Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абвінавачваны ў сьмерці ў менскім СІЗА вязьня Пцічкіна выступіць з апошнім словам 


Фэльчар «Валадаркі» Аляксандар Крылоў

Фэльчар «Валадаркі» Аляксандар Крылоў

Фэльчару «Валадаркі», якога судзілі ў справе Ігара Пцічкіна, пракурор запрасіў 3 гады калёніі-пасяленьня. А якім будзе прысуд?

17 кастрычніка з апошнім словам перад судом выступіць фэльчар СІЗА № 1 Аляксандр Крылоў, якога абвінавачваюць у неналежным выкананьні службовых абавязкаў, што прычынілася да сьмерці чалавека. У гэты ж дзень маюць абвясьціць прысуд.

Гаворка пра сьмерць у 2013 годзе вязьня «Валадаркі» Ігара Пцічкіна. Паводле Аляксандра Крылова, у арыштанта Пцічкіна пачаўся пасьлянаркатычны сындром, паводзіны сталі неадэкватнымі, і нібыта ў мэтах бясьпекі самога вязьня ды ягоных сукамэрнікаў фэльчар распарадзіўся прывязаць Пцічкіна да ложка адмысловымі жгутамі.

Але замест 2-3 гадзін, як меркавалася спачатку, Пцічкіна трымалі прывязанага больш за 20 гадзін, пасьля чаго ён памёр «ад сардэчнай недастатковасьці» — гэтак вырашылі экспэрты, якія падпісаліся пад заключэньнем аб сьмерці.

Падчас хвіліны маўчаньня на акцыі памяці Пцічкіна

Падчас хвіліны маўчаньня на акцыі памяці Пцічкіна

Справа расьсьледавалася больш за 2 гады, і ў выніку пракуратура палічыла, што захады фізычнага стрыманьня да Ігара Пцічкіна былі ўжытыя неабгрунтавана, да таго ж фэльчар «Валадаркі» Аляксандар Крылоў не аказаў вязьню належнай мэдычнай дапамогі.

Прадстаўнік абвінавачваньня Вадзім Кісель падчас судовых спрэчак, якія адбыліся 14 красавіка, запрасіў для Аляксандра Крылова 3 гады калёніі-пасяленьня і забароны для яго цягам 5 гадоў працаваць ў мэдыцынскіх установах.

Адвакат Крылова Андрэй Міхайлаў з такім меркаваньнем пракуратуры не пагадзіўся і даказваў суду, што яго падабаронны, акрамя як у невялікіх парушэньнях службовых інструкцый, ні ў чым не вінаваты. Паводле адваката, Крылова трэба апраўдаць ды распачаць справу супраць сьледчага пракуратуры, які пачаў «незаконны крымінальны перасьлед» фэльчара.

Сам Крылоў не прызнаваў сваёй віны цалкам. Адвакат Аляксандр Галіеў, які абараняў у судзе інтарэсы маці і сястры Ігара Пцічкіна, заявіў у судовых спрэчках, што вынік гэтай справы вельмі важны для грамадзтва.

Маці Ігара Пцічкіна Жанна сказала, што яна «чакае ад дзяржавы рэальных крокаў па спыненьні свавольства нядобрасумленных міліцыянтаў у месцах зьняволеньня». Жанна Пцічкіна лічыць, што яе сын памёр на «Валадарцы» ад зьбіцьця і катаваньняў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG