Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд ЭЗ не знайшоў доказаў датычнасьці Юрыя Чыжа да фінансаваньня рэжыму Аляксандра Лукашэнкі


Юры Чыж
Юры Чыж

Суд ЭЗ палічыў, што эўразьвязаўскія структуры маюць замала доказаў, каб уводзіць санкцыі супраць Юрыя Чыжа.

Экспэрты прааналізавалі рашэньне Суду Эўразьвязу, якое 6 кастрычніка адмяніла рашэньне Рады ЭЗ пра ўвядзеньне санкцыяў супраць Юрыя Чыжа і зьвязаных зь ім прадпрыемстваў, а таксама санкцыйных мераў у дачыненьні да футбольнага клюбу «Дынама-Менск». У выніку санкцыі супраць Юрыя Чыжа прызнаныя неабгрунтаванымі і адмененыя, а самому Чыжу мусяць вярнуць усе панесеныя ім у судзе выдаткі.

Апублікаваны на сайце суду дакумэнт пацьвярджае, што Суд ЭЗ запатрабаваў ад Рады канкрэтных доказаў датычнасьці прадпрыемстваў Юрыя Чыжа да падтрымкі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Санкцыі супраць Юрыя Чыжа і зьвязаных зь ім кампаніяў былі ўведзеныя з тлумачэньнем, што «Юры Чыж зьвязаны з прэзыдэнтам і ягонымі сынамі і атрымлівае прэфэрэнцыі і падтрымку ад рэжыму, асабліва праз свой холдынг «Трайпл». Адзначалася, што дзейнасьць Юрыя Чыжа неаднаразова была высока ацэненая Аляксандрам Лукашэнкам, а ў якасьці доказаў блізкасьці да рэжыму Лукашэнкі прыводзіліся спартовыя пасады алігарха — членства ў прэзыдэнцкім спартовым клюбе, пост старшыні назіральнай рады футбольнага клюбу «Дынама-Менск» і старшыні Беларускай фэдэрацыі барацьбы.

Суд ЭЗ ацэньваў у тым ліку прыведзеныя радай ЭЗ факты наданьня Юрыю Чыжу зямельнага пляца ў ягонай роднай вёсцы Сабалі пад будоўлю турыстычнага культурна-этнаграфічнага комплексу. Зямля выдзялялася па-за аўкцыёнам, тэрмінам на 99 год арэнды, і была вызваленая ад шэрагу абавязковых адлічэньняў у бюджэт. Апроч таго, фірма Юрыя Чыжа «Трайпл» атрымала кантракт на будоўлю дома для вайскоўцаў для Міністэрства абароны.

Аднак для суду ЭЗ гэтых фактаў аказалася недастаткова. На яго погляд, няма доказаў таго, што «Трайпл» атрымлівае выгадныя замовы ад дзяржавы з прычыны блізкасьці Юрыя Чыжа да Аляксандра Лукашэнкі. Нібыта ў Беларусі такія кантракты дастаюцца праз прэзыдэнцкія ўказы і іншым кампаніям.

Аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Андрэй Елісееў, які прааналізаваў рашэньне суду ЭЗ, лічыць, што ў справе Чыжа суд ЭЗ узяў высокую плянку.

Андрэй Елісееў
Андрэй Елісееў

«Рада ЭЗ проста ня здолела сабраць больш моцныя доказы, апроч тых ускосных, якія ён прадставіў. Гэта не прынцыповая пазыцыя суду ЭЗ. Суд проста ўзважыў аргумэнты, выкарыстаў легальны аналіз. Не было нейкай асаблівай увагі да беларускага кейса, ён проста спасылаўся на прэцэдэнты. Юрысты Рады ЭЗ ня ўправіліся з сваім заданьнем. Радзе трэба пільней ставіцца да збору доказаў і фактаў. Калі б былі нейкія журналісцкія расьсьледаваньні, на якія Рада ЭЗ магла б спаслацца, дык рашэньне было б іншае».

«Натуральна патрэбныя дакумэнты, — пацьвярджае палітычны аналітык Андрэй Казакевіч. — Ня проста нарматыўны акт, а фінансавыя дакумэнты, якія б сапраўды паказвалі, што ёсьць пэўныя прэферэнцыі для Чыжа. Ці быў бы аўдыёзапіс размовы, які б сьведчыў, што ёсьць спэцыяльныя стасункі, паказаньні сьведак ці дэталёвы фінансавы аналіз сытуацыі бізнэсу Чыжа. Гэта магло б паўплываць на рашэньне. Натуральна, што посьпех тут залежыць ня толькі ад 1–2 сьведчаньняў, але ад агульнай масы».

Раней яшчэ адзін гучны фігурант санкцыйнага сьпісу Ўладзімер Пефціеў дасягнуў такой жа перамогі ў судзе і вывеў з-пад санкцыяў сябе і тры свае кампаніі.

Андрэй Казакевіч
Андрэй Казакевіч

Аднак Андрэй Казакевіч мяркуе, што структуры Эўразьвязу ня надта былі зацікаўленыя займацца кейсам Чыжа ў сытуацыі, калі палітычнае значэньне ўведзеных супраць Беларусі санкцыяў зьнізілася. Але казаць пра тое, што перамогі Юрыя Чыжа і Ўладзімера Пефціева дыскрэдытуюць сам палітычны мэханізм увядзеньня санкцыяў, яшчэ рана:

«Гэта (рашэньне Суду ЭЗ па справе Юрыя Чыжа. — РС) можа быць вынікам ня столькі таго, што няма доказаў такіх стасункаў. А таго, што на пэўным этапе эўрапейскія структуры проста не былі вельмі зацікаўленыя ў тым, каб шмат энэргіі ўкладаць у гэтыя справы. Самі санкцыі — гэта рашэньне палітычнае. І калі іх палітычнае значэньне падае, то губляецца і сэнс укладаць у гэта энэргію людзей, якія займаюцца гэтай справай. Гэта магло паўплываць і на тое, што бок, які прадстаўляў эўрапейскія структуры, ня вельмі актыўна рыхтаваўся. У той час як Чыж і Пефціеў былі значна лепш мабілізаваныя. Хадзілі чуткі, што яны зьвярталіся не да адной лабісцкай арганізацыі, якія дзейнічаюць у Брусэлі».

Андрэй Елісееў лічыць, што абодва бізнэсмэны спахапіліся ў час, і для іх было мэтазгодна абараняць свае інтарэсы праз суд.

Ня факт, што санкцыі здымуць

«Ня факт, што санкцыі здымуць, — кажа Елісееў. — Можа адбыцца замарозка санкцыяў, якая будзе тычыцца найперш забароны на ўезд у ЭЗ. Але што да актываў кампаніяў, то ў дачыненьні да іх замарозка можа трываць».

Пра прыпыненьне дзеяньня санкцыяў у дачыненьні да Беларусі на чатыры месяцы міністры замежных спраў краін Эўразьвязу дамовіліся 12 кастрычніка. Афіцыйнае рашэньне будзе абвешчана пры канцы кастрычніка.

Андрэй Казакевіч мяркуе, што чакаць прарыву ў стасунках Беларусі з ЭЗ у выпадку адмены санкцыяў не выпадае. Але ёсьць магчымасьць нармалізаваць гэтыя стасункі.

«Гэта проста магчымасьць вывесьці стасункі паміж Беларусьсю і Эўропай на нармальны ўзровень. Узровень краіны, якая ня мае асаблівых прэфэрэнцыяў, не паглыбляецца ў эўрапейскую інтэграцыю, але ня мае і абмежаваньняў. Улічваючы тое, што ў адносінах паміж Беларусьсю і Эўропай было шмат праблемаў, а пасьля 2010 году яны знаходзіліся на „мінусавым“ узроўні, то гэты статус „нармалізацыі“ адкрывае пэўныя пэрспэктывы, і бліжэйшым часам будзе намацаны новы балянс у гэтых стасунках».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG