Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Швэдзкая кампанія TeliaSonera, якую абвінавачваюць у супрацы з КДБ, сыходзіць з СНД


TeliaSonera вырашыла згарнуць эўразійскую частку свайго бізнэсу, каб сфакусавацца на эўрапейскай частцы. З кампаніяй зьвязаны шэраг скандалаў і падазрэньняў у злачынствах.

Швэдзкая кампанія TeliaSonera, найбуйнейшы тэлекамунікацыйны апэратар Скандынавіі, абвясьціла, што сыходзіць з эўразійскага рынку, у тым ліку з краін СНД, а таксама з Грузіі і Нэпалу.

Беларусі няма ў сьпісе краін, зь якіх сыходзіць апэратар, бо фармальна ён і не прысутнічае ў Беларусі. Але валодае трацінай акцыяў турэцкага апэратара Turkcell, які, у сваю чаргу, валодае 80% акцыяў беларускага апэратара life:).

Раней швэдзкі журналіст Ганс Росэн абвінавачваў кампанію ў супрацоўніцтве з КДБ Беларусі і спэцслужбамі іншых постсавецкіх краін. Кампанія гэта прызнала і заявіла, што ня бачыць у такой супрацы праблемаў.

Ці азначае сыход з эўразійскіх рынкаў спыненьне супрацы са спэцслужбамі або продаж Turkcell’ам актываў беларускага life:), невядома.

Дата канчатковага згортваньня бізнэсаў таксама невядомая. Па словах прэзыдэнта кампаніі, працэс будзе паступовы.

Фармальнай прычынай сыходу называецца прынятая кампаніяй новая стратэгія, якая прадугледжвае канцэнтрацыю на эўрапейскім (і, у прыватнасьці, «родным» швэдзкім) рынку. Wall Street Journal жа лічыць, што такім чынам апэратар хоча падвесьці рысу пад найвялікшым для Швэцыі карпаратыўным скандалам: TeliaSonera давала хабар дачцэ прэзыдэнта Ўзбэкістану — сотні мільёнаў даляраў. Ня так даўно ЗША патрабавалі проста арыштаваць эўрапейскія актывы TeliaSonera і іншых апэратараў, зьвязаных з карупцыйным скандалам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG