Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТОП-10 беларускіх падарожнікаў


Беларускія падарожнікі абыходзілі ўсю Зямлю пешшу, аб’яжджалі яе ня раз аўтаспынам, а цяпер спрабуюць яшчэ аб’ехаць на ровары. Сьпіс самых вядомых вандроўнікаў зь Беларусі.

1. Уладзімір Несін: абышоў цэлы сьвет

Неверагодны падарожнік родам з Драгічыншчыны вядомы ў сьвеце тым, што падарожнічае басанож. Але гэта ня просты 1-2 дзённы трэкінг — падарожжы Несіна цягнуцца гадамі. У сваё першае падарожжа на той час выкладник фізкультуры и самба адправіўся ў 45 год — у 1996 годзе. За 11 месяцаў ён прайшоў ад Байкалу праз усю Паўднёва-ўсходнюю Азію, на судах даплыў да Інданэзіі і Малайзіі. Разам зь Несіным па азіяцкай зямлі па 30 км на дзень крочыла колькі сяброў і аднадумцаў.

Уладзімір Несін
Уладзімір Несін

З 1996 і па 2009 у Несіна не было доўгіх перапынкаў: штогод ён адпраўляўся ў новыя падарожжы. Пешшу ён абышоў літаральна ўсю Зямлю: праз Кітай дайшоў да Аўстраліі, з Аляскі — да Вогненнай Зямлі, быў у Афрыцы, Цэнтральнай Азіі, з Карэі дайшоў да Эўропы праз усю Расею. Адзіны кантынэнт, дзе пакуль не вандраваў беларус — Антарктыда.

Агулам Несін прайшоў больш за 100 тысяч км. І паўсюль — басанож. За гэты час ён зьмяніў каля дзясятку пашпартоў, напісаў кнігу «Басанож за трыдзевяць зямель» (сьвет пабачылі тры выданьні) і зьняў некалькі фільмаў.

2. Уладзімер Ярац: глуханямы матацыкліст

У 2000 годзе на сваім матацыкле адправіўся зь Менску Ўладзімер Ярац. Вярнуўся ў родны горад ён толькі праз 13 гадоў, праехаўшы 840 тысяч км у 142 краінах. Асаблівасьць Ярца ў тым, што ад дзяцінства ён глуханямы. Пачаўшы яшчэ хлапчуком езьдзіць на мапэдзе, доўгі час ён езьдзіў на «Яве-350». На гэтым матацыкле беларус аб’езьдзіў усе суседнія краіны, пасьля чаго вырашыў адправіцца ў кругасьветную вандроўку.

Уладзімір Ярац
Уладзімір Ярац

У сваю першую кругасьветку Ярац адправіўся на старой «Яве». Аднак падчас падарожжа па Амэрыцы ён патрапіў у сур’ёзную аварыю, сутыкнуўшыся з грузавіком. На шчасьце, лёс падкінуў яму добрага амэрыканца, які апекаваўся беларускім матацыклістам, узяўшы да сябе, пакуль ён не ачуняў.

Пасьля аварыі стары матацыкал аказаўся непрыдатны. Замест «Явы» амэрыканскія сябры падарылі Ярцу BMW F650G. На ім ён і скончыў падарожжа, аб’ехаўшы ў тым ліку і ўсе 50 штатаў, уключаючы Гаваі і Аляску. На гэтым матацыкле час ад часу Ярца можна пабачыць у Менску. Тут ён зьбірае ахвяраваньні на новыя падарожжы.

3. Рома Сьвечнікаў: два гады ў кругасьветцы онлайн

Малады падарожнік, за справаздачамі якога два гады можна было сачыць на старонках часопіса 34mag. net. Сьвечнікаў вучыўся ў БДУІРЫ, а потым кінуў унівэр, каб адправіцца ў кругасьветную вандроўку. Два гады ён падарожнічаў бяз грошай, рухаючыся аўтаспынам, начуючы ў выпадковых людзей ці каўчсэрфэраў па ўсім сьвеце. Раман даехаў да Каўказу, адтуль спынам — да Алтаю, праз Кітай і Паўднёвую Азію, даляцеў да ЗША, дзе жыў і працаваў. Потым ён ізноў адправіўся ў падарожжа — з Аляскі да Аргентыны. На паўшляху да яго далучылася Воля Палевікова — кантрыбутарка 34MAG.net.

Рома Сьвечнікаў, фота 34mag.net
Рома Сьвечнікаў, фота 34mag.net

Сувязь са сьветам у Сьвечнікава была цалкам інтэрактыўнай. Ён апісваў свае падарожжы, а ў адказ у розны час прасіў падтрымаць яго галасаваньнем ці грашыма. Дзякуючы інтэрнэт-карыстальнікам ён сабраў грошы на матацыкал (выйграўшы онлайн-галасаваньне за найлепшае фота з падарожжа на onliner. by), купіў новы лэптоп, а ў канцы вандроўкі — квіткі на зваротны шлях з Аргентыны ў Менск.

Ягоныя падарожныя нататкі — гэта Керуак па-беларуску ў онлайн рэжыме. Сабраныя разам, яны ўвайшлі ў кнігу пад аднайменным праектам «Рома едзе!».

4. Віталь Зялкоўскі: «Суворы беларус»

Віталь Зялкоўскі з Маладэчна стаў папулярным зусім выпадкова. У 2012 годзе, калі ён працаваў у Бэльгіі, падчас сваіх падарожжаў па Эўропе ён рабіў сэлфі на фоне мясцовых выбітнасьцяў. Прычым абсалютна ўсе сэлфі былі зробленыя зь вельмі сур’ёзным выразам твару. Не палічыўшы свае фотаздымкі нетыповымі, беларус разьмясьціў іх на сваёй старонцы ў фэйсбуку. За 48 гадзінаў пасьля публікацыі фотарэпартаж сабраў больш за 600 тысяч праглядаў, 1 100 камэнтароў і 2 300 «лайкаў». Зялкоўскага празвалі «суворым беларусам» ці «суворым турыстам», пра яго напісалі сусьветныя мэдыі. З таго часу яго пастаянна сталі пазнаваць на вуліцах у Беларусі і за мяжой.

Віталь Зялкоўскі
Віталь Зялкоўскі

Па словах Зялкоўскага, ён нават не разьлічваў на такі эфэкт ад ягоных сэлфі. У хуткім часе ён стаў атрымліваць рэклямныя прапановы зь Беларусі і Расеі. А летась нават выкарыстаў сваю папулярнасьць у палітычных мэтах. Зялкоўскі далучыўся да Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі і ўдзельнічаў у выбарах у Менскі абласны савет дэпутатаў. Ва ўладу занадта папулярную асобу не прапусьцілі, але на тэлебачаньне, у тым ліку дзяржаўнае, яго дагэтуль запрашаюць.

5. Ксенія Вяцкая: мама-падарожніца

Толькі за адзін год Ксенія Вяцкая наведала 21 краіну. Такім цікавым яе досьвед ня быў бы, калі б не яе спадарожнік — немаўля, якое адправілася ў гадавое падарожжа ў 6 месяцаў. 9 пералётаў і 36 пераездаў з малым дзіцём цягам усяго аднаго году — мама ўпэўненая, што ўсё гэта пайшло ім абаім толькі на карысьць. Калісьці Ксенія гэтак жа вандравала са сваім мужам. Але зараз пакуль жонка зь дзіцём у падарожжах, ён працуе ў Менску.

Ксенія Вяцкая
Ксенія Вяцкая

Падарожжы з малым сынам пачаліся яшчэ да першай «эўрапейскай вандроўкі». Толькі за паўгоду Ксенія з Маркам пасьпелі зьезьдзіць у Маскву, дзе мама абараніла дыплём у Літаратурным інстытуце, ва Ўкраіну да бабулі, пакаталіся з мужам па Беларусі, а потым яшчэ адкрылі шэнген і аб’ехалі бліжэйшыя краіны Эўразоны. Там і пачалася «вялікая вандроўка», якая зацягнулася на цэлы год.

Паўгоду таму ў Ксеніі нарадзіўся другі сын — Багдан. Мяркуючы па ейнай старонцы ў Instagram, ён таксама ўжо ў актыўным падарожжы: едзе разам з маці і старэйшым братам ва Ўкраіну. Сям’я едзе трыма электрычкамі зь перасадкамі.

6. Аляксей Язылец: спорт-турыст

Ці ня самы спартовы сярод беларускіх вандроўнікаў — Аляксей Язылец. На першыя палосы многіх газэт ён трапіў у 2010 годзе, калі аўтаспынам даехаў зь Беларусі да Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, дзе праходзіў Чэмпіянат сьвету па футболе. Тады за 5 месяцаў ён праехаў больш за 20 краінаў выключна спынам. Агулам на ягоным рахунку больш за паўсотні выездаў на гасьцявыя матчы зборнай Беларусі і гульні «Дынама-Менск» у Эўракубках.

Аляксей Язылец
Аляксей Язылец

Языльца, аднак, цікавяць ня толькі футбольныя матчы, але ўсе спартовыя выступы беларусаў. Як ён пісаў летась у сваім блогу, ён зьбіраецца пашыраць геаграфію паездак у тым ліку, наведваючы баі Віталя Гуркова ці забегі Аліны Талай.

У сваім заліку Язылец мае ня толькі спартовыя падарожжы. У 2008 годзе ён адправіўся ў вандроўку з самай Заходняй кропкі Партугаліі, а вярнуўся ў Менск ужо з Усходу — высадзіўшыся ва Ўладзівастоку, ён праехаў праз усю Расею спынам.

7. Сямён Ісаеў: валацуга Фішай

Хлопец з Наваполацка праславіўся літаральна сёлета — ён зьняў на камэру сваё падарожжа ў Маскву, дзе сустрэў Новы год. У відэа — выпадковыя знаёмыя, бойкі, паліцыя. Усё зроблена без пастановак і з уласным камэнтаваньнем падзеяў. Ягонае відэа заўважыў Арцём Лебядзеў, чый перапост прынёс Фішаю пару сотняў тысяч праглядаў і вядомасьць. З таго часу ён штомесяц выкладвае свае новае відэа. Улічваючы прагляды ягоных відэа, напачатку многіх зь іх Фішай рэклямуе адзін і той жа сайт — гэта, прынамсі, крыніца бясплатных авіяквіткоў. За паўгоду ён пасьпеў пабываць у Кіеве, Астане, Тайляндзе, Грозным, Архангельску ды іншых гарадах Расеі.

Сямён Ісаеў.
Сямён Ісаеў.

Да таго, як стаць відэаблогерам, ён засьвяціўся ў беларускіх навінах. У 2013 годзе на дзяржаўным іспыце ў БНТУ ён прачытаў сваю прамову пра тое, што сыстэма адукацыі павінна быць перагледжана. Праз паўтара году пошукаў сябе і пісаньня сцэнароў Фішай нечакана для сябе стрэліў са сваім відэаблогам.

8. Аўгіня Манцэвіч і Верасень: з табурэтам на край сьвету

Цэлы год у складзе міжнароднай каманды зь Нью-Ёрку да самай Вогненнай Зямлі дабіраліся аўтаспынам некалькі беларусаў, украінцаў і расейцаў. Але гэта быў не звычайны спын на край сьвету: хлопцы й дзяўчаты везьлі да берага акіяну табурэт з кіеўскай кухні.

Аўгіня Манцэвіч
Аўгіня Манцэвіч

Вандроўка ў Паўднёвую Амэрыку стала апошняй з сэрыі «з табурэтам да акіяну», якую ў 2005 годзе распачаў кіеўскі актор і рэжысэр Лявон Кантар. Размаўляючы зь сябрамі на кухні, яны вырашылі ўзяць чатыры табурэты і адвезьці іх да чатырох акіянаў. Першыя тры табурэты да Атлянтычнага, Паўночна-Ледавітага і Індыйскага акіянаў сябры адвозілі самі. І толькі ў падарожжа да Ціхага акіяну яны паклікалі сяброў зь іншых краінаў.

Падарожжа доўжылася трошкі больш год. За гэты час Манцэвіч і Верасень праехалі 30 тысяч км аўтаспынам. Перад пачаткам падарожжа яны пабраліся шлюбам у Нью-Ёрку. Скончылі на самым краі зямлі, пакінуўшы там табурэт. Пасьля паўднёва-амэрыканскай вандроўкі зь мінімальным бюджэтам яны даехалі да самай паўднёвай кропкі Эўразіі — Малайзіі.

9. Аляксей Ландрэс: на колах па Азіі

У 2013 годзе мала хто не пісаў пра Аляксея Бачылу (больш вядома як Ландрэса), які літаральна за 100 дзён праехаў на ровары 8 тысяч км праз усю Эўропу і вярнуўся ў Менск. За ўвесь час ён патраціў 2 тысячы эўра. Па вяртаньні Бачыла абвясьціў аб плянах на будучую роварную вандроўку — па Азіі.

Аляксей Ландрэс
Аляксей Ландрэс

І вось у канцы красавіка беларус адправіўся ў заплянаванае падарожжа, пра што можна пачытаць на ягоным сайце. За 43 дні ён даехаў зь Беларусі, праз Украіну, Балканы і Турцыю да Грузіі, пракруціўшы 4 тысячы км. Далей ягоны шлях ляжыць праз Цэнтральную Азію, Індыю, Тайлянд, Філіпіны і Японію — агулам 30 тысяч км у два бакі. Падарожжа можа заняць паўтара году. Едзе Бачыла на айчынным ровары — «Аіст».

Хлопец яшчэ не вярнуўся з Азіі, але ўжо мае пляны на наступны роварны маршрут: па вяртаньні ён зьбіраецца праехаць на сваім ровары праз Афрыку ці Лацінскую Амэрыку.

10. Аляксандар Казлоўскі: іракскі вязень

Праславіўся Казлоўскі ў 2012 годзе, пасьля таго як патрапіў у іракскую турму. Па Іраку, дзе дагэтуль не спыняюцца тэракты, ён вандраваў самастойна. Мясцовая паліцыя затрымала беларуса, калі той фатаграфаваў гістарычныя будынкі. Выратавацца яму ўдалося толькі дзякуючы sms, якое ён пасьпеў адправіць бацьку ў Маскве.

Аляксандар Казлоўскі
Аляксандар Казлоўскі

Летась ён быў вырашыў вярнуцца ў Ірак і нават назьбіраў грошай на ўзброеную ахову, якая мусіла суправаджаць яго падчас новага падарожжа. Спонсарам выступіла сама амбасада Іраку ў Маскве. Але праз вайну вандроўку давялося адкласьці. А потым байцы Ісьлямскай дзяржавы ўзарвалі старажытныя помнікі, за фатаграфаваньне якіх у свой час яго затрымалі — сталіцу старажытнай Асырыі, статуі Ламасу. Таму замест Іраку ён тры месяцы правёў у Пакістане.

Аднак сваю кнігу падарожжаў па Іраку Казлоўскі ўсё адно выдаў, гэтаксама сама, як і падарожнікі па Іране, Азэрбайджане і Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG