Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анісім абвясьціла пра выхад з прэзыдэнцкай кампаніі


Алена Анісім

Алена Анісім

30 чэрвеня Алена Анісім правяла адмысловую прэсавую канфэрэнцыю, падчас якой зачытала заяву ад імя групы грамадзян, што падтрымалі яе кандыдатуру на ўдзел у выбарчай кампаніі.

У заяве ў прыватнасьці гаворыцца:

«Год назад мы абвясьцілі аб гатоўнасьці вылучыць ад нацыянальна-патрыятычных сіл нашу кандыдатуру на выбарах прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Гэтае рашэньне было прадыктавана геапалітычнай сытуацыяй, калі адбыўся захоп часткі Ўкраіны і пачуліся закіды адносна такога ж лёсу і ў дачыненьні да Беларусі, а таксама нежаданьнем апазыцыі знайсьці паразуменьне і выйсьці на выбары з адзіным кандыдатам. Свае намаганьні мы канцэнтравалі на тым, каб кансалідаваць перакананых прыхільнікаў незалежнасьці і данесьці наш агульны голас да беларускай і міжнароднай грамадзкасьці, а таксама распачаць шырокі дыялёг з удзелам розных грамадзкіх слаёў па найбольш важных і неадкладных пытаньнях сучаснага разьвіцьця краіны. Быў праведзены ўсебеларускі кангрэс „За незалежнасьць“ і прыняты маніфэст у абарону незалежнасьці Беларусі. Улічваючы сказанае, а таксама адсутнасьць канкрэтных зьменаў у выбарчым працэсе, мы прыйшлі да наступных высноў: спыніць свой удзел у кампаніі па вылучэньні кандыдатуры на пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад нацыянальна-патрыятычных сіл у сёлетняй выбарчай кампаніі».

Алена Анісім паведаміла, што прыняцьце гэтага рашэньня для яе і яе прыхільнікаў было нялёгкім і сталася вынікам супольнага абмеркаваньня. Яна таксама пагадзілася з такім рашэньнем з прычыны ўсьведамленьня таго, што перамагчы на гэтых выбарах ня ўдасца. «А я прывыкла дамагацца перамогі ў справах, якімі займаюся», — падкрэсьліла Алена Анісім.

Адначасна Алена Анісім і яе прыхільнікі не спыняюць сваю працу па стварэньню ініцыятыўнай групы, якая будзе працаваць на наступныя прэзыдэнцкія выбары. Прысутны на прэсавай канфэрэнцыі Алег Трусаў падкрэсьліў, што неабходна распачынаць падрыхтоўку да выбараў на наступны дзень пасьля завяршэньня папярэдніх, дзеля таго, каб мець посьпех. Гэтыя ж выбары апазыцыяй не былі падрыхтаваныя. Ён таксама пагадзіўся з Уладзімерам Някляевым, што ня будзе эфэкту ад выбараў, калі ісьці на іх пяцьцю калёнамі з рознымі кандыдатамі. «Бо перамагчы на выбарах можна толькі з адзіным кандыдатам», падкрэсьліў Алег Трусаў.

Алена Анісім таксама паведаміла, што яна і яе прыхільнікі не атрымлівалі прапаноў ад ініцыятыўных груп іншых прэтэндэнтаў, каб далучыцца да іх працы. А калі яны паступяць, то рашэньне пра далучэньне да працы будзе прымацца супольна. Паводле Алега Трусава, таксама ня мае сэнсу і праца па фармаваньні ініцыятыўнай групы ў справе вылучэньня кандыдатам Міколы Статкевіча, паколькі ўлады маюць юрыдычныя падставы не дапусьціць рэгістрацыі гэтай групы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG