Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усё, што ты робіш у інтэрнэце, вядома спэцслужбам


Беларусь знаходзіцца ў сьпісе «ворагаў інтэрнэту», а ў нас усе сайты даступныя. Гэта заўжды зьдзіўляе замежнікаў — кажа Аляксей Лявончык, экспэрт у галіне камунікацый.

Ужо цяпер уладам нічога не перашкаджае закрыць інтэрнэт — упэўнены Лявончык. Адно тое, што «Белтэлекам» мае манаполію на перанакіраваньне трафіку, дазваляе блякаваць доступ на сталай падставе, а ня кропкава, як цяпер. А паводле Ўказу № 60 сайты можна блякаваць паводле запыту аднаго чалавека, нават не арганізацыі. Тым ня меней «чорны сьпіс» сайтаў дзейнічае толькі ў некаторых дзяржаўных установах.

Калі ж ў Беларусі закрыюць інтэрнэт?

Аляксей Лявончык прымаў удзел у падрыхтоўцы дакладу «Беларусь. Сеціва пад кантролем». Яго надоечы апублікавала міжнародная арганізацыя Index on Censorship (Індэкс цэнзуры).

Даклад падсумоўвае і аналізуе тое, што адбывалася ў беларускім сеціве за апошнія гады. На першы погляд, у гэтых зьвестках няма амаль нічога новага. Але аўтары сьцьвярджаюць: «Нямногія ўсьведамляюць, што ў цяперашні час рэжым мае магчымасьць кантраляваць практычна ўсе дзеяньні жыхароў Беларусі ў інтэрнэце».

Так, ёсьць указ № 60 «Аб мерах па ўдасканаленьні выкарыстаньня нацыянальнага сэгмэнту сеткі інтэрнэт». Дзякуючы яму дзяржава абсалютна законна кантралюе тое, што адбываецца ў сеціве, і гэтаксама законна можа перасьледаваць тых, хто праяўляе непажаданую інтэрнэт-актыўнасьць. Аднак гэты ўказ дзейнічае ўжо чацьвёрты год. Выдаўніца і галоўны рэдактар мультымэдыя-часопіса «34mag.net» Ірына Віданава кажа, што інтэрнэт пакуль што застаецца адносна свабоднай прасторай:

«У параўнаньні зь іншымі відамі свабодаў інтэрнэт — больш свабодная прастора, чым, напрыклад, традыцыйная журналістыка. Але трэба ўсьведамляць, што ўжо існуе заканадаўства, якое абмяжоўвае гэтую свабоду. Аднак пакуль што мы яшчэ гэтага не адчуваем».

Так, у Беларусі кропкава блякуюцца апазыцыйныя сайты, на іх час ад часу бываюць дос-атакі. Ёсьць нават таемны чорны сьпіс сайтаў, у якім ёсьць і «Хартыя-97», і «Наша Ніва», і «Вясна-96». Але яны заблякаваныя ў дзяржаўных установах і некаторых гатэлях, кшталту «Эўропа». З хатняга кампутара ўсе яны даступныя.

«І чалавеку, які на гэтыя сайты ходзіць, нічога цяпер ня будзе, — кажа Аляксей Лявончык. — А ў 2010 годзе нават апрабавалі сыстэму стварэньня фальшывых дамэнаў, калі запыт на сайт перанакіроваўся на фальшывыя сайты, што зьмяшчалі перакручаную інфармацыю, — распавядае Аляксей. — Гэта, на маю думку, быў такі экспэрымэнт, неўласьцівы нават для Расеі».

«Але на жорсткасьць і якасьць дзяржаўнага кантролю над сецівам гэта не паўплывала», — рэзюмуе ён.

Так, ёсьць прыклады перасьледу інтэрнэт-актывістаў і журналістаў. Збольшага ўсе яны шырока вядомыя і добра апісаныя ў прэсе. Толькі летась за публікацыі на «Хартыі-97» і «Беларускім партызане» быў абвінавачаны ў паклёпе журналіст Андрэй Пачобут. Фатограф Антон Сурапін правёў паўтара месяца ў СІЗА КДБ за публікацыю на сваім рэсурсе фатаздымкаў мядзьведзікаў з «плюшавага дэсанту». Апроч таго, улады жорстка перасьледавалі адміністратараў групы «Ўкантакце» «Надакучыў нам гэты Лукашэнка». Адзін зь іх, Раман Пратасевіч, заявіў, што яго 4 гадзіны дапытвалі ў міліцыі, зьбівалі і патрабавалі выдаць паролі да суполкі.



Адзін з арганізатараў «маўклівых акцыяў» Вячаслаў Дзіянаў кажа, што адчувае ў беларускім інтэрнэце рэальную небясьпеку:

«У мяне няма параноі. Калі я з бацькамі размаўляю, то я, вядома, ніякіх мераў бясьпекі не выкарыстоўваю. Але па працы, калі я займаюся пратэставым актывізмам у сеціве, вядома, я карыстаюся крыпталягічнымі праграмамі.
Да таго ж у сеціве супраць мяне ўвесь час бываюць розныя правакацыі. Напрыклад, часта зьвяртаюцца людзі, якія просяць, каб я ім дапамог візу зрабіць за грошы. Ці ўзломваюць акаўнт кагосьці зь сяброў і адтуль пачынаюць мне пагражаць: мы цябе парвем на часткі».

«І аднаго такога выдпадку дастаткова, каб краіна скацілася ўніз у рэйтынгу свабоды слова ў інтэрнэце, — кажа Аляксей Лявончык. — Параўнальна з Цэнтральнай Азіяй, вядома, у нас яшчэ ня ўсё так кепска. У параўнаньні з Эўропай — зусім не нармальна, бо калі ёсьць хаця б некалькі такіх выпадкаў — гэта ўжо вельмі кепска».

Але ўся гэтая сыстэма кантролю, па ягоных словах, дзейнічае вельмі непасьлядоўна.

Няма свабоды офф-лайн, няма і он-лайн

«Беларускі інтэрнэт несвабодны не праз тэхналягічныя праблемы, а праз рэпрэсіўнае асяродзьдзе», — упэўнены Аляксей Чарняеў, экспэрт у галіне інфармацыйнай бясьпекі.

«Калі чалавек баіцца нейкіх рэпрэсіяў пасьля таго, як ён выкажа сваё меркаваньне, ён будзе сам сябе цэнзураваць. І гэта асноўны рэцэпт, якім кіруюцца нашыя ўлады. Блякаваньне сайтаў — рэдкая зьява. Але адпомсьціць за выказваньні, як было з Андрэем Пачобутам, улады заўсёды гатовыя», — працягвае ён.

«Пачуцьцё свабоды не залежыць ад таго, пагражае табе нешта ці не, — кажа сам Пачобут. — І ў несвабоднай краіне можна адчуваць сябе свабодным. Хоць гэта і нялёгка. А калі я карыстаюся інтэрнэтам, то разумею, што ўсё адсочваецца спэцслужбамі. Ня толькі артыкулы мае, але і пошта, і скайп».

Ці сапраўды беларускія спэцслужбы маюць магчымасьць кантраляваць практычна ўсё, што робяць грамадзяне ў інтэрнэце? Прынамсі так сьцьвярджаюць аўтары дакладу Index of Censorship.

«Так, могуць», — упэўненая адказваюць абодва нашыя экспэрты.

«Ёсьць пэўныя тэхнічныя магчымасьці ўнікаць гэтага кантролю, але на 90% гэтае сьцьверджаньне слушнае», — працягвае Аляксей Чарняеў.

Але ці кантралююць? Усё залежыць ад ступені зацікаўленасьці ў той ці іншай асобе. «Сочаць за найбуйнейшымі суполкамі. Ключавых асобаў у інтэрнэце вельмі абмежаваная колькасьць, і хапае сачэньня толькі за імі. На гэта ня трэба шмат рэсурсаў, — кажа Аляксей Лявончык. — Я сам спакойна манітору такія суполкі. Ня можа такога быць, каб актыўнасьць сыходзіла ад невядомага чалавека, бо каб нарасьціць прысутнасьць у інтэрнэце, патрэбны час».



Яўген Ліпковіч, блогер і публіцыст, чыя інтэрнэт-актыўнасьць стала падставай для ўзбуджэньня крымінальнай справы, кажа, што не адчувае за сабой кантролю.

«Але ўлады нашыя мяне чытаюць — 100%. Я ў адным з пастоў нагадаў, што ў год кнігі наш міністар інфармацыі Праляскоўскі абвясьціў пра продаж будынку паліграфкамбінату Я.Коласа. Дык практычна імгненна інфармацыя пра гэты фантастычны піяр-ідыятызм зьнікла з афіцыйнай прэсы. Але прадаваць жа трэба, дык яны на самім будынку павесілі абвестку „прадаецца“ з тэлефонамі. Я пра гэта ізноў напісаў, тады і абвестку гэтую зьнялі».

Сыстэмы сачэньня і кантролю, супраць якіх так выступала беларуская інтэрнэт-супольнасьць, а ў некаторых краінах нават узьніклі скандалы, выкарыстоўваюцца паўсюдна.

«Сама прырода інтэрнэту цягне за сабой рэгістрацыю таго, што чалавек робіць. Вас жа рэгіструюць мабільныя апэратары, каб элемэнтарна выставіць вам рахунак, — тлумачыць Аляксей Лявончык. — Тая самая швэдзкая TeliaSonera прадае абсталяваньне па ўсім сьвеце. Там такія сыстэмы выкарыстоўваюцца для барацьбы з крыміналам. Ім у галаву не прыходзіць, што тут яны могуць скарыстацца для іншага».

«Пару гадоў таму быў выпадак у Гомельскай вобласьці: там актывісту ўсталявалі траянскую праграму на кампутар, адсочвалі ягоныя выхады ў інтэрнэт і выкарыстоўвалі гэтую інфармацыю для псыхалягічнага ціску», — распавядае Аляксей Чарняеў.

Колькі такіх выпадкаў па ўсёй Беларусі, ніхто ня ведае.

Жалезная заслона адновіцца ў інтэрнэце

«Вось у азіяцкіх краінах і закону ніякага ня трэба, — кажа Лявончык. — Спачатку блякуюць, пасьля нешта ўжо падводзяць. У Туркменістане і Ўзьбекістане адным махам блякуюцца сайты. Гэта вельмі эфэктыўна — адразу мінус 99 працэнтаў аўдыторыі. Гэтыя 99 адсоткаў ніколі ня будуць цікавіцца, як абыходзіць гэтую блякіроўку». Чаму ў нас гэтага ня робяць — пакуль не зразумела.

«Маё меркаваньне, — кажа Лявончык, — Беларусь яшчэ імкнецца захаваць імідж краіны не варожай да інтэрнэту».

Цяпер усе краіны сьвету імкнуцца рэгуляваць інтэрнэт. «Сусьветных стандартаў адносна інтэрнэту на дадзены момант няма — як слушна рабіць, як няслушна рабіць. Проста Беларусь салідарызуецца з такімі краінамі як Кітай, Этыёпія ці Савудаўская Арабія», — кажа Аляксей Чарняеў.

Асноўных тэндэнцый дзьве: «замкнуць» інтэрнэт у межах сваёй краіны (як робіць, напрыклад, Кітай) ці пакінуць яго глябалізаваным. Беларусь ужо прымусіла ўсю інтэрнэт-актыўнасьць сканцэнтравацца ў зоне by. Што далей?

«У Іране, напрыклад, паступова зьмяншаюць прапускныя здольнасьці вонкавых каналаў такім чынам, каб замежныя рэсурсы рабіліся больш павольнымі з гледзішча карыстальніка, — прыводзіць прыклад Аляксей Чарняеў. — Так карыстальнікі заштурхоўваюцца ва ўнутраную прастору, у выкарыстаньне тых рэсурсаў, якія знаходзяцца ў зоне кантролю ўраду. Падобная схема можа быць выкарыстаная і ў нас».

Наш урад арыентаваны на такую ідэю, — кажа экспэрт: «Пакуль проста ня маюць дастаткова рэсурсаў, каб гэта рабіць».

«Беларусь будзе і надалей пераймаць прыклады такіх дзяржаваў, як Іран ці Кітай, — неаптымістычна заключае Чарняеў. — Будзе старацца блякаваць доступ да тых замежных рэсурсаў, якія рэжым успрымае як небясьпечныя для сябе».

Праўда, сама Беларусь ажыцьцявіць кітайскую мадэль блякаваньня інтэрнэту ня зможа — рэсурсаў ня хопіць.

«А вось у межах СНД альбо АДКБ — гэта вельмі рэальна, — перакананы экспэрт па інфармацыйнай бясьпецы. — Калі такая палітычная воля будзе, а яна відавочна праяўляецца, то зьвяз недэмакратычных дзяржаваў, як Беларусь, Расея, Узьбекістан, Казахстан пойдуць шляхам Кітаю і будуць абмяжоўваць злучэньне навонкі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG