Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Антыкрызісны» ўказ Аляксандра Лукашэнкі ў пытаньнях і адказах — падаткаў больш, ільготаў менш


23 лютага Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 78 «Аб мерах па павышэньні эфэктыўнасьці сацыяльна-эканамічнага комплексу Рэспублікі Беларусь».

«Прачытаў тройчы і нічога не зразумеў. Падалося, што гэта звычайны набор цытат з тэлевізара», — напісаў пра ўказ заснавальнік парталу Tut.by Юры Зісер у сваім фэйсбуку.

Радыё Свабода прааналізавала тэкст указу і папрасіла экспэртаў патлумачыць, навошта ён і што памяняецца.

— Указ прапануе зьнізіць сабекошт прадукцыі на дзяржаўных прадпрыемствах на 25%. Гэта значыць, усё дзяржаўнае стане таньнейшым?

— Лягчэй сказаць, чым зрабіць. Дзьмітры Крук

Дзьмітры Крук

Дзьмітры Крук

Зьніжаць сабекошт трэба. Загадаць «зьніжайце сабекошт» — немагчыма. Шмат якія выдаткі на дзяржаўных прадпрыемствах сапраўды скарочаныя. У першую чаргу — выдаткі на працу, заробкі, прэміі і гэтак далей. На некаторых прадпрыемствах ужо зьніжаць няма куды.

Зьніжаць сабекошт трэба, падвышаючы эфэктыўнасьць. Але гэта робіцца на падставе стымулу, а не камандаў «трэба скараціць». Калі коратка — гэта лягчэй сказаць, чым зрабіць. Кірунак слушны, але ня веру, што гэтага можна дасягнуць, асабліва лічбы ў 25 працэнтаў.

— Указ загадвае прыняць меры па прыватызацыі аб’ектаў дзяржаўнай уласнасьці. Цяпер кожнаму можна будзе купіць завод?

— Улада ня будзе нічога прадаваць. Сяргей Чалы

Сяргей Чалы

Сяргей Чалы

Улады кажуць: мы, вядома, гатовыя ў прынцыпе разгледзець прыватызацыю любага прадпрыемства, але ў выпадку, калі... І тут пачынаецца доўгі сьпіс, сутнасьць якога палягае ў тым, што патрэбны ёлупень, гатовы заплаціць кучу грошай за наш мэталалом, і тады, калі ён выканае шэраг умоў, адбудзецца прыватызацыя. Вось сядзім і чакаем прыватызацыі. Цяпер выдалі ўказ, каб павысіць эфэктыўнасьць прыватызацыі. Ну, значыць, будзем больш эфэктыўна сядзець і чакаць.

— Указ хоча прапановаў па прымяненьні спрошчаных працэдур фінансавага аздараўленьня сельскай гаспадаркі. Людзям будзе выгадна працаваць «на сяле», а фэрмэрам дадуць «зялёнае сьвятло»?

— Паводле долі вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі Беларусь прыкладна там жа, дзе Буркіна-Фасо. Міхал Залескі

Міхал Залескі

Міхал Залескі

«У нас вельмі шмат людзей, якія нешта вырошчваюць на гародах, на лецішчах ці на падваконьнях. У нас прэзыдэнт — вытворца сельскагаспадарчай прадукцыі: паказваюць, як ён капае бульбу і зьбірае кавуны. Пытаньне — каго мы павінны падтрымаць? Усіх вытворцаў ці нейкіх асобных? Як мы павінны іх падтрымаць? У гэтым указе ніхто не дае адказу на гэтыя пытаньні.

Чаму сельская гаспадарка стратная? Таму што суадносіны цэнаў на прамысловую і сельскагаспадарчую прадукцыю робяць немагчымай эфэктыўную сельскагаспадарчую вытворчасьць у нашай краіне. Маюцца на ўвазе цэны на салярку, тэхніку і на прадукты сельскай гаспадаркі. Гэтыя суадносіны былі закладзеныя камуністамі ў 20-я гады і дзейнічаюць да гэтага часу — (яны скіраваныя. — РС) на зьнішчэньне вёскі, на выцісканьне зь яе апошніх сокаў.

— Указ патрабуе «рэалізаваць кампэнсуючыя меры падатковай палітыкі, накіраваныя на ўзнаўленьне прыбыткаў бюджэту і зьніжэньне іх залежнасьці ад каньюнктуры зьнешняга попыту на сыравінныя тавары».

Гэта значыць, што ўлада прыдумае новыя падаткі? Падвысіць стаўкі па тых, што ўжо ёсьць?

— Будуць новыя падаткі, ільготы зьменшацца. Сяргей Чалы

Сяргей Чалы

Сяргей Чалы

«Беларусь губляе каля 14% даходнай часткі з-за таго, што нафта каштуе не 50, а 30 даляраў. А такую вялікую дзірку не закрыць нейкім крыхаборствам. Каб кампэнсаваць страты, трэба ўводзіць новыя падаткі. Гэта значыць, што яны зьявяцца, а таксама будзе зьмяншэньне льготаў. Трэба чакаць і пашырэньня падатковай базы. Проста ва ўказе прыгожа сказана пра залежнасьць ад каньюнктуры зьнешняга попыту, але сутнасьць у тым, што цана нафты ўпала, значыць, нафтавае шоў закрываецца, адпаведна, грошай у бюджэце менш, і трэба дзесьці іх браць дадаткова».

— Указ абавязвае Савет міністраў і аблвыканкамы працаўладкоўваць 50 тысяч чалавек штогадова на новых прадпрыемствах. Ці атрымаецца ў іх такое зрабіць?

— Не атрымаецца. Леанід Заіка

Леанід Заіка

Леанід Заіка

У нас чаканае беспрацоўе — 350–400 тысяч чалавек. Давайце прымем пад увагу зьніжэньне нашага экспарту на 24%. Гэта робіць непатрэбнай чвэрць эканомікі, а гэта мільён занятых. Таму розныя прапановы наконт таго, каб павялічыць колькасьць працоўных месцаў, чыста ідэалістычныя.

Бо на сёньняшні дзень унутраныя інвэстыцыі зьніжаюцца. Цяпер яны ўпалі на 17 працэнтаў. А ад гэтага залежаць новыя працоўныя месцы. І другое — гэта перакваліфікацыя і падвышэньне якасьці самой працоўнай сілы. А пра гэта ўвогуле не гаворыцца ані ў якіх дакумэнтах.

Таму мы маем справу з чарговай бюракратычнай паперкай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG