Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інжынэр з Маларыты робіць вышыванкі пры падтрымцы Праграмы разьвіцьця ААН і Эўразьвязу


Антон Талашка з Маларыты (Берасьцейшчына) — адзін зь нямногіх майстроў, хто робіць вышымайкі ня мэтадам друку, а на вышывальнай машынцы.

Антон распавёў Свабодзе, адкуль у яго захапленьне вышываньнем і ці лічыць ён гэта мужчынскім заняткам.

25-гадовы Антон Талашка паводле адукацыі інжынэр-энэргетык. Выкладае электратэхніку ў Маларыцкім сельскагаспадарчым ліцэі. Аднак шырока вядомы стаў праз свае цішоткі-вышыванкі.

Антон Талашка

Антон Талашка

Налепка прыгожая на здымках, але ў жыцьці прыгажэй, калі вышыта

Антон кажа, што інтарэс да арнамэнту, да вышываньня прыйшоў да яго ад продкаў — вышывалі і яго маці, і бабулі, і нават прадзед. А сам спадар Талашка займаецца вышыванкамі гады два:

«Цікавасьць да арнамэнту зьявілася каля двух гадоў таму. Я бачыў, што большасьць вышыванак былі з адным-двума варыянтамі арнамэнту, і большасьць, якія распаўсюджваліся, былі надрукаваныя. Налепка — гэта прыгожа на здымках, але ў жыцьці прыгажэй, калі гэта вышыта. І так здарылася, што ў матулі была вышывальная машына. Мы пачалі гэта рабіць разам. Яна дапамагала, а цяпер я ўжо сам працую».

Майстар вышыванкі дасьледаваў шмат літаратуры на тэму беларускага арнамэнту

Майстар вышыванкі дасьледаваў шмат літаратуры на тэму беларускага арнамэнту

Калі выкладаньне ў ліцэі для Антона Талашкі — гэта асноўная прафэсія, то вышываньне, кажа ён, стала патрэбай душы:

«Нацыянальны арнамэнт — гэта памяць пра карані, але гэта і вялікі крок да будучыні. Бо калі мы ведаем сваё мінулае, ня будзе ў нас праблемаў у будучыні. Гэта такое кола — і будучыня, і мінулае тут сустракаюцца. Адзеньне, якое было [раней], добра выглядае, цяпер яго на сьвяты надзяюць. А ў штодзённым жыцьці футболка [з арнамэнтам] ці нешта такое — гэта калі чалавек характарызуе сябе тым, што мае сьвядомасьць сваіх каранёў. Калі гэта пачнецца з футболкі звычайнай, то потым чалавек пачне цікавіцца і гісторыяй, мовай. Таму гэта вялікі крок для будучыні нашай краіны», — мяркуе майстар вышыванкі.

На пытаньне журналіста Свабоды, як ён ставіцца да стэрэатыпу, што вышываньне — гэта жаночая справа, Антон кажа, што гэта ўжо ня так:

«Цяпер такі час, што няма абмежаваньняў. Як раней бароды стрыглі адны мужчыны, а цяпер гэта адны жанчыны. Тут такая ж аналёгія».

Гэта павінен быць ня модны трэнд, а асэнсаваны выбар

Вышыванкі Антона Талашкі

Вышыванкі Антона Талашкі

Антон Талашка тлумачыць, што да выбару вышыванкі трэба падыходзіць асэнсавана:

«Калі мы робім футболкі, мы падбіраем арнамэнт на мужчынскія і на жаночыя, каб была розьніца, таму што яна ёсьць.

А сэнс у тым, як чалавек ставіцца да сваёй працы. Калі проста на хвалі моды, то гэта ня будзе існаваць. А калі робіцца ад душы, ад сэрца, то гэта зусім іншая справа. Калі гэтым пачынаюць цікавіцца амаль усе, то з зацікаўленасьцю нічога не ідзе. Проста — цяпер модна, і ўсё. Аднойчы быў на выставе, падышла дзяўчына і кажа: маўляў, вось цяпер гэта так модна, і таму што гэта модна, мне трэба набыць гэтую футболку. А я пра сябе думаю: хай бы не набывала... Таму што калі гэта проста дзеля моднай футболкі — то два-тры разы надзеў, і ўсё».

Каталёг арнамэнтаў у майстэрні Антона Талашкі

Каталёг арнамэнтаў у майстэрні Антона Талашкі

На пытаньне, як ставіцца майстар да меркаваньня, што наносіць арнамэнт на сучасныя майкі — гэта прафанацыя народнага строю, Антон адказаў:

«Я згодзен з тым, што гэта нават антытрадыцыйна. Але калі мы ня будзем адаптаваць гэтую традыцыю пад штодзённасьць, то яна проста зьнікне, і будуць пра гэта ведаць 3-4 адмыслоўцы, і ўсё. Няхай традыцыйнае і сучаснае жывуць побач. Проста ня трэба думаць, што адно заменіць другое. Яно павінна суіснаваць: традыцыйнае — у музэі і на сьвяты, а сучаснае — у штодзённасьці».

Спадар Талашка кажа, што вялікую дапамогу ў ягонай працы аказвала дырэктарка Маларыцкага дому творчасьці Валянціна Струнец, а таксама спрактыкаваная ткачыха зь вёскі Дарапеевічы Маларыцкага раёну Стэпаніда Стэпанюк. У яе Антон пытаецца парадаў наконт мясцовага арнамэнту:

«Гэта такі чалавек! Я быў у яе на 80-годзьдзі, то ў яе ў гэтыя гады больш энэргіі, чым у мяне ў мае 25. Яна проста жыве гэтым ткацтвам, і гэта дае ёй такую моц, прагу да жыцьця. Як мне казала баба Стэпа, адны з асноўных элемэнтаў арнамэнту — ромб, зорка і сымбаль душы: такая ж зорка, толькі больш закругленая».

Жаночыя майкі ад маларыцкага майстра

Жаночыя майкі ад маларыцкага майстра

Антон можа шмат распавядаць пра нацыянальны арнамэнт, пра народныя строі і іх адметнасьці ў розных рэгіёнах:

«Маларыцкі строй — ці не адзіны ў Беларусі, дзе вышываюць не чырвоным колерам, а бардовым. І маларыцкі строй вельмі „зашыты“ — крыжыкам усё густа вышыта. Ён шмат узяў ад Украіны. У асноўным арнамэнт, але потым пачалі распаўсюджвацца і кветкі. Нават казалі, што ў Львове ў музэі ёсьць кашулі такія, як і ў Маларыце».

Нават з БРСМ Антону замаўлялі прадукцыю з арнамэнтам

Дзякуючы падтрымцы праекту Антона Талашкі і Берасьцейскага фонду рэгіянальнага разьвіцьця Эўразьвязам і ААН маларыцкаму майстру вышыванкі ўдалося набыць сучасную вышывальную машыну, на якой ён цяпер і працуе.

Машынку для вышываньня Антон Талашка набыў дзякуючы падтрымцы ПРААН і ЭЗ

Машынку для вышываньня Антон Талашка набыў дзякуючы падтрымцы ПРААН і ЭЗ

«У нас быў праект, падтрыманы Праграмай разьвіцьця ААН і Эўразьвязам. Сэнс праекту — у папулярызацыі беларускай культуры праз футболкі з арнамэнтам. Акрамя машыны, у майстэрню мы набылі некалькі нацыянальных строяў у насельніцтва — мужчынскую кашулю і тры жаночыя. Проста ў куфрах яны ў людзей ляжалі. На жаль, людзі цяпер ня ведаюць каштоўнасьці ўсяго гэтага. У аднаго чалавека старая намітка распораная на падлозе ляжала як посьцілка пад дровы. Гэта, канечне, вельмі дрэнна, што людзі не разумеюць гэтага. Таму мы зьбіраем узоры нацыянальнага арнамэнту, каб зьберагаць іх», — распавёў Антон Талашка.

Праект, падтрыманы аўтарытэтнымі міжнароднымі структурамі, выклікаў паважлівае стаўленьне да працы спадара Талашкі і з боку ўладаў. Нават актывісты маларыцкага БРСМ зьвярталіся да майстра, каб той зрабіў ім вышыўку:

«Ня важна, для каго ты гэта робіш, важна, як ты гэта робіш»

«Ня важна, для каго ты гэта робіш, важна, як ты гэта робіш»

«Улетку да мяне зьвярталіся з БРСМ, прасілі нешта там на кавалку ільнянога палатна вышыць і напісаць — „Горад Маларыта“. Я зрабіў, як я гэта бачу, напісаў на беларускай мове, зрабіў арнамэнт маларыцкі, вышыў яго ў клясычных колерах маларыцкіх. То бок ня важна, для каго ты гэта робіш, важна, як ты гэта робіш».

Цяпер Антон з паплечнікамі праз краўндфандынгавую плятформу зьбірае сродкі на выданьне альбома беларускага арнамэнту «Ўзоры роднага краю»:

«У нас папулярныя 2-3 арнамэнты, якія друкуюць на футболках, на машынах. Але шмат арнамэнтаў ёсьць у музэях, розных дамах творчасьці. Таму ўзьнікла ідэя зрабіць кнігу, каб людзі ведалі і карысталіся гэтым. Гэта будзе такі каталёг арнамэнтаў, там будуць здымкі людзей у адзеньні. Там будуць і маларыцкія арнамэнты, і з Гомельшчыны, і зь іншых рэгіёнаў».

Антон Талашка лічыць вышыванку пэрспэктыўнай справай

Антон Талашка лічыць вышыванку пэрспэктыўнай справай

Пасьля таго як на працу Антона Талашкі зьвярнулі сваю ўвагу СМІ, майстар кажа, што ягонымі вырабамі сталі цікавіцца багата людзей. У плянах майстра вышыванкі — прадаваць вышываныя футболкі праз сувэнірныя ды іншыя крамы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG