Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Апазыцыйныя кандыдаты ў Віцебску кажуць, што іх дыскрэдытуюць у інтэрнэце


Пікет правацэнтрысцкай кааліцыі ў Віцебску

Пікет правацэнтрысцкай кааліцыі ў Віцебску

Падобна, што для стварэньня аднаго з ролікаў выкарыстаныя відэаматэрыялы, зьнятыя міліцэйскімі апэратарамі падчас пікету па зборы подпісаў 27 ліпеня.

У той дзень тады яшчэ прэтэндэнты на ўдзел у выбарах Тацяна Севярынец, Алена Шабуня і Георгі Станкевіч зьбіралі подпісы за вылучэньне на кандыдатаў. Падчас пікету яны ўтрох прасьпявалі гімн «Магутны Божа», а «бард Свабоды» Георгі Станкевіч выканаў уласную песьню «Сьцяг».

«Вядома, гэта быў не канцэртны выступ, мы не рэпэціравалі — усе выйшла спантанна, а таму ня дужа гладка. Але ў нас была іншая мэта — ня ўразіць мінакоў сваім вакалам, а прыцягнуць іхную ўвагу. Мы бачылі, што нас здымаюць на відэа два чалавекі, і адзін з варыянтаў запісу неўзабаве зьявіўся ў інтэрнэце. Другім апэратарам быў міліцыянт, які здымаў нас здаля, — кажа Тацяна Севярынец. — Іншых людзей з камэрамі або з мабільнымі тэлефонамі там не было. Таму надзвычай цікава, адкуль узяўся відэазапіс, які скарыстаў невядомы вырабнік відэароліка, выкладзенага на youtube.com пад псэўданімам. Тым болей што з такіх ракурсаў, як у гэтым роліку, нас больш ніхто, апроч міліцыянтаў, не здымаў. Застаецца меркаваць, што гэта зрабіў нехта, хто мае доступ да міліцэйскіх архіваў зь відэазапісамі», — дадае Алена Шабуня.

На відэароліку, які людзі пад прыдуманымі імёнамі цяпер распаўсюджваюць у сацыяльных сетках, тры чалавекі сьпяваюць гімн «Магутны Божа». Гэта пацьвярджае спадарыня Севярынец, якая падчас сьпеваў прыклала руку да грудзей, і па гэтым жэсьце можна беспамылкова вызначыць сэнс сьпеву. Але «за кадрам» гучаць іншыя словы — амаль што спрэс мацюкі.

Актывісткі, прыхільніцы стварэньня партыі БХД, рыхтуюць заявы ў пракуратуру, бо лічаць, што невядомыя «рэжысэры» відэаролікаў абразілі іхныя рэлігійныя пачуцьці і зьневажаюць грамадзкую мараль, разьмяшчаючы ў інтэрнэце брыдкаслоўе.

«Калі пару тыдняў таму зьявіўся першы відэаролік зь пераробленымі словамі замест майго „рэпу“ на пікеце каля гандлёвага цэнтру „Green“, то я проста пасьмяялася. І вырашыла не зьвяртаць увагі. Але гэтым разам, калі нейкі хуліган наўмысна зьдзекуецца з гімна „Магутны Божа“, дараваць няможна», — лічыць спадарыня Севярынец.

31 ліпеня ўсіх трох выканаўцаў гімну — Тацяну Севярынец, Алену Шабуню і Георгія Станкевіча — чарговы раз выклікалі ў Кастрычніцкі райаддзел міліцыі. Актывістам паведамілі, што супраць іх адноўлена адміністрацыйная справа за правядзеньне несанкцыянаванай масавай акцыі, крыху раней скасаваная па рашэньні райаддзелу. Справа была ўжо скасаваная, аднак абласная ўправа міліцыі вырашыла, што падначаленыя спрацавалі недасканала — нядбайна правялі праверку ўсіх фактаў — і вышэйшае кіраўніцтва загадала аднавіць справу «за сьпевы на пікеце» супраць ужо зарэгістраваных кандыдатамі актывістаў.

XS
SM
MD
LG