Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія беларускія сувэніры купляюць расейскія турысты? ФОТА


Найчасьцей у Магілёў наведваюцца турысты з Расеі. Якімі яны бачаць Беларусь і беларусаў, ці заўважаюць адрозьненьні? Якія сувэніры вязуць на радзіму?

Сустрэць замежнага турыста ў Магілёве, як высьветлілася, няпроста. За апошнія год-паўтара гасьцей, якія прыяжджаюць пабачыць мясцовыя адметнасьці, паменела. Але, як і раней, турысты з Расеі пераважаюць. Адказваючы на пытаньне, чым Беларусь адрозьніваецца ад іхнай радзімы, адзначаюць найперш чысьціню і парадак.

«Горад чысты. Парадак на дарогах. У гэтым дужа вялікае адрозьненьне. Будаўніцтва разьвітае — колькі дамоў новых. Відаць, што дабрабыт беларусаў расьце», — дзеляцца ўражаньнямі муж і жонка з Расеі. Яны наведаліся ў Беларусь, каб паказаць яе ўнучцы.

Паводле гасьцей з Расеі, пабыўшы ў Магілёве суткі, яны ня ўбачылі, што ў Беларусі жыве адрозны ад іх народ:

«Адзіная адметнасьць, што ёсьць касьцёлы. Людзі з каталіцкім веравызнаньнем ёсьць. У нас гэтага меней, безумоўна. Акцэнт у гаворцы беларускі адчуваецца. Асабліва ў вёсках. Там беларускі дыялект. Хацелася б адсюль нешта ваша нацыянальнае на радзіму павесьці зь лёну. Па музэях паходзім».

Яшчэ адна сямейная пара з Масквы таксама не прамінула адзначыць чысьціню беларускіх гарадоў і дагледжаную сельскую мясцовасьць.

«У вас больш чыстыя гарады, чым у Расеі. Як пад’яжджаеш да гарадоў, то бачна, што палі ўсе засеяныя, у адрозьненьне ад Расеі. А ў нас за горадам у асноўным катэджы, а калі далей за Маскоўскую вобласьць выяжджаеш, то заняпад, — зазначаюць госьці з Расеі. — Адчуваецца, што ў вас крыху мова адрозьніваецца. З намі дык па-расейску гавораць, а вось між сабою па-беларуску. Асабліва ў вёсках. Не заўжды разумеем, але бальшыня слоў нам падаюцца знаёмымі».

Што да гасьцінцаў зь Беларусі, то суразмоўцы заўважаюць, што стараюцца купляць нацыянальнае.

«У тых гарадах, у якіх спыняемся, абавязкова купляем магніцікі з гарадзкой сымболікай. Важна, каб там было на беларускай мове напісана, бо па-расейску мы і на радзіме купім. Набываем беларускую прадукцыю. Вы адзіныя, хто паводле ГОСТу працуеце. Яна ў вас якасная».

На пытаньне, якую менавіта прадукцыю зьбіраюцца купляць, называлі беларускі трыкатаж і салодкія ласункі.

Яшчэ адзін турыст з Расеі пасьпеў пабываць у Менску, пабавіць час з тамтэйшай моладзьдзю. З сталіцай Беларусі параўноўвае ён і Магілёў. Кажа, што беларускага ў абласным цэнтры бракуе.

«У Менску, як мне падаецца, цяпер адраджаюць беларускую мову. Напрыклад на запраўках, я чуў, усе супрацоўнікі павінны гаварыць на беларускай мове са сваімі кліентамі. У Менску беларуская мова становіцца моднай. Моладзь ужывае жартам беларускія словы, але паволі гэта ўваходзіць у моду. Хацелася б, каб і ў Магілёве такое было. Для тых, хто сюды прыяжджае з-за мяжы, важна ўбачыць нешта ваша нацыянальнае», — выказваецца турыст з Расеі.

Пра тое, што замежных турыстаў стала меней, кажуць і ў нешматлікіх сувэнірных крамах Магілёва. У некаторых наракаюць на нястачу сувэніраў зь беларускай мовай.

«Многія прыежджыя расейцы хочуць купіць у нас сувэніры, каб слова „Магілёў“, „Беларусь“ былі напісаныя на беларускай мове. Але, на жаль, іх дужа мала», — заўважае прадавец сувэніраў.

«Калі знаходзім такія, то замаўляем. Вось у нас кашуля ёсьць з надпісам „Ад сяброў з Магілёва“. Дужа яе купляюць. А вось аловак, бачыце, на беларускай мове „Магілёў“ напісана. Зразумела, турысты хочуць купляць сувэніры на беларускай мове. Нашто ім везьці зь Беларусі на іншай?»

«Расейцы — гэта бадай што адзіныя нашы замежныя кліенты», — працягвае гутарку пра турыстаў і іхнія прыхільнасьці яшчэ адна гандлярка сувэнірамі. Сваю прадукцыю выстаўляе на пешаходнай вуліцы Ленінскай. Таксама адзначае, што турыстаў з Расеі стала меней.

«Ім, калі нешта купляюць, падабаецца, што ёсьць на сувэнірах беларускія нацыянальныя элемэнты, — зазначае дзяўчына. — Вось тут жанчына час ад часу буслоў цацачных шые. Яны ў яе з вышыванкай. Дык вось гэты сымбаль беларускі расейцы любяць набываць. У мяне цацкі купляюць».

«Апошнім часам, — працягвае суразмоўніца, — расейцы сталі дужа ашчадныя. Шмат грошай ня трацяць, як раней».

«Мы былі на Дзень гораду ў Смаленску. Дык нашы цэны ім падаліся вялікімі. „Дорага“, — казалі. Раней нашы цэны былі для іх нізкія. Нават 25 тысяч за ручной працы бранзалет цяпер для іх дорага. Раней дык было добра. Яны такія шчодрыя былі. Цяпер сытуацыя зьмянілася».

Гандлярка сувэнірамі адзначае, што неяк па Ленінскай праходзілі італьянцы, але не зьвярнулі ўвагі на беларускія сувэніры. «У іх, відаць, у саміх такой прыгажосьці многа», — тлумачыць няўвагу замежнікаў дзяўчына.

XS
SM
MD
LG