Лінкі ўнівэрсальнага доступу

11 красавіка — прэзэнтацыя «Імёнаў Свабоды» Ўладзімера Арлова


У суботу, 11 красавіка, у сталічнай Галерэі Ў (праспэкт Незалежнасці 37а) вядомы беларускі пісьменьнік Уладзімер Арлоў прэзэнтуе сваю новую кнігу «Імёны Свабоды». Гэта ўжо трэцяе, дапоўненае выданьне. У новай кнізе — 300 гістарычных партрэтаў выбітных беларусаў. Прычым 40 зь іх — партрэты нашых сучасьнікаў, што зусім нядаўна пакінулі гэты сьвет.

Пачынаюцца «Імёны Свабоды» з эсэ пра Тадэвуша Рэйтана — палітыка, які выступіў супраць ганебнага расейскага пратэктарату над Вялікім Княствам Літоўскім і першага падзелу Рэчы Паспалітай. Гэта першы беларускі палітык, які абвесьціў галадоўку пратэсту — супраць пастановы сойму пра перадачу ўсходніх беларускіх земляў Расейскай імпэрыі.

«Мае героі змагаліся — і гэта іх аб’ядноўвае — за свабоду ў самых розных яе іпастасях, у самых розных вымярэньнях і ўвасабленьнях, за свабоду слова, свабоду сумленьня, свабоду творчасьці, урэшце — за свабоду і незалежнасьць гэтай зямлі, за права пачувацца на гэтай зямлі ня госьцем, а гаспадаром. А кніга завяршаецца аповедам пра маю незабыўную бабулю Аўгіньню Дзянісаву. Яна па-свойму змагалася за свабоду, яна не прымала той хлусьні, якая лілася тады, у часы майго дзяцінства, з радыёрэпрадуктараў (тэлевізараў яшчэ не было). Яна заўсёды іранічна камэнтавала выступы Хрушчова, іншых правадыроў. Яна казала: „Безумоўна, мы Амэрыку дагонім, бо босым бегчы хутчэй“. І без маёй бабулі не было б, безумоўна, пісьменьніка Арлова і не было б гэтай кнігі».​

Сярод герояў кнігі — Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Сяржук Вітушка, Арына Вячорка, Генадзь Грушавы, Анатоль Грыцкевіч, Юры Гумянюк, Віктар Івашкевіч, Арлен Кашкурэвіч, Пётар Марцаў, Казімір Сьвёнтак, Віталь Сіліцкі, Галіна Сямдзянава, Міхась Чарняўскі, Міхал Шарамет...

Ёсьць у кнізе і «свабодаўцы» — мовазнаўца, журналіст Юрась Бушлякоў, паэтка, журналістка Тацяна Сапач, прафэсар-эканаміст Уладзімер Кулажанка. Адзін з апошніх тэкстаў — пра беларуса Міхаіла Жызьнеўскага, які загінуў на кіеўскім Майдане.

«Увогуле, усіх маіх герояў аб’ядноўваюць тры рэчы. Па-першае, яны змагаліся за свабоду. Па-другое, усе гэтыя людзі паўплывалі на мяне сваім асабістым прыкладам, нават калі паміж намі былі стагодзьдзі, альбо праз знаёмства, празь сяброўства, як гэта адбываецца з нашымі сучасьнікамі, якія ўжо, на жаль, сталі героямі маёй кнігі. Ну і трэці крытэр — гэта тое, жыцьцёвае кола, жыцьцёвы шлях усіх маіх герояў набыў ужо сваю завершанасьць», — кажа Ўладзімер Арлоў.

Вокладка кнігі

Вокладка кнігі

Самым складаным быў выбар імёнаў, бо насамрэч годных асобаў значна больш, прызнаецца аўтар. І гэта не энцыкляпэдычныя артыкулы, тут часам ёсьць месца і аўтарскай фантазіі, але ў вельмі дакладна вызначаных межах.

На пытаньне, ці былі героі «Імёнаў Свабоды» шчасьлівымі людзьмі, Уладзімер Арлоў адказаў так: «Заўсёды шчасьлівыя толькі ідыёты. Мае героі, безумоўна, перажывалі хвіліны, дні, можа быць, гады шчасьця. Але заўсёды яны не былі шчасьлівыя, бо не была шчасьлівая іх радзіма, дзеля якой яны жылі, працавалі, урэшце, аддавалі сваё жыцьцё».

Акадэмік Радзім Гарэцкі: «Я па-добраму зайздрошчу працавітасьці Арлова»

Радзім Гарэцкі

Радзім Гарэцкі

«Уладзімер Арлоў робіць надзвычай карысную, добрую справу. Па-першае, у яго цудоўны стыль: ён умее напісаць коратка, сьцісла, дасьціпна, але вельмі выразна, кранальна. Арлоў наагул — надзвычай адораны, таленавіты чалавек. Я па-добраму зьдзіўляюся і зайздрошчу ягонай працавітасьці — колькі ён пасьпявае напісаць і выдаць! Вось і цяпер вельмі хутка дадаў гісторыі пра яшчэ 40 нашых сучасьнікаў, герояў найноўшай гісторыі.

У першым выданьні спадар Арлоў напісаў і пра майго дзядзьку — Максіма Гарэцкага. Раіўся са мной. Стараўся адшукаць штосьці раней невядомае, знайсьці цікавыя дэталі, незвычайны ракурс. І яму гэта здорава ўдаецца».

Мікола Дземідзенка: «З гэтай кнігі я даведаўся пра бацьку маёй жонкі — Міхася Раманюка»

Мікола Дземідзенка

Мікола Дземідзенка

«Зь цікавасьцю я некалі прачытаў першае выданьне. Вельмі цікава і пазнавальна для мяне будзе пачытаць і наступнае. Дарэчы, першае выданьне ёсьць і ў маіх бацькоў, у многіх сяброў. Гэтая кніга вельмі ўразтіла мяне. Калі я яе чытаў першы раз, я яшчэ вучыўся на гістфаку, здаецца, у далёкім 2007 годзе. І пісьменьнік Уладзімер Арлоў ладзіў у нас прэзэнтацыю. Кніга вельмі спадабалася менавіта тым, што гэта проста цэлая энцыкляпэдыя імёнаў, многія з каторых я проста ня ведаў. Для мяне гэта пашырыла кола, так бы мовіць, беларушчыны. Бо да гэтага мне падавалася, што ў нас усіх выбітных асобаў ведаюць, і пазнаваць ужо няма чаго, асабліва ў найноўшай гісторыі. Кніга адкрыла для мяне калясальную колькасьць людзей, пра якіх я толькі чуў, магчыма, сустракаў у іншых кнігах, але не зьвяртаў увагі. Спадар Уладзімер даў там даволі цікавыя старонкі біяграфій, нечаканыя павароты лёсаў.

Больш за тое, калі я пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай, і мне было вельмі сорамна: я ня ведаў, хто ў яе бацька (жонка Міколы Дземідзенкі — мастацтвазнаўца Алеся Раманюк, дачка славутага беларускага мастацтвазнаўцы і этнографа Міхася Раманюка). Яна проста параіла мне адкрыць „Імёны Свабоды“ і пачытаць.

Я чытаў пра прэзэнтацыю, і ўжо абмеркавалі з жонкай, што абавязкова на яе пойдзем і набудзем новае выданьне».

Гісторык Валянцін Голубеў: «Арлоў робіць кнігу па-чалавечы, па-боску, вельмі сьветла»

Валянцін Голубеў

Валянцін Голубеў

«Увогуле, так як піша Ўладзя Арлоў, — гэта проста выдатна! Ён за што ні бярэцца, піша так, што яшчэ лепш засвойваюць гісторыю і гісторыкі, і простыя людзі. А тое, што Ўладзімер Арлоў узяў на сябе такі ганаровы і вельмі адказны абавязак — напісаць пра знакамітых беларусаў, у тым ліку і тых выбітных людзей, якіх мы цудоўна ведалі, якія нядаўна ад нас пайшлі — гэта вельмі добрая справа. І ён яе робіць па-чалавечы, па-боску, вельмі сьветла. І ён змог паказаць і ў тых людзях, якія жылі вельмі і вельмі даўно, і ў тых, хто жыў з намі, самыя лепшыя, самыя добрыя якасьці. І зрабіць так, каб гэтыя людзі працягвалі жыць у нашай памяці, сярод нас як прыклад, як сымбалі беларускасьці, незалежнасьці і нашай дзяржаўнасьці».

Прэзэнтацыя 52-й кнігі бібліятэкі Свабоды — «Імёны Свабоды» — адбудзецца 11 красавіка а 19-й гадзіне ў сталічнай галерэі «Ў».

Песьні на вершы паэтаў — герояў кнігі — выканае Зьміцер Бартосік. Уваход вольны.

Ужо цяпер кнігу можна прачытаць у PDF-выглядзе.

XS
SM
MD
LG