Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія зьмены чакаюць гістарычны цэнтар Віцебску


Антон Астаповіч, архіўнае фота

Антон Астаповіч, архіўнае фота

Старшыні Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антону Астаповічу на дазволілі пазнаёміцца з матэрыяламі, якія тычацца генэральнага пляну забудовы Віцебску. Хоць якраз цяпер у абласным цэнтры праводзіцца грамадзкае абмеркаваньне гэтага пляну.

Спадар Астаповіч завітаў у гарвыканкам да намесьніка начальніка аддзелу архітэктуры і горадабудаўніцтва і выказаў жаданьне азнаёміцца з гісторыка-архітэктурным апорным плянам, схемай транспарту, інжынэрных сетак, каб мець уяўленьне пра пэрспэктывы і магчымыя зьмены, якія чакаюць гістарычны цэнтар Віцебску.

Схема генпляну Віцебску экспануецца з 23 лютага ў фае аддзелу капітальнага будаўніцтва. На думку спадара Астаповіча, прадстаўленых для азнаямленьня крыніцаў недастаткова. Таму ён і зьвярнуўся па ўдакладненьні.

Але чыноўнік заявіў, што яму «ня трэба ведаць анічога, акрамя таго, што выстаўлена ў фае, а з гістарычным цэнтрам Мінкульт разьбярэцца, ня наша гэта справа».

Спадар Астаповіч мяркуе, што шараговаму жыхару Віцебску, не абазнанаму ў патрабаваньнях да архітэктурнага аблічча населенага пункта, атрымаць вычарпальныя зьвесткі пра гэта яшчэ цяжэй. Ён вырашыў ня ўвязвацца ў лішнія спрэчкі і ня траціць час на тое, каб пераканаць чыноўніка ў законнасьці сваіх патрабаваньняў. Таму зьвярнуўся ў гарадзкую пракуратуру з просьбай правесьці праверку працэдуры азнаямленьня насельніцтва з новым генплянам.

Схема пляну забудовы абласнога цэнтру будзе экспанавацца ў гарвыканкаме да 10 сакавіка, і да 20 сакавіка грамадзянам прапанавана выказваць свае заўвагі і прапановы. Гэта можна зрабіць у адмысловым журнале, які захоўваецца ў аддзеле архітэктуры і горадабудаўніцтва Віцебскага гарвыканкаму, або даслаць звычайным лістом ці электроннай поштай. Пра гэта паведамляецца на афіцыйным сайце Віцебскага гарвыканкаму.

Аднак жыхары Віцебску найбольш актыўна праводзяць абмеркаваньне архітэктурнага пляну ў інтэрнэце. І ставяцца ня дужа ўхвальна — як да верагодных пераменаў у горадзе, так і да самой арганізацыі абмеркаваньня.

Пасьля таго як схема генпляну была разьмешчана на сайце «Народныя Навіны Віцебска», там пачалі зьяўляцца камэнтары, прыкладам, наконт памылак у схеме:

«Да прыкладу, зьніклі некаторыя дарогі. І калі разьбірацца па месцах, то на мапе адна каляровая схема ёсьць, а ў анатацыі такога колеру няма».

«Ды на гэтай схеме нават герб горада стары», — піша адзін з інтэрнэт-карыстальнікаў.

Яшчэ адзін камэнтатар зазначае: «3D-мадэль або аб’ёмны макет зрабіць з паперы ці плястыку, напэўна, задорага. Таньней толькі адразу пабудаваць. Схаваўшыся за заблытанай схемай, нібыта ўзгодненай з грамадзкасьцю, паводле якой нічога не зразумела».

XS
SM
MD
LG