Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Тату споўнілася 60, і ён з намі» — журналіст Антон Тарас пра бацьку, вядомага публіцыста Віталя Тараса


Антон Тарас

Антон Тарас

У Менск вярнуўся журналіст Антон Тарас, які тры гады працаваў на расейскай службе Бі-Бі-Сі. Наша размова з прадстаўніком вядомай журналісцкай дынастыі Тарасаў адбылася ў дзень, які ў календары гэтай сямʼі на асобным месцы. 60 гадоў таму нарадзіўся бацька Антона, вядомы беларускі журналіст і публіцыст Віталь Тарас, які шмат гадоў працаваў на беларускай службе Радыё Свабода, а ў канцы жыцьця актыўна друкаваўся ў «Нашай Ніве».

«Цяпер мы з мамай і сваякамі на лецішчы на Лысай гары, дзе асабліва любіў жыць дзядуля, дзе часта жыў тата. Згадваем іх, адзначаем дзень народзінаў таты, ягоныя ўгодкі», — кажа праз тэлефон Антон Тарас. На просьбу нагадаць дзень сьмерці Віталя Тараса ягоны сын адказвае даволі нечакана.

«Яму было кепска, а ён перажываў за нас»

«Ведаеце, як хочаце гэта лічыце, але я не змагу адказаць, які дзень дакладна. Бо быццам выкрасьліў яго з памяці. Памятаю, што была зіма 2011 году, што працягваліся бурлівыя падзеі пасьля разгону мітынгу 19 сьнежня каля Дому ўраду. Тады я працаваў у агенцтве БелаПАН, бачыў, што было на плошчы і раней, як зьбівалі Ўладзімера Някляева. Тата ўжо вельмі кепска сябе адчуваў, але сачыў, як мог, вельмі перажываў за нас, аб тым, што будзе далей. А я разрываўся паміж домам і тымі падзеямі, таму на мае ўражаньні гэта вельмі наклалася, і цяпер не хачу гэта згадваць. Затое мы заўсёды адзначаем дзень народзінаў таты, прычым ніколі ня кажам, што вось яму было б столькі і столькі год, а кажам, колькі яму споўнілася. Сёньня яму споўнілася 60, і ён з намі, гэта дакладна».

Віталь Тарас, 2010 год

Віталь Тарас, 2010 год

У цені Крамля

У самога Антона мне было цікава распытаць пра сытуацыю ў Маскве, якую ён бачыў знутры. Крым, падзеі ва Ўкраіне, забойства Барыса Нямцова, усплёск шавіністычных настрояў. Ці можна там журналісту не захварэць на «пуціншчыну», не прадацца Крамлю?

«Калі шчыра, дык там сытуацыя цяпер такая, што для журналіста досыць цяжка знайсьці працоўнае месца, дзе працаваць ня будзе сорамна — гэта як на маё сумленьне. Маю на ўвазе ўласна расейскія мэдыі, бо там дастаткова і замежных, пра якія мы казаць ня будзем, бо гэта асобна. З расейскіх, дзе ня сорамна працаваць, яшчэ застаўся канал РБК, на якім, прыкладам, актыўна асьвятлялі карупцыйны скандал з афшорамі. А дзяржаўныя мэдыі ці напалову дзяржаўныя такія навіны ўвогуле не асьвятляюць. Ёсьць яшчэ „Мэдуза“, але яна ў Латвіі базуецца, можна сказаць, што гэта не расейскі канал. Дарэчы, за РБК ужо ўзяліся, спрабуюць прымусіць Прохарава прадаць тэлеканал пракрамлёўскай групе. Бізнэсмэн гэтага пакуль не пацьвярджае, але пішуць, што ня надта і супраць, толькі не пагаджаецца на прапанаваную цану.

А агулам з маскоўскімі мэдыямі сытуацыя такая. Лякмусавая паперка — гэта стаўленьне да Ўкраіны. І хоць рынак расейскіх мэдыяў вельмі разнастайны, шмат розных фарматаў, але паводле гэтага паказчыка разнастайнасьці амаль няма — звычайна пазыцыя супадае з пазыцыяй першага тэлеканала. Гэтая пазыцыя можа падносіцца ў розных фарматах, у больш жоўтым ці больш інтэлектуальным, але звычайная ацэнка — адназначны нэгатыў. Бадай што толькі газэта „Ведамасьці“ прыстойна трымалася падчас украінскіх падзеяў, а ўсе іншыя вядучыя выданьні, у тым ліку „Маскоўскі камсамолец“, друкавалі вельмі непрыгожыя артыкулы пра Ўкраіну. Магу сказаць дакладна, бо прафэсійна гэта адсочваў».

«У Маскве шмат тых, хто не падзяляе антыўкраінскай гістэрыі»

Паводле Антона Тараса, супрацоўнікі маскоўскіх мэдыяў выразна падзяліліся на журналістаў і прапагандыстаў — да апошніх ён далучае, прыкладам, Дзьмітрыя Кісялёва, кіраўніка «России сегодня». Пры гэтым Антон Тарас мяркуе, што большасьць прапагандыстаў ня вераць у тое, што яны трансьлююць, але робяць гэта, бо «прэстыж, грошы, іпатэка, крэдыты». На просьбу прывесьці прыклад, калі б журналіст сышоў з рэдакцыі на знак пратэсту супроць пазыцыі выданьня, Антон успомніў пра адзін выпадак на канале НТВ год таму, але прозьвішча сьмельчака не прыгадаў. На трох асноўных «кнопках» — першым канале, другім і НТВ — такое ўжо немагчыма, бо туды бяруць толькі «адмысловых людзей», мяркуе журналіст.

І ўсё ж Антон Тарас лічыць, што ў Маскве шмат прыстойных і таленавітых журналістаў, якія працуюць у іншых выданьнях, на сайтах.

«Не сказаў бы, што ўся Расея зварʼяцела ці што ўся расейская інтэлігенцыя зварʼяцела.

Насамрэч шмат тых, хто не падзяляе гэтай антыўкраінскай гістэрыі. І гэта тычыцца ня толькі журналістаў, але і мастакоў, артыстаў, музыкаў, якія разумеюць, што адбываецца, і актыўна выказваюцца супроць».

«Цынізм перамог»

Больш за год таму ў Маскве каля Крамля забілі аднаго зь лідэраў апазыцыі Барыса Нямцова. Як гэтая падзея адбілася на працы маскоўскіх журналістаў? Антон Тарас згадаў, што адразу пасьля забойства Нямцова нават дзяржаўныя тэлеканалы сваёй інфармацыяй спрыялі правядзеньню вулічных акцыяў памяці палітыка, што было вельмі нетыпова для апошніх гадоў. Але потым сытуацыя рэзка зьмянілася — Антон мяркуе, што Крэмль скарэктаваў лінію. Прыкладам, тое, што адбылося зь Нямцовым, стала асьвятляцца як вынік ягоных паводзін з жанчынамі. «Цынізм перамог».

І ўсё ж, на думку Тараса, забойства Барыса Нямцова было магутным узрушэньнем для журналісцкай супольнасьці Масквы і прывяло да пэўнага пераасэнсаваньня пазыцыяў. Новым штуршком такога кшталту, як лічыць Антон Тарас, стаў нядаўні скандал вакол аднаго зь лідэраў апазыцыі Міхаіла Касьянава, якога паказалі па фэдэральным тэлеканале ў ложку з жанчынай.

«Нават рэдактар сайта „Спутник и погром“, рупара расейскіх нацыяналістаў, напісаў, што „нельга гэтак зьдзекавацца з былога прэмʼера вялікай краіны“. Гэта толькі адзін з прыкладаў, хаця ёсьць і шмат супрацьлеглых. І ўсё ж мае агульныя ўражаньні тыя, што карціна, якая складваецца з тэлерэпартажаў, і сапраўдная карціна сацыяльнага жыцьця ў Маскве і тым больш у Расеі за межамі Масквы вельмі адрозьніваюцца. Калі глядзець толькі тэлевізар, будзе ўражаньне, што ў Расеі ўсе падтрымліваюць Пуціна і пераводзяць грошы ў падтрымку ДНР, усе хочуць зьнішчыць пятую калёну і ваяваць з ЗША. Гэтая карцінка ёсьць на тэлевізіі, і сапраўды шмат тых, хто гэтак лічыць. Але ў рэальнасьці вельмі вялікая частка людзей, інтэлігенцыі найперш, супроць таго, што там адбываецца. Проста ёсьць розьніца.

Адны абіраюць маўчаньне ці размовы на кухні, а частка — адкрыты пратэст.

Мне даводзілася сустракацца і з тымі, і з другімі. Прычым мне здаецца, што з часу крызісу колькасьць тых, каго апанаваў гэты патрыятызм, стала меншай. Бо ўсё ж людзям важней ня тое, што ім кажуць пра вялікую Расею па тэлебачаньні, а тое, як накарміць дзяцей, куды адправіць дзяцей вучыцца ў добрае месца, як вярнуць крэдыт».

Пры гэтым, паводле Антона Тараса, пік крызісу ў Маскве паступова пераадольваецца. На гэта журналісту паказвае тое, што ў цэнтры гораду радзей трапляюцца крамы з абвесткамі пра зьніжкі, распродаж тавару ці ўвогуле пра закрыцьцё ці продаж месца. Але гэта ў Маскве, а па Расеі людзі, як і раней, жывуць вельмі бедна, асабліва пэнсіянэры. Звычайная пэнсія ў 15 тысяч рублёў, што крыху больш за 200 даляраў, хоць і большая за сярэднюю пэнсію ў Беларусі, але для сёньняшняй Расеі гэта нязначныя грошы, лічыць Антон Тарас.

Чаму прывід беларусізацыі палохае Маскву?

З уражаньняў ад трохгадовага жыцьця ў Маскве Антон Тарас вылучыў тое, як пасьля падзеяў ва Ўкраіне там пачалі ставіцца да праяваў беларускасьці ў Беларусі.

«Што ў дзяржаўных, што ў прыдзяржаўных мэдыях пачалі маляваць карціну, што Беларусь таксама здрадзіла Расеі, што Лукашэнка ўжо не зусім сябар, ён глядзіць на захад.

Чаму гэта адбываецца? Па-першае, яны сапраўды заклапочаныя тэмай „русского мира“ і ў гэтым знаходзяць тое, што шукаюць. А мы ж усе ведаем, як гаворыць Лукашэнка. Ён жа заўсёды кажа і нашым і вашым, а яны выбіраюць тое, што „вашым“, і палохаюць гэтым сваіх гледачоў ці чытачоў. Прыкладам, ён сказаў: „Не было такой краіны Беларусь, а цяпер ёсьць, і з гэтым трэба лічыцца“. Дык тыражавалі гэтую цытату шматкроць і казалі: вось глядзіце, які насамрэч Лукашэнка, ён здраджвае „русскому миру“. Альбо вельмі часта пішуць, што Лукашэнка разьвівае беларускі нацыяналізм, хоць гэта сьмешна. Для мяне галоўны паказьнік — адсутнасьць беларускамоўнай вышэйшай адукацыі. Вось калі яна будзе, тады можна будзе казаць пра рэальныя зьмены».

А ці заўважыў Антон Тарас па вяртаньні ў Менск прыкметы актывізацыі беларускага нацыянальнага жыцьця? Журналіст з задавальненьнем адзначыў, што сярод ягоных беларускіх сяброў і знаёмых стала больш тых, хто цікавіцца беларускай мовай ці нават пачаў размаўляць па-беларуску. Што да палітычнага жыцьця, Антон заўважае, што на погляд звонку яно стала больш сумным.

Беларуская мова самога Антона Тараса за тры гады маскоўскага жыцьця, здаецца, не абяднела, а нават стала больш беглай і дакладнай. Антон распавёў, што ў Маскве рэгулярна глядзеў праз інтэрнэт перадачы тэлеканалу «Белсат», сачыў за беларускамоўнымі незалежнымі выданьнямі.

«Сябе я ідэнтыфікую толькі зь Беларусьсю, як мой тата, як дзядуля. Але для мяне няма такога, што ты мусіш быць менавіта тут. Тры гады я працаваў на Бі-бі-сі ў Маскве, цяпер вярнуўся, але, пэўна, зноў зьеду. Туды, дзе мне зручна ў гэты момант, у Маскву ці яшчэ куды. Але заўсёды ў цэнтры гэтых перасоўваньняў будзе наша краіна», — сказаў на разьвітаньне нашчадак вядомага журналісцкага роду Тарасаў Антон.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG