Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыйныя палітыкі ўшанавалі памяць Васіля Быкава


Лідэры кампаніі «Народны рэфэрэндум» 8 траўня ўсклалі кветкі да магілы народнага пісьменьніка БССР франтавіка Васіля Быкава на Ўсходніх могілках Менску.

Першы намесьнік старшыні руху Юрась Губарэвіч адзначыў, што лідэры кааліцыі, у якую таксама ўваходзяць Партыя БНФ, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) і кампанія «Гавары праўду», у дні, калі сьвяткуецца 70-годзьдзе Перамогі, ушанавалі памяць Быкава, бо ён «нёс беларусам праўду пра вайну».

«Беларускія ўлады ў сьвяткаваньні Дня Перамогі аддаюць перавагу форме, а ня зьместу, ганяюць па праспэкце танкі і праводзяць парады. Для нас важна, каб беларусы памяталі і ўсьведамлялі жахлівыя падзеі той вайны, таму што звычайныя людзі перш за ўсё становяцца ахвярамі. Асабліва гэта важна сёньня, калі амбіцыі лідэраў асобных краін могуць прывесьці да паўтору трагедыі», — цытуе Губарэвіча прэс-служба руху «За свабоду».

Лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч сказаў, што Быкаў — гэта «выбітны зямляк, які прайшоў усю вайну». Палітык назваў 70-годзьдзе Перамогі «значнай падзеяй для ўсіх беларусаў».

Паводле намесьніка старшыні кампаніі «Гавары праўду» Сяргея Вазьняка, беларусам «трэба шукаць сьвяты, якія іх аб’ядноўваюць», а таксама «шукаць кансэнсус паміж тымі, хто сьвяткуе Дзень Перамогі 8 і 9 траўня». Ён падкрэсьліў, што мае намер ускласьці кветкі і да магілы першага сакратара ЦК КПБ франтавіка Пятра Машэрава.

Сябры руху «За свабоду» таксама ўсклалі кветкі зь бел-чырвона-белай стужкай да абэліска на плошчы Перамогі.

XS
SM
MD
LG