Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нарысы Тараса. Пена і валуны


Віталь Тарас
Віталь Тарас

Віталь Тарас не хацеў быць пісьменьнікам, а хацеў быць журналістам. Мы сябравалі ўсё жыцьцё, і за ўсё жыцьцё я так і не зразумеў – чаму? Сёньня Віталю споўнілася 60.

Па-першае, у Віталя быў вобраз пісьменьніка, такога сабе Бальзака (зьнешне) нашых дзён. Чалавек найвышэйшай інтэлігенцыі і культуры, дасьведчаны ў кнігах, надзелены арыгінальным мысьленьнем. Віталь быў зь неартадаксальнай пісьменьніцкай сям’і, дзе ў самыя застойныя гады савецкага таталітарызму панавала лібэральная думка.

Нам, аднакурсьнікам, здавалася, што Віталь сілком абмяжоўвае сябе. Эй, Віталь, дзе твае амбіцыі, ты гатовы Альбэр Камю! У цябе сюжэты, мова, нонканфармізм, ты чытаеш забароненыя кніжкі…

Па-другое, у савецкія часы ці ня большасьць беларускіх пісьменьнікаў мелі дыплём журфаку. І для студэнтаў гэта быў аб’ектыўны арыенцір.

Па-трэцяе, журналістыка хоць і лічылася прафэсіяй, але вяршыняй творчай самарэалізацыі журналіста прызнавалася выдаць кнігу, зьняць фільм ці пабачыць сваю п’есу ў тэатры. Гэта значыць, галоўныя прызы даваліся зь пераходам у іншую лігу. Нездарма ж і журналістаў тысячы, а пісьменьнікаў, напрыклад, толькі сотні, а прызнаных і ўвогуле дзясяткі.

Нехта скажа, што журналістыка была спрэс сэрвільная, а пісьменьніцтва – спрэс вольнае. Гэта ня так. Хутчэй розьніца была пабытовая – пісьменьніку ня трэба было штодня восем гадзін на рэдакцыйным канвэеры кляпаць прапагандысцкія штампы. Ён гэтым займаўся ў цішыні ўласнага кабінэту і тады, калі захоча. «Улез у тапкі, і ты на працы».

Але Тарас не імкнуўся ў іншую лігу і да канца жыцьця гнуў сваю лінію – пісаў аўтарскую журналістыку: нарысы і артыкулы, ніколі не пераступаючы мяжу, за якой літары пачыналі расплывацца ў фантазіі і жыць па законах праўдападабенства.

Сёньня для многіх гэтай мяжы не відаць, бо для іх журналістыка перастала існаваць як прафэсія. З аднаго боку, літаратура факту прызнаецца за паўнавартасную літаратуру, зь іншага, бум сацсетак любое выказваньне ператварае ў публічны шум, а ўсё разам – у мімалётнае шумавіньне, якое толькі ўсьпеньваецца і не пакідае сьледу.

Можа быць, у тым і адчуваў сваю місію Віталь Тарас, каб, не пераступаючы мяжы, рабіць журналістыку роўнае зь літаратурай вартасьці, дайсьці да вяршыні гэтай, а ня іншай гары, тым самым даказваючы, што ў гэтай гары вяршыня ёсьць і яна нічым ня меншая за вяршыню той. Уся праблема ў тым, што мы да яе не імкнёмся, пераскокваючы на гару, дзе ўжо абазначылі контуры іншыя.

Сёньняшнія дыскусіі пра сьмерць прафэсіі, дэвальвацыю слова, «пераход у сеціва» можна весьці бясконца, бо дыскутанты гавораць пра рознае, беручы аргумэнты з розных, неспалучальных плашчызнаў – кшталту, што лепей, мяккае ці мокрае, пісаць пра сэкс ці пісаць таленавіта. Галоўнае – чаго ты сам шукаеш у інфармацыйным полі і часьцяком не знаходзіш.

Нарысы Тараса – бліскучыя адлюстраваньні беларускага жыцьця – як валуны на беразе мора, каля якіх яшчэ прысядуць пагрэцца на сонейку далёкія нашчадкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG