Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь-ЗША: адкладзеная партыя Абамы


ЗША на паўгода працягнулі прыпыненьне санкцыяў супраць дзевяці беларускіх кампаніяў. Пра гэта паведаміла намесьнік памочніка дзяржсакратара па справах Эўропы і Эўразіі Брыджэт Брынк падчас свайго візыту ў Менск.

Рашэньне амэрыканскага ўрада было цалкам чаканым. Любое іншае рашэньне мела б сэнс толькі ў рамках нейкай больш шырокай стратэгіі. Скажам, увесьці ў дзеяньне замарожаныя санкцыі — каб дасягнуць якіх мэтаў? Ну і, дарэчы, дадатковае пытаньне — за што? Беларусь, вядома, як была аўтарытарнай краінай, так ёю і засталася, але нейкіх жахлівых парушэньняў правоў чалавека апошнім часам не дапускала, хутчэй наадварот, рабіла крокі ў бок хай палавіністай і непасьлядоўнай, але ўсё ж лібэралізацыі. «Узнагароджваць» за гэта ўзмацненьнем санкцыяў было б ня вельмі лягічна.

Але і адмяняць санкцыі зусім, пажаданьне наконт чаго выказаў беларускі МЗС, таксама было б мэтазгодным у рамках пэўнай новай палітыкі, як першы крок у пасьлядоўнасьці крокаў. Такой новай палітыкі ў адміністрацыі Абамы ў дачыненьні да Беларусі няма.

У гэтай сытуацыі цяперашняя адміністрацыя ЗША вырашыла не зьвязваць рукі наступнай, Трамп або Клінтан, прыйшоўшы ў Белы дом, змогуць праводзіць любую палітыку ў дачыненьні да Беларусі.

Кажучы мовай шахмат, цяперашняя ўлада ў Вашынгтоне сваім рашэньнем аб працягу замарозкі санкцыяў адклала партыю

Цікава рэакцыя амэрыканскай дыпляматкі Брынк на пытаньне аб заяве А.Лукашэнкі ад 11 верасьня наконт таго, што Менск і Вашынгтон дамовіліся вярнуць паслоў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША: «Я ня чула гэтай заявы, але мы спадзяемся, што пакрокавае паляпшэньне адносінаў прывядзе да нармальнага функцыянаваньня пасольстваў, у тым ліку і да вяртаньня паслоў».

Хутчэй за ўсё, гэта такі дыпляматычны ўкол, які на нармальную чалавечую мову перакладаецца як: «ЗША не пачулі нічога новага ў гэтай заяве, нам гэта трэба не больш, чым вам, Менск быў ініцыятарам высылкі паслоў, яму і рабіць крокі па аднаўленьні адносінаў у гэтай плашчыні».

Ну а ўскосна гэта дэманстрацыя «вагі» Беларусі ў зьнешняй палітыцы ЗША. Якая аказваецца яшчэ меншай у сувязі з хуткай «зьменай варты» у Белым доме. Зразумела, што ў выніку гэтай зьмены зьнешняя палітыка ЗША будзе зьмененая па многіх лініях, і менавіта таму да Беларусі рукі дойдуць не хутка.

Тым ня менш можна паспрабаваць прадказаць, якімі гэтыя зьмены ў дачыненьні да Беларусі могуць быць, калі чарга да Беларусі ўсё ж такі дойдзе.

У карціне сьвету Трампа дакладна вызначаныя ворагі і праціўнікі Амэрыкі

Часта гаворыцца, што зьнешнюю палітыку Дональда Трампа, калі ён стане прэзыдэнтам, немагчыма прадказаць, маўляў, з яго бязладных і супярэчлівых заяваў не вынікае нічога, а дакладней можа вынікаць што заўгодна. Тым ня менш зь яго выступаў і кнігаў можна зразумець міжнародныя прыярытэты гэтага палітыка.

У карціне сьвету Трампа дакладна вызначаныя ворагі і праціўнікі Амэрыкі: гэта ісламскі тэрарызм, які нясе прамую пагрозу, гэта Кітай і Саудаўская Арабія, якія мэтадамі несумленнага гандлю адбіраюць у амэрыканцаў працоўныя месцы і рабуюць Амэрыку. Ім і трэба даваць адпор. А Расея... Ну зразумела, што не саюзьнік, зразумела, што крыніца галаўнога болю, але ня больш за тое. Пакуль яна не замахваецца на межы краінаў НАТА, то шкода ад яе ў рамках палітычнай філязофіі Трампа невялікая, а ў барацьбе з галоўнымі супернікамі ЗША яна можа быць і карыснай. Таму праграма-мінімум — замарозіць сытуацыю ў рэгіёне.

Няхай яна будзе нават не лепшай, але стабільнай, каб не думаць пра яе, а засяродзіцца на галоўных, з пункту гледжаньня Трампа, выкліках.

У рамках такой карціны сьвету нармалізацыя стасункаў з афіцыйным Менскам уяўляецца вельмі натуральнай і лягічнай. Пасольства вярнуць у паўнавартасны стан, санкцыі зьняць, узаемадзейнічаць з Менскам для таго, каб у рэгіёне нічога не страляла, войскі небясьпечным чынам ня перасоўваліся, і наогул каб было ціха. Ад Беларусі, зразумела, гэта залежыць у малой ступені, але ўсё ж у пэўнай і залежыць. Да таго ж у сучасным сьвеце нават невялікія крызісы маюць звычай разрастацца ў гіганцкія. Калі верагоднасьць такога крызісу ў Беларусі або ў сувязі з Беларусьсю будзе меншая — гэтага дастаткова. У сьвеце прэзыдэнта Трампа хоць бы ў гэтым рэгіёне павінна быць холадна, таму што на другім, паўднёва-ўсходнім, ускрайку Эўразіі будзе вельмі горача.

сытуацыя пакідае нешырокі калідор магчымасьцяў і патэнцыйнаму прэзыдэнту Клінтан

Зьнешнепалітычныя погляды Гілары Клінтан істотна адрозныя. Разьдзел сваёй кнігі «Цяжкія часы», прысьвечаны барацьбе за правы чалавека ў сьвеце, яна пачынае з аповеду аб гутарцы з дэмакратычнай актывісткай з Беларусі. Магчыма, Клінтан не забылася, калі вытанчана Аляксандр Лукашэнка ацэньваў яе выказваньні пра сытуацыю на постсавецкай прасторы, калі яна была дзяржсакратаром: «Яна з пахмельля бракнула, ці што».

Але зрэшты, сытуацыя пакідае нешырокі калідор магчымасьцяў і патэнцыйнаму прэзыдэнту Клінтан. Эўразьвяз ужо амаль год вядзе палітыку нармалізацыі адносінаў з Менскам: санкцыі зьнятыя, дыпляматычныя кантакты вельмі інтэнсіўныя, Беларусь захоўвае пэўную аўтаномію ў адносінах да палітыкі Расеі, сытуацыя ўнутры краіны не падобная на вясну свабоды, але і далёкая ад лютых замаразкаў. Такая сабе руцінна аўтарытарная.

Прынамсі, ніякія ўплывовыя сілы ў Эўропе пераглядаць палітыку ў дачыненьні да Беларусі ў бок узмацненьня яе жорсткасьці не зьбіраюцца, хутчэй наадварот. І ў авангардзе гэтага «наадварот» ідзе адзін з самых блізкіх амэрыканскіх саюзьнікаў — Польшча.

Амэрыканская палітыка ў дачыненьні да Беларусі заўсёды была, і, трэба думаць, і пры прэзыдэнце Клінтан будзе больш патрабавальнай, чым палітыка ЭЗ. Пытаньне ў тым, наколькі. Уводзячы санкцыі ў нулявыя гады, ЗША вялі сябе як лідэр, даючы прыклад Эўропе, дамагаючыся міжнароднай ізаляцыі Беларусі. Але цяпер Эўропа санкцыі зьняла, аднаўляць не зьбіраецца, абʼём гандлю РБ з ЗША не настолькі вялікі, каб аказваць істотны ўплыў на палітыку Менска. Тады чаго дамогуцца ЗША, захоўваючы санкцыі, што такім чынам прымусяць зрабіць Менск?

Кажучы мовай шахмат, цяперашняя ўлада ў Вашынгтоне сваім рашэньнем аб працягу замарозкі санкцыяў адклала партыю. У лістападзе стане вядома імя гульца, які будзе працягваць гульню, у студзені наступнага года ён ці яна сядзе за шахматны столік. Але наступны ход гэтага гульца ў дачыненьні да Беларусі больш менш прадказальны ўжо зараз.

Перадрук з парталу TUT.BY

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG