонай роднай Воршы.

Аршанскія актывісты, якія зусім нядаўна адбылі пакараньні за ўдзел у «Маршы недармаедаў» 12 сакавіка, чакалі Арцёма Сізінцава, каб зладзіць разам прэс-канфэрэнцыю пра ўмовы ўтрыманьня ў месцах абмежаваньня волі. Яна адбудзецца днямі.

Маці Арцёма Сізінцава: «Я заўжды ганарылася і ганаруся сваім сынам!»
Маці Арцёма Сізінцава: «Я заўжды ганарылася і ганаруся сваім сынам!»

Арцём Сізінцаў быў першым, каго вызвалілі пасьля «сутак» за 25-га сакавіка. Да 6 красавіка застаецца пад арыштам у віцебскім ізалятары часовага ўтрыманьня актывіст руху «За свабоду» Хрыстафор Жаляпаў, да 9-га — сябар партыі БНФ Леанід Аўтухоў, да 10-га — журналіст Канстанцін Мардзьвінцаў і праваабаронца Леанід Сьвецік. Яшчэ адзін віцебскі праваабаронца, Павал Левінаў, чакае позвы ў суд. Яго затрымалі 26 сакавіка, але з прычыны праблем са здароўем праваабаронца трапіў не за краты, а ў шпіталь. Цяпер спадар Левінаў выпісаўся і працягвае лекаваньне дома.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG