Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На 110 акругах будуць вылучацца 195 апазыцыйных кандыдатаў


Першы намесьнік старшыні кампаніі «За свабоду» Юрась Губарэвіч адзначыў, што агулам розныя структуры апазыцыі плянуюць вылучаць на выбары ў Палату прадстаўнікоў 195 кандыдатаў на 110 акругаў.

«Гэта значыць, што па большасьці акругаў будзе перасячэньне. У палітычным пляне гэта можна ацэньваць па-рознаму, гэта адсутнасьць адзінага сьпісу, але ў пляне назіраньня гэта нават лепей — калі ёсьць 2-3 каманды на акрузе, гэта значыць, што яны могуць аб’яднаць свае высілкі ў пляне назіраньня ды закрыць фактычна ўсе ўчасткі сваімі прадстаўнікамі», — заявіў ён падчас прэс-канфэрэнцыі кампаніі «Права выбару» ў Менску.

«Мы называем сёньня мінімальную лічбу — гэта 1000 назіральнікаў, якія будуць падрыхтаваны да кампаніі. Я спадзяюся, што гэта лічба мінімальная і яна будзе павялічана ў некалькі разоў», — заявіў сустаршыня аргкамітэту па стварэньню партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі.

Увага назіральнікаў будзе сканцэнтраваная на некалькіх ударных акругах, дзе плянуецца дасягнуць максымальнага ахопу. Хоць назіраньне будзе праводзіцца і на іншых акругах, у тым ліку ў рэгіёнах.

«Мы канцэнтруем назіраньне на некалькіх ударных акругах, дзе будуць моцныя кандыдаты і дзе мы будзем назіраць увесь час (і на датэрміновым галасаваньні, і ў дзень галасаваньня). Каб зафіксаваць яўку і спраўдзіць фальсыфікацыю выбараў. Крытэрам прызнаньня ці непрызнаньня выбараў для нас будуць дзьве рэчы. Па-першае, ці будуць дапускаць незалежных прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі, па-другое, ці будзе празрысты падлік галасоў», — адзначыў Рымашэўскі.

Якія гэта будуць менавіта акругі — кампанія «Права выбару» паведаміць пакуль ня можа. Усё будзе залежаць ад таго, хто з апазыцыйных кандыдатаў і дзе будзе зарэгістраваны.

«Асноўная мэта кампаніі «Права выбару» — гэта абарона выбару беларускіх грамадзян, рэалізацыя волі беларускага грамадзтва. Казаць ад імя беларускага народу можа толькі сумленна абраны беларускі парлямэнт, і мы дамагаемся гэтага», — адзначыў старшыя Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

XS
SM
MD
LG