Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арабскія Эміраты і прывіды Траецкай гары: інвэстары з Пэрсыдзкай затокі «ўпарадкуюць» гістарычны Менск


Неўзабаве пачнецца асваеньне тэрыторыі вакол комплексу будынкаў 2-га менскага шпіталя, колішняга базыльянскага кляштара. Участак у межах сталічных вуліц Багдановіча і Купалы, дзе пад знос гэтаксама прызначаны выставачны цэнтар «БелЭкспа», некалькі разоў зьбіраліся перадаць замежным інвэстарам, але дамовы так і не былі падпісаныя.

Знос шпіталя плянуецца пачаць з прыбудаванага корпусу
Знос шпіталя плянуецца пачаць з прыбудаванага корпусу

Ласы кавалак і цякучка замежных інвэстыцыяў

Гэтым разам ласы кавалак бяруцца ўпарадкаваць бізнэсоўцы з Абʼяднаных Арабскіх Эміратаў. Анансавана, што ў амбітны праект мяркуецца ўкласьці 250 мільёнаў даляраў.

Як паведамілі ў Камітэце эканомікі Менгарвыканкаму, цягам двух тыдняў будзе падпісаная інвэстыцыйная дамова, пасьля чаго заказчык у асобе прадпрыемства «Менская спадчына» прыступіць да руйнаваньня шпіталя і выставачнай залі. Працы мяркуецца пачаць ужо пры канцы сьнежня, і, калі ня здарыцца якога форс-мажору, адрапартаваць пра выкананьне задачы менш як праз год.

Пляц, прызначаны пад забудову, мае плошчу блізу 6 гектараў. Сюды мяркуецца «ўціснуць» гатэльны комплекс, гандлёвую зону, рэстаран, казіно, падземны паркінг. Выглядае, што забаўляльную сфэру іншаземным крэдыторам фінансаваць нашмат выгадней, чым падтрымліваць рэальную эканоміку.

Унутраная тэрыторыя колішняга кляштара
Унутраная тэрыторыя колішняга кляштара

Экспэртаў перадусім цікавіць, які лёс чакае сярэднявечныя муры, якія рызыкуюць папоўніць доўгі сьпіс незваротных стратаў у гістарычным цэнтры сталіцы. Самы стары будынак у раёне Траецкай гары — былы кляштар базыльянак — мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Знаўцы кажуць, што ў апэрацыйнай, абсталяванай на трэцім паверсе замест манаскіх кельляў, пад пабелкай дагэтуль захаваліся росьпісы XVIII стагодзьдзя. Унікальная тут і канструкцыя скляпеньняў, аналягаў якім у Менску няма.

Паводле нацыянальнага заканадаўства руйнаваць помнікі архітэктуры забаронена, іх можна толькі рэканструяваць. Чатыры карпусы былога шпіталя, выселенага яшчэ перад прышэсьцем першага патэнцыйнага інвэстара з Аману, якраз падпадаюць пад такое патрабаваньне — гэта сам кляштар, дом інвалідаў, багадзельня, гаспадарчая пабудова. Іншымі словамі, пад бульдозэр можна пускаць толькі паваенную прыбудову, якая адпачатку не гарманіравала са старадаўнім навакольлем.

Паваенная прыбудова шпіталя
Паваенная прыбудова шпіталя

Эўрарамонт для прадмесьця з 500-гадовай гісторыяй

Апроч таго, акрэсьленая тэрыторыя ўваходзіць у зону аховы гістарычнага цэнтру, які, у сваю чаргу, клясыфікуецца як «комплексная гісторыка-культурная каштоўнасьць». У зьвязку з абвяшчэньнем новага забудоўшчыка паўстае лягічнае пытаньне: ці будуць вытрыманыя абавязковыя рэглямэнты?

Па-першае, у ахоўных зонах нельга весьці будаўніцтва вышэй за 9 паверхаў. Па-другое, згодна з нормамі комплекснага тэрытарыяльнага плянаваньня ў гістарычным цэнтры павінны выяўляцца і аднаўляцца значныя страчаныя архітэктурныя будынкі і збудаваньні.

Гістарычныя пляны XVIII—ХХ стагодзьдзяў з Траецкім і Лаўскім прадмесьцямі

Як кажа старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч, асваеньне тэрыторыі ў межах вуліц Купалы і Багдановіча непазьбежна паўплывае на ляндшафтную адметнасьць адразу двух гістарычных прадмесьцяў — Траецкага і Лаўскага. І калі пасьля рэстаўрацыі з элемэнтамі «эўрарамонту» першае яшчэ раней загналі ў «псэўдаархітэктурнае гета», то ў выпадку рэалізацыі другога будзе пахаваны яшчэ адзін пласт самабытнасьці менчукоў:

«БелЭкспа» — гэта ўжо тэрыторыя Лаўскага прадмесьця. Там пераважала не мураваная, а драўляная забудова. Калі кіравацца нарматывамі, трэба аднаўляць страчаную пляніровачную структуру ў гістарычным абʼёме. Марфалёгію архітэктуры, канечне, не адновім, але можна аднавіць так званыя «габарытныя кантэйнэры» будынкаў, якія там стаялі. Іншая справа, што інвэстар гэтага рабіць ня будзе, яму патрэбныя плошчы. Адпаведна, будзе праектавацца чарговы шматпавярховы комплекс, які парушыць усе крытэры працы на гэтай тэрыторыі. Не сумняюся, што ўсё будзе ўзгоднена на ўсіх узроўнях — і Камітэтам архітэктуры Менгарвыканкаму, і навукова-мэтадычнай радай, і Міністэрствам культуры. На жаль, у нас узгадненьні робяцца ня ў межах дзейнага заканадаўства, а з парушэньнямі закону — дзеля спрыяньня інвэстару. Практычна ўсе яны маюць прыкметы парушэньня артыкула 20 закону «Аб барацьбе з карупцыяй».

Траецкая спаруда над гістарычным прадмесьцем
Траецкая спаруда над гістарычным прадмесьцем

Апроч таго, тэрыторыя, на якой за савецкім часам вырас шкляны куб «БелЭкспа», мае мэмарыяльнае значэньне. У свой час тут стаяў дом выбітнага драматурга Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, аднак падчас маштабнай будоўлі яго зьнесьлі разам з астатнім «прыватным сэктарам».

Уціснуць помнік у рамкі сучасных стандартаў

Адзін з найбольш дасьведчаных экспэртаў у пытаньнях захаваньня гістарычнай спадчыны Менску, гісторык Уладзімер Дзянісаў ня схільны верыць запэўніваньням уладаў, што інвэстпраект будзе рэалізаваны ў «максымальна зьберагальным рэжыме». Перадусім выклікае трывогу, што няма празрыстасьці і хоць якога грамадзкага абмеркаваньня рэзананснай будоўлі — праект, які даручана распрацаваць архітэктурнай кампаніі «Варабʼёў і партнэры», аточаны таямніцай. Супрацоўнікі бюро нават кажуць, што далі падпіску «аб неразгалошваньні інфармацыі».

«Сьвечка» бізнэс-цэнтру над Замчышчам
«Сьвечка» бізнэс-цэнтру над Замчышчам

Нарэшце, толькі за апошнія гады жыхары сталіцы сталі сьведкамі таго, як дзеля спонсараў нахабна парушаюцца ўсе магчымыя нормы забудовы ў ахоўных зонах — тут і жылая «спаруда імя алігарха Чыжа» ў Траецкім прадмесьці, і «псэўдакемпінскі» на месцы першай электрастанцыі, і шкляная высотка зь відам на Замчышча, і цэлая вуліца муляжоў у сайдынгу з закосам пад даўніну на беразе Сьвіслачы:

«У кароткай інфармацыі фігуруе адна фраза, якая проста бянтэжыць: аўтары праекту павінны „тактоўна ўпісаць старыя будынкі ў новы будаўнічы комплекс“. А не наадварот! Менавіта новае будаўніцтва павінна падпарадкоўвацца мэтам захаваньня гісторыка-культурнай спадчыны, якраз гэта галоўная задача! Непакоіць яшчэ адна рэч: калі будзе распрацоўвацца праектна-каштарысная дакумэнтацыя на рэканструкцыю старажытных будынкаў — у першую чаргу кляштара базыльянак XVIІI стагодзьдзя і пабудоў шпіталя ХІХ стагодзьдзя — ці ня будуць зьнішчаныя іх інтэрʼеры і пляніровачная структура, якая таксама ўяўляе вялізную каштоўнасьць? Справа ў тым, што там захаваліся скляпеньні і памяшканьні, перакрытыя крыжовымі бэлькамі. Гэта першае. Па-другое, у будынку манастыра пад новым тынкам застаўся манумэнтальны жывапіс XVIІI стагодзьдзя».

Сайдынгавая вуліца «пад даўніну»
Сайдынгавая вуліца «пад даўніну»

Як вынікае з архіўных дакумэнтаў пачатку ХІХ стагодзьдзя, аўтарства фрэсак у кляштары базыльянак належыць вядомаму мастаку свайго часу Казіміру Анташэўскаму. Красамоўны факт: ён расьпісаў амаль паўтара дзясятка каталіцкіх і ўніяцкіх сьвятыняў на тэрыторыі Менскай губэрні, што сьведчыць пра талент і запатрабаванасьць майстра. У ліку самых вядомых — росьпісы Менскага катэдральнага сабору і касьцёла езуітаў у Лучаі, а таксама інтэрʼеры рымска-каталіцкай сьвятыні ў Будславе і менскага кляштара базыльянак. І страта неацэнных росьпісаў разам са старажытнымі мурамі была б непапраўнай памылкай сучасных дойлідаў.

Шлях ад Ратушы да заштатнага казіно

Зрэшты, удакладняе гісторык Уладзімер Дзянісаў, карані месца, якое зьбіраюцца «засадзіць» шклобэтоннымі гатэлямі, казіно ды рэстаранамі, сягаюць нашмат глыбей, чым гэта фігуруе ў прыкладзенай да праекту дакумэнтацыі. Фактычна адсюль пачалося паўнавартаснае і асэнсаванае жыцьцё гораду:

«Тое месца, дзе цяпер стаяць карпусы 2-га клінічнага шпіталя, — адно з самых старажытных у нашым горадзе. Гэта быў цэнтар так званай Траецкай гары, на якой у XVI стагодзьдзі сфармавалася рынкавая плошча. Фактычна гэты быў першы вялікі менскі кірмаш, які пазьней атрымаў назву Траецкага. Прынамсі, так ён фігуруе ў тагачасных дакумэнтах. На думку сучаснага дасьледчыка Расьціслава Баравога, гэтая тэрыторыя стала новым гарадзкім цэнтрам, дзе паўстала першая менская ратуша. Менавіта на рынкавай плошчы сыходзіліся асноўныя гандлёвыя шляхі, якія вялі ў Менск з Барысава і Вільні. Вядома, што тут існавала драўляная праваслаўная царква Сьвятой Тройцы, яна згадваецца ў дакумэнтах пачынаючы яшчэ з XVI стагодзьдзя. А каля 1508 году тут зьявіўся першы ў Менску каталіцкі касьцёл, фундаваны вялікім князем ВКЛ Жыгімонтам Старым. Зноў жа, на пачатку XVI стагодзьдзя пры царкве, якая тады ўжо была ўніяцкай, быў заснаваны менскі Траецкі кляштар базыльянак».

Занядбаны клінічны шпіталь
Занядбаны клінічны шпіталь

Паводле суразмоўцы, усе тагачасныя дамінантныя пабудовы на Траецкай гары былі драўляныя, толькі ў 1799 годзе менскі губэрнскі архітэктар Тодар Крамар распрацаваў праект трохпавярховага мураванага манастырскага корпусу з гаспадарчымі пабудовамі. Акурат гэтыя будынкі сёньня трапляюць у зону камэрцыйнага асваеньня арабскіх інвэстараў.

У 2010 годзе згодна з прэзыдэнцкім указам кавалак зямлі ў межах вуліц Багдановіча — Купалы — набярэжнай Сьвіслачы за 10 мільёнаў даляраў быў перададзены Аману. Але неўзабаве грымнуў крызіс, беларускі рубель абваліўся, і ў сытуацыі няпэўнасьці аманцы ад супрацы адмовіліся. Празь нейкі час гарадзкія ўлады заявілі, што знайшоўся «надзейны арабскі партнэр», якога шырокай публіцы так і не прадставілі. Зрэшты, зь ім таксама штосьці не зраслося.

У чаканьні чарговага інвэстара
У чаканьні чарговага інвэстара

Гэтым разам на арэну выйшаў гулец з Эміратаў, якога ў Менгарвыканкаме нешматслоўна характарызуюць як «досыць заможнага і добра знаёмага з рэаліямі Беларусі». Безальтэрнатыўны прэтэндэнт нібыта ўжо прайшоў усе стадыі ўзгадненьня, і да канца году чакаецца падпісаньне генэральнага пагадненьня. Тады і пачнецца зачыстка тэрыторыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG